«Мы былі не людзі, а яны пачуваліся багамі» (відэа)
Кампанія байкераў сабралася папіць кавы ў сталічным раёне Уручча, але месца, куды яны хацелі пайсці, было зачыненае. Тады кампанія вырашыла паехаць у іншую кавярню. Яны праехалі літаральна колькі метраў, як перад імі з’явілася машына ДАІ. Выскачылі людзі ў форме ДАІ, сталі забіраць ключы і крычаць, каб усе злезлі з матацыклаў. Адзін даішнік дастаў табельную зброю. «Белсат» публікуе гісторыю байкера Дзяніса, які замест кавярні трапіў на Акрэсціна.
Відэа з Дзянісавым затрыманнем абляцела ўсе сацыяльныя сеткі яшчэ да таго, як ён апынуўся на волі. Мужчына разам з іншымі байкерамі сабраўся папіць кавы ў сталічным раёне Уручча, але месца, куды яны хацелі пайсці, было зачыненае. Тады кампанія вырашыла паехаць у іншую кавярню. Яны праехалі літаральна колькі метраў, як перад імі з’явілася машына ДАІ. Выскачылі людзі ў форме ДАІ, сталі забіраць ключы і крычаць, каб усе злезлі з матацыклаў. Адзін даішнік дастаў табельную зброю. Дзяніс да апошняга быў упэўнены, што тыя правераць дакументы і адпусцяць, але дакументы нікога не цікавілі.
Матацыклісты селі на бардзюр, іх сталі збіваць. Потым начапілі кайданкі ды адвезлі на аўтамабілях ДАІ ў Першамайскае УУС Мінска. Там завялі ў спартыўную залу, прымусілі ўкленчыць і ўперціся лбом у падлогу. Крычалі: «Колькі вам плацяць?» На сцверджанні Дзяніса, што ён не быў ні на якім мітынгу, гучаў адказ: «Ты трапіў не ў той час не ў тое месца». Амаль суткі прабыў ён у аддзяленні міліцыі.
Калі на Акрэсціна людзей размяркоўвалі па камерах і прагулачных дворыках, Дзяніса некалькі разоў ударылі — так супрацоўнікі падганялі затрыманых. Ён трапіў у дворык з больш як сотняй іншых мужчын. За сцяной было чуваць гукі збівання і крыкі: «Я люблю АМАП!» За суткі на паўтары сотні чалавек з яго дворыка выдалі два боханы хлеба. Увесь гэты час Дзяніс правёў на нагах.
На судзе Дзяніса абвінавацілі ў тым, што ўдзельнічаў у мітынгу, — у іншым месцы. Крычаў «Жыве Беларусь», «Вусаты прусак». На аргументы Дзяніса пра тое, што затрымалі яго ў іншым месцы, пра што нават у інтэрнэце ёсць відэа, адказалі стандартна: «Няма падстаў не давяраць работнікам міліцыі». Судовая пастанова — 6 сутак арышту.
Пазней Дзяніса з іншымі затрыманымі вывелі ў двор, бо планавалі перавозіць. Мужчына ніколі не чакаў аўтазака гэтак моцна, як у той дзень. Ён марыў хутчэй легчы на нары і адпачыць.
Этапавання яны так і не прычакалі, і пад ноч Дзяніса з іншымі выпусцілі з Акрэсціна. Аднак выходзіць было страшна: ён не ведаў, што там чакае, «можа, яшчэ ў якія аўтазакі пасадзяць і яшчэ кудысьці павязуць».