«Новая газета. Еўропа»: Засакрэчаны пункт указа Пуціна аб мабілізацыі дазваляе прызваць мільён чалавек

Напярэдадні на сайце партала прававой інфармацыі быў апублікаваны скан указа Уладзіміра Пуціна аб увядзенні ў Расіі «частковай мабілізацыі». Сёмы пункт указа пазначаны паметай «для службовага карыстання», што, вядома, выклікала пытанні.

mobiliz_protest.jpg


Пазней, адказваючы на пытанні журналістаў, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў засакрэчаным пункце ідзе гаворка пра колькасць рэзервістаў, якіх могуць прызваць на вайсковую службу. «Адзінае, што я магу сказаць, што Сяргей Кужугетавіч Шайгу ў сваім інтэрв'ю сказаў: “300 тысяч чалавек”. Вось там ідзе гаворка аб колькасці да 300 тысяч чалавек», — удакладніў Пяскоў.

Суразмоўца «Новай газеты. Еўропа» ў Адміністрацыі прэзідэнта Расіі паведаміў, што засакрэчаны сёмы пункт указа аб мабілізацыі дазваляе Мінабароны мабілізаваць адзін мільён чалавек.

Суразмоўца выдання распавёў, што спачатку абмяркоўвалася пытанне накладання грыфа «для службовага карыстання» на ўвесь тэкст указа цалкам — за гэта выступалі прадстаўнікі Мінабароны. Пазней, па словах крыніцы, было прынята рашэнне схаваць пад грыфам толькі сёмы пункт, у якім сапраўды ішла гаворка аб колькасці тых, хто павінен быць мабілізаваны.

«Лічбу некалькі разоў папраўлялі, і ў выніку спыніліся на мільёне», — удакладніў суразмоўца выдання.

Для пацвярджэння гэтай інфармацыі «Новая газета. Еўропа» паспрабавала таксама звязацца з органамі выканаўчай улады, якія, як правіла, атрымліваюць поўныя тэксты ўказаў прэзідэнта, у тым ліку з грыфам «для службовага карыстання». Паводле паведамленняў крыніц у некалькіх міністэрствах, поўны тэкст указа да іх не паступаў і ўбачыць яго праз МЭДА (сістэма міжведамаснага дакументаабароту) няма магчымасці.

«Са свайго доступу ў МЭДА я бачу такі ж тэкст, як і ўсе: сёмы пункт скрыты», — распавёў дырэктар дэпартамента ў адным з міністэрстваў.


«Новая газета. Еўропа» падкрэслівае, што грыф «для службовага карыстання» з'яўляецца першым, самым верхнім узроўнем катэгарызаваных дакументаў, згодна з заканадаўствам Расіі. За яго разгалошванне, у адрозненне ад дакументаў пад грыфамі «сакрэтна», «цалкам сакрэтна» і вышэй, як правіла, надыходзіць толькі дысцыплінарная або адміністрацыйная адказнасць.