У рэйтынгу «заходніх» краін былога СССР Беларусь — адна з самых савецкіх.
Амерыканскія эксперты змясцілі Беларусь ў рэйтынгу вестэрнізацыі краін былога СССР ніжэй Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана і ўсіх еўрапейскіх постсавецкіх дзяржаў.
Лідэры і аўтсайдэры
Самымі «заходнімі» апынуліся краіны Балтыі. Пра гэта гаворыцца ў даследаванні амерыканскага Стратэгічнага цэнтра палітычных і дыпламатычных рашэнняў (StrategEast).
У даследаванні разглядалася 14 дзяржаў — Расію ў спіс не ўключалі. Беларусь у рэйтынгу StrategEast размясцілася на 11-м месцы. Ніжэй апынуліся толькі Узбекістан, Таджыкістан і Туркменістан.
Эстонія ў рэйтынгу амерыканскіх экспертаў набрала 93 балы са 100, Літва — 85 балаў. На трэцім месцы — Латвія з 82 баламі. Беларусь у рэйтынгу набрала ўсяго 31,5 бала.
Вестэрнізацыяй (ад англ. Western — заходні) называюць перанос структур, тэхналогій і ладу жыцця заходніх (еўрапейскіх) таварыстваў у незаходнія.
Складаючы рэйтынг, даследнікі ацэньвалі палітычную, эканамічную, юрыдычную, культурную сітуацыю і лад жыцця. Па першых трох з гэтых параметраў эксперты ставілі ацэнку ад 1 да 25, па культурна-моўнай сітуацыі і ладзе жыцця максімальная адзнака складала 15 і 10 адпаведна.
Тэндэнцыі беларускай вестэрнізацыі
Палітычная вэстэрнізацыя Беларусі экспертамі была ацэненая ў 6,5 балаў. У каментары звярталася ўвага, што Беларусь па-ранейшаму мае шэраг пытанняў па выбарчым працэсе, няроўнасці перадвыбарчых агітацыйных умоў. У краіне, па дадзеных Freedom House, вельмі нізкі ўзровень дэмакратычнага прагрэсу; па дадзеных «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь застаецца адной з краін з найбольшымі абмежаваннямі свабоды слова, а па дадзеных Bertelsmann Transformation Index, дзяржава знаходзіцца ў групе «жорсткай аўтакратыі».
Юрыдычная вэстэрнізацыя Беларусі атрымала ацэнку 5,5 бала. Сярод асноўных прэтэнзій — ігнараванне рэкамендацый Венецыянскай камісіі.
Найбольшую адзнаку — 9 балаў — атрымала эканамічнае «заходніцтва». Адзначаецца, што Беларусь так і не стала сябрам СГА. Пры тым, што краіна ўваходзіць ва «Усходняе партнёрства», яна не імкнецца да падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. Акрамя таго, Беларусь не падпісала двухбаковае пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Еўрасаюзам. Разам з тым, падкрэсліваецца, што з 2015 года Беларусь дэманструе стабільныя пазітыўныя вынікі ў рэйтынгу Сусветнага банка «Doing Business».
У моўнай і культурнай сферы Беларусь атрымала 6,5 балаў з 15 магчымых. Эксперты адзначылі павелічэнне выкарыстання беларускай мовы ў гарадской прасторы і з’яўленне назваў і інфарматыўных надпісаў, паказальнікаў на лацінцы і англійскай мове. Акрамя таго, улада ўсё больш кажа пра неабходнасць умацавання суверэнітэту. «У апошнія гады кіраўнік Беларусі ўсё часцей падкрэслівае значэнне беларускай мовы для самаідэнтыфікацыі грамадзян» — гаворыцца ў даследаванні.
Па ладзе жыцця беларусам прэтэнзій не вылучалася. Ацэнка ў гэтай сферы склала 4 бала з 9 магчымых.
Рэйтынг вестэрнізацыі краін былога СССР StrategEast
У ходзе даследавання разглядаліся звесткі, атрыманыя ў першай палове 2017 года і раней.
Паводле thinktanks.by