Ізраіль гатовы вывезці расійскіх габрэяў на фоне абвешчанай мабілізацыі
Прэм'ер-міністр Ізраіля Яір Лапід і кіраўнік ізраільскай авіякампаніі El-Al правялі кансультацыі з нагоды магчымага павелічэння колькасці рэйсаў з Расіі ў Ізраіль. Мэта — вывезці расіян, якія маюць права на рэпатрыяцыю ў Ізраіль і жадаюць пазбегнуць мабілізацыі на вайну ва Украіне.
Генеральны дырэктар МЗС Ізраіля Алон Ушпіц заявіў, што па распараджэнні ўрада ў краіне пачалася падрыхтоўка да прыбыцця новай хвалі рэпатрыянтаў.
«Прэм'ер-міністр і міністр замежных спраў Яір Лапід даручыў нам прымаць новых імігрантаў з Расіі. Гэта патрабуе ацэнкі на многіх узроўнях, ад пералёту да ўязных віз і прыёму ў краіне. Мы працуем у цесным супрацоўніцтве з іншымі міністэрствамі, нашым пасольствам у Расіі і, вядома ж, з кампаніяй El-Al», — сказаў Ушпіз, піша ВВС.
Ізраіль — адна з нешматлікіх краін, якая і сёння падтрымлівае паветраны шлях зносін з Расіяй пасля ўвядзення міжнародных антырасійскіх санкцый.
Нагадаем, учора Уладзімір Пуцін абвясціў у краіне «частковую мабілізацыю». Плануецца, што ў войска забяруць каля 300 тысяч чалавек.
На фоне гэтай навіны расіяне пачалі пакідаць сваю краіну. Прынамсі, квіткі з Масквы ў Мінск на самалёты і цягнікі былі раскуплены за гадзіну.
Самым папулярным запытам у Google стаў «Як з’ехаць з Расіі».