У Беларусі паўстала новая калабарацыя. Але яна не мае будучыні

Гіганцкая праблема ўсёй нашай грамадзянскай супольнасці палягае не толькі і перад усім не ў суіснаванні з гвалтоўнай аўтарытарнай дзяржавай, а яшчэ ў тым, што мы да нядаўняга часу не мелі памяці, грамадзянская супольнасць не помніла сваіх ворагаў, катаў, лёгка даравала, забывала. Наша грамадзянская супольнасць да 2020 года была папросту добрая.

Ілюстрацыйнае фота аўтарства Дзмітрыя Дзмітрыева («Новы Час»)

Ілюстрацыйнае фота аўтарства Дзмітрыя Дзмітрыева («Новы Час»)


Усё змянілася раптам у канцы лета 2020 года, калі ў чарговы раз дыктатура паспрабавала абдурыць грамадства. Але яна не ўлічыла, што мінулі часы, калі беларусы былі занадта даверлівымі, і што варта даўно было падумаць аб сваім зыходзе — яшчэ пасля падзей 2010 года, калі дыктатура рэанімавала такую з'яву, як новая калабарацыя. Цяпер гэты панятак больш не зарэзерваваны выключна за ваеннай эпохай. Калабарацыя таксама мае на ўвазе ўсялякую супрацу з гвалтоўным, крывавым і нелегітымным рэжымам. Так, пасля вайны ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе нароўні з класічным разуменнем калабарацыі як супрацы з акупанцкімі ўладамі паўстаў альтэрнатыўны панятак: супраца мясцовых чыноўнікаў, партыйных дзеячаў з савецкімі ўладамі. І зноў усім вядомы лёс тых калабарантаў. Ніхто не дзівуецца публічнаму ганьбаванню гэтых асоб: у грамадстве прымаюцца люстрацыйныя законы, былыя каты, забойцы, пасіўныя змоўнікі асуджаюцца.
У беларускай гісторыі 21-га стагоддзя побач з ваеннай калабарацыяй у 20-м стагоддзі паўстала новая цяперашняя калабарацыя з дыктатурай, калі тысячы чыноўнікаў, службоўцаў, вайскоўцаў калабаруюцца з нелегітымнай сістэмай, рэжымам. Санкцыі і спіс неўязных, уведзеныя Бруселем, — гэта не толькі дэмарш сімвалічны, які часткова ўсё ж абмяжоўвае аўтарытарную сістэму, але перад усім гэта рэальны знак і азначэнне гэтай самай новай калабарацыі. Гэта дапамога беларускай грамадзянскай супольнасці пабачыць арыенціры, выпрацаваць пэўную стратэгію дзеяння. Чаму ж здзіўляюцца дэпутаты, урадаўцы, старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі ўвядзенню гэтых спісаў? Яны ж не здзіўляюцца ганьбаванню ваенных калабарантаў? Яны асуджаюць іх. А тут яны і самі раптам ці цалкам натуральна аказаліся на месцы калабарантаў. Паралелі навідавоку, хоць і маюць яны іншы ідэалагічны разрэз. За супрацу з нелегітымным рэжымам трэба плаціць, за замоўчванне, халатнасць, за невыкананне прафесійных абавязкаў, якія парушаюцца ідэалагічным чыннікам, за несыход з працы, за ўшчаперанне за ўладу, пасаду, грошы трэба плаціць. Трэба будзе заплаціць.
Лекар, які не лекуе, а перадае, спісвае рэальна хворага спецслужбам; cтаршыня Цэнтрвыбаркама, якая малюе лічбы, патрэбныя дыктатару; суддзя, што выносіць палітычны вырак; рэктар ці дэкан, які адлічвае студэнта па палітычных матывах; міліцыянт, які крыва сведчыць у судзе ды яшчэ хаваецца за падшаломнікам; святар, які заплюшчвае вочы на гвалт; журналіст, які піша не аб’ектыўны артыкул, а адсябечаны памфлет ці замоўлены ўладамі артыкул; дэпутаты, якія за адну хвіліну галасуюць без разваг і па ўказцы за пэўны закон і моўчкі назіраюць за гвалтам сілавікоў — усё гэта прадстаўнікі новай калабарацыі.
У брусельскім і асобным балцкім спісах занатаваныя асноўныя, але далёка не ўсе прадстаўнікі калабарацыянізму. Беларускай грамадзянскай супольнасці яшчэ варта ўдакладняць і істотна пашыраць гэты спіс: варта занатоўваць імёны, прозвішчы ўсіх актыўных і пасіўных калабарантаў, па магчымасці фатаграфаваць іх і ствараць своеасаблівыя альбомы, каталогі калабарантаў, размяшчаць іх у сеціве, захоўваць. Балазе, у лічбавую эпоху занатоўваць, збіраць доказы калабарацыі — справа лёгкая, калабаранты і калабаранткі адбітыя на мільёнах здымках, якія адвечна захоўваюцца цяпер у сеціве. Грамадзянскай супольнасці варта станавіцца часам злапамятнай і быць ідэальна падрыхтаванай да судоў у хуткай будучыні.
Калі на першы погляд тактыка грамадзянскай супольнасці па стварэнні каталогаў калабарантаў падаецца слабой, то яна можа вельмі дапамагчы ў будучыні. Пры гэтым такая спроба можа мець псіхалагічны ўплыў на некаторых калабарантаў і спыніць іх у будучыні, бо яны разумеюць, што супраца і замяшанне ў нячыстых справах, па-першае, будуць калісьці даведзеныя грамадству і дэмакратычным судам, а, па-другое, гэта кладзецца ценем на іх родных, блізкіх.
Такім парадкам, новая калабарацыя не мае будучыні — як заўсёды зведвала паразу і старая калабарацыя. Прыклады любой калабарацыі вучаць аднаму: дыктатуры знішчаюцца, і нават калі дыктатары паміраюць самі, дзясяткі тысяч дыктатарскіх прыслужнікаў жорстка пераследуюцца, асуджаюцца на пажыццёвыя тэрміны, пазбаўляюцца грамадзянства, правоў і проста трапляюць у забыццё (выкідаюцца з памяці, кніг, энцыклапедый і пад.). Дзясяткі тысяч пасіўных калабарантаў ці сваякоў калабарантаў, якія ведалі і маўчалі, пазбаўляюцца прывілеяў, пенсій і люднага стаўлення. Пры гэтым доўгая калабарацыя можа прывесці ў будучыні да яшчэ адной з'явы, якой не спыніць нават будучаму дэмакратычнаму рэжыму — індывідуальнай помсты. Гвалт дыктатуры ўжо спарадзіў фізічную, а яшчэ больш псіхалагічную траўмаванасць вялікай часткі насельніцтва. З'яву помсты ніяк не прадугадаць, але прыклады былых дыктатур і калабарацый дэманструюць частыя індывідуальныя расправы з былымі калабарантамі ці іх сем'ямі. І гэта таксама ўсё спарадзіў і запусціў у свет рэжым дыктатуры. Гісторыя калабарацыі багатая на розныя прыклады расправы людзей з калабарантамі: ад простага малявання літары «К» на дзвярах кватэры да аблівання калабарантаў фарбай ці кіслатой, прымусовага галення нагала ды іншага псіхалагічнага і фізічнага гвалту.
Узгадайма сучасны прыклад Тунэзіі. Зладжаная аўтарытарная сістэма рынулася, і ўвесь свет назіраў, які лёс напаткаў калабарантаў рэжыму Бэна Алі. І хоць сам Бэн Алі ўцёк і памёр у выгнанні, тысячы «бэн-алятаў» сядзяць у турмах, выплачваюць штрафы, пазбаўленыя ліцэнзій і права выконваць прафесію адваката, выкладчыка ці любую іншую публічную прафесію.
Анідзе калабаранты не маюць будучыні, у тым ліку і ў Беларусі, а пакуль лютуе іх рэакцыя на тое, што грамадзянская супольнасць Беларусі ўсё ж існуе, новая, прадэмакратычная Беларусь у чарговы раз прыняла баявы хрост падчас апошніх прэзідэнцкіх сфальсіфікаваных выбараў.
Праўда, ёсць прынцыповае станоўчае сёлетняе адрозненне ў рэакцыі грамадства на чарговую фальсіфікацыю дыктатара: нарэшце грамадзянская супольнасць салідарызавалася і навучылася быць прынцыповай і злапамятнай. Лозунг, які лунаў у паветры падчас жнівеньскіх маніфэстацый у 2020 годзе, — «Не забудзем — не даруем!» — гэта пачатак важных, хоць, мажліва, і нябачных пакуль трансфармацый.