Юлія Латыніна: Пуцінскі балаган, які ён называе войскам, чакае татальны разгром
Войска Пуціна чакае разгром. Мабілізацыя толькі набліжае крах яго архаічнага войска, сабранага па сярэднявечных прынцыпах, лічыць публіцыстка Юлія Латыніна.

Свой аналіз складу расійскай арміі Юлія Латыніна правяла ў калонцы, напісанай адмыслова для тэлеграм-канала «Можам патлумачыць».
Пуцін ператварыў Расію ў змесціва сваёй валізкі, сам паверыў уласным байкам і вырашыў, што ў яго ёсць армія, каб разбіць Украіну.
Ну а чым жа на справе з'яўляецца армія Пуціна? Давайце хоць бы палічым, з колькіх падраздзяленняў складаецца яна на сёння:
- прызыўнікі, неабстраляныя і нявопытныя, выцягнутыя з офіса «Ашчадбанка»;
- добраахвотнікі, лёс якіх ужо паказаў трэці корпус;
- кантрактнікі, якіх завабілі на выгадную працэнтную стаўку па іпатэцы;
- данецкае апалчэнне, якое выкарыстоўваецца як гарматнае мяса;
- вагнераўцы, падкантрольныя асабіста Пуціну;
- кадыраўцы, непадкантрольныя нікому, акрамя Кадырава;
- і яшчэ некалькі груп, якія вы, напэўна, зможаце самі дадаць да гэтага гераічнага спісу.
Ну добра такое магло быць у войску цара Ксеркса! Там маглі ўжыцца персідская кавалерыя, арабы на вярблюдах, лівійцы на калясніцах, а яшчэ сорак сем іншых этнічных груп з уласнай амуніцыяй і ваеннымі звычаямі. Але на двары XXI стагоддзе. Сучасная армія сёння — гэта адзіная скаардынаваная сіла, што кіруецца па сеткацэнтрычным прынцыпе з цэнтра камандавання, які мае доступ да актуальнай інфармацыі аб тым, што адбываецца на поле бою.
Пуцінскі ж ваенны Змей Гарыныч з дзясяткам галоў, якія не чуюць адна адну, да сучаснай арміі ніякага дачынення не мае.
Пра што кажа наяўнасць такой колькасці раз'яднаных падраздзяленняў? У першую чаргу пра недахоп улады для рэформы асноўнай арміі. Як асманскія султаны, не маючы сродкаў для рэформы янычараў, стварылі паралельныя ім падраздзяленні, так і Пуцін, не маючы рэальнай палітычнай сілы для кантролю войска РФ, стварыў «Вагнер», кадыраўцаў, данецкае апалчэнне і батальёны зэкаў.
Скончыцца гэта можа толькі паражэннем. Сярэднявечнае войска магло складацца з элітных рыцараў, наймітаў і сялян з рагацінамі, але сёння такая галіністая структура непазбежна вядзе да краху. Яна проста не ў стане канкурыраваць з дысцыплінай арміі Украіны і яе пранізлівымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Пуцінскі балаган, які ён называе сучаснай арміяй, чакае татальны разгром, і мабілізацыя гэты непазбежны фінал толькі наблізіла.