«Творчы кірмаш» сабраў грамаду ў Івянцы
Цудоўныя майстры — кавалі, разьбяры, мастакі, выбітныя самадзейныя артысты і знакамітыя выканаўцы, шэдэўры народнай творчасці і ветлівае сонечнае надвор’е сталі атрыбутамі першага «Творчага кірмашу», які 16 кастрычніка адбыўся ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці. На ім пабывалі больш за дзве тысячы гасцей. І гэта не ўлічваючы непасрэдных удзельнікаў сапраўды народнага свята.
Цудоўныя майстры — кавалі, разьбяры, мастакі, выбітныя самадзейныя артысты і знакамітыя выканаўцы, шэдэўры народнай творчасці і ветлівае сонечнае надвор’е сталі
атрыбутамі першага «Творчага кірмашу», які 16 кастрычніка адбыўся ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці. На ім пабывалі больш за дзве тысячы гасцей. І гэта
не ўлічваючы непасрэдных удзельнікаў сапраўды народнага свята.
Арганізавалі «Творчы кірмаш» Івянецкі музей традыцыйнай культуры (менавіта каля яго размясцілася сцэна, з якой потым выступалі мясцовыя і заезджыя творцы), а таксама Івянецкі
пасялковы Савет і цукеркавае прадпрыемства «Івкон».
Хоць урачыстае адкрыццё «Творчага кірмашу» мусіла пачацца апоўдні, яшчэ задоўга да гэтага каля адмысловай пляцоўкі цудадзеі народнага майстэрства ўжо выставілі свае стэнды, на якіх
можна было ўбачыць шмат прыгожых рукатворных вырабаў. Правядзенню свята паспрыялі і мясцовыя ўлады — непасрэдна побач з самім кірмашом размясціліся намёты са столікамі, дзе можна было
пакаштаваць найсмачнейшыя шашлыкі, смажні ды шмат што іншае, а таксама зрабіць на зіму садавінна-гароднінныя прыпасы.
На самым пачатку адбылася цырымонія асвячэння адрэстаўраванай капліцы Божай Міласэрнасці ў былой сядзібе Пятра Драгунцава. «Так склалася ў нас цяпер, што вобраз Езуса Міласэрнага вандруе па
хатах і напаўняе нашы сэрцы духам міласэрнасці, — сказаў падчас асвятлення ксёндз Лех Боханэк. — Гэта капліца была пабудаваная ў той час, калі Івянцом валодаў род Плявакаў. Таму
вітаем тут прадстаўніка роду Плявакаў — яго беларускай галіны Аляксандра Пляваку, які таксама прыбыў на гэту ўрачыстасць. Вітаю гасцей з Варшавы, вітаю ўсіх, хто дапамагаў у аднаўленні гэтай
капліцы, усіх жыхароў вуліцы Прамысловай, якія збіралі сродкі на скульптуру і актыўна дапамагалі, і ўсіх, хто спрычыніўся да гэтай справы». Пасля непрацяглага набажэнства людзі рушылі да
кірмашу.
«Тут, на гэтай сядзібе, сёння ўсе твораць. О, якое таемства! Прыйшлі з далёкіх княстваў розныя-розныя пілігрымы абудзіць у нас тое, чаго хаваем, з чым не згаджаемся, пра што маўчым. Дык
хадзеце, будзем тварыць!» — заклікала гасцей і ўдзельнікаў свята вядоўца і адна з арганізатараў «Творчага кірмашу» паэтка, этнограф і культуролаг Антаніна
Хатэнка.
Сам кірмаш складаўся з асобных тэматычных міні-кірмашыкаў. Прычым кожны з гасцей мог не толькі набыць ужо гатовыя творы мастацтва альбо кустарную прадукцыю народных майстроў, але і сам паспрабаваць
сябе ў ролі разьбяра, ткача, каваля ці кухара, намаляваць карціну ды ўвогуле знайсці сабе справу па душы.
Тут жа мясцовыя «самародкі» ўжо даволі прафесійна займаліся ткацтвам, маляваннем, разьбой па дрэву. Уладзіславу Ярашэвічу толькі споўніўся 21 год, але ён ужо дасведчаны каваль, які
займаецца гэтай не зусім тыповай для сучаснай моладзі справай адносна працяглы час.
«Мяне прыцягвае метал, ён мяне нібы падштурхоўвае, каб я працаваў з ім, — кажа маладзён. — У нагрэтым стане метал — нібы пластылін, яго можна ляпіць, а я вельмі
люблю скульптуры… У мяне хтосьці з продкаў быў кавалём, відаць, таму мяне цягне да гэтай справы. Упершыню я паспрабаваў кавальства больш за год таму на адным са святаў, мне вельмі
спадабалася, і цяпер я стала гэтым займаюся. Я спадзяюся, што гэта будзе не толькі маё хобі, але я збіраюся зарабляць гэтым грошы і нават навучаць іншых працаваць з металам. А ўвогуле, кавальства
— гэта ж старажытная традыцыя для беларусаў. Тут вось і ўхваты для чыгункоў, качырожкі, тыя ж падковы, так што кавалі — самыя сапраўдныя беларусы!»
На «Творчым кірмашы» можна было і прадэгуставаць цукеркі вытворчасці аднаго з арганізатараў — прадпрыемства «Івкон». І пашукаць сабе жонку на адмысловым
жартаўлівым вясельным кірмашыку. У каго бракавала грошай, той, каб не застацца галодным і не страціць прытомнасць ад неверагодных шашлыковых пахаў, мог бясплатна пачаставацца рысавай кашай з
ваенна-палявой кухні.
А вось фальклорны калектыў «Дубінскія фанабэры» прывёз на кірмаш не толькі сваю творчасць, але і багата чаго іншага: і сала хатняе, і салаткі самаробныя, і разнасолы разнастайныя, і
нават «жывую вадзіцу», ужыўшы якую, цяжка было выдахнуць, бо была гэтая вадзіца моцнасцю градусаў так пяцьдзесят, калі не болей.
Усе ахвотныя за сімвалічны кошт у 500 беларускіх рублёў маглі пракаціцца на павозцы праз увесь Івянец, дзе, дарэчы, ёсць што паглядзець, ці асядлаць кабылку ці коніка. А потым былі выступы народных
калектываў, асаблівую цікавасць выклікала імпрэза з удзелам чальцоў рыцарскіх клубаў, што ў гэтым месцы і ў гэты час было вельмі і вельмі дарэчы. Парадавалі сваімі выступамі і гурты, у тым ліку
«Джамбібум», і, натуральна, хэдлайнер, калі толькі гэтае слова дарэчы на івянецкага кірмашы, спявак і кампазітар Зміцер Вайцюшкевіч.
Арганізатары і госці выказалі спадзяванне, што «Творчы кірмаш» у Івянцы стане добрай традыцыяй. Чаго яму і жадаем.