У Расіі хочуць прызваць 1,2 мільёна чалавек — «Медуза»

У расійскае войска збіраюцца прызваць 1,2 мільёна чалавек. Такую лічбу паведаміла крыніца расійскаму сайту «Медуза». У Маскве план мабілізацыі — да 16 тысяч. Ахвяраў у асноўным будуць шукаць у рэгіёнах.

Ілюстрацыйнае фота ТАСС

Ілюстрацыйнае фота ТАСС

Журналісты «Медузы» паспрабавалі даведацца, якую колькасць расіян улады РФ збіраюцца «мабілізаваць».

У рамках «частковай мабілізацыі» ў Расіі збіраюцца прызваць у войска 1,2 мільёна чалавек. Пра гэта «Медузе» распавяла крыніца, блізкая да аднаго з федэральных міністэрстваў. Адначасова з гэтым крыніца «Медузы», блізкая да кіраўніцтва Масквы, паведаміла, што ў сталіцы плануюць мабілізаваць да 16 тысяч чалавек. Гэтую інфармацыю пацвердзіла крыніца, блізкая да аднаго з федэральных міністэрстваў. У Пецярбургу прызваць збіраюцца 3,2 тысячы чалавек, дадала крыніца, блізкая да паўнамоцнага прадстаўніка Паўночна-Заходняй федэральнай акругі.

Суразмоўца, блізкі да аднаго з федэральных міністэрстваў, адзначыў, што з абласных цэнтраў «рэкамендавалі набіраць па мінімуму». Ён дадаў: «Ідуць па сельскіх раёнах, там няма СМІ, апазіцыі і большая падтрымка [вайны]».


Нагадаем, як пісаў НЧ, міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу 21 верасня пасля абвяшчэння мабілізацыі казаў, што ў войска збіраюцца прызваць 300 тысяч рэзервістаў. Але гэтыя лічбы выклікалі недавер з самага пачатку, таму што колькасць прызыўнікоў была пазначаная ў сёмым пункце адпаведнага ўказа Пуціна. А гэты пункт быў засакрэчаны.

«Новая газета. Еўропа» 22 верасня паведаміла са спасылкай на крыніцу ў Адміністрацыі прэзідэнта РФ, што ў сёмым пункце гаворыцца пра мабілізацыю да мільёна чалавек. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў назваў гэтую інфармацыю ілжывай, хоць не называў дакладную колькасць. «Адзінае, што я магу сказаць, што Сяргей Кужугетавіч Шайгу ў сваім інтэрв'ю сказаў: “300 тысяч чалавек”. Вось там ідзе гаворка аб колькасці да 300 тысяч чалавек», — заявіў тады прадстаўнік Крамля.