У Віцебску збіраюць подпісы супраць помніка княгіні Вользе: 7 аргументаў
Віцябляне заклікаюць гарадскія ўлады адмовіцца ад плянаў усталявання ў 2018 годзе помніка міфалагічнай заснавальніцы Віцебску княгіні Вользе і накіраваць прадугледжаныя на гэта грошы на сацыяльныя праекты ў сферы адукацыі, ЖКГ і жыллёвага будаўніцтва.
Калектыўны зварот грамадзян апублікаваны на сайце “Зручны горад”.
Інвестыцыйная праграма гораду Віцебска на 2018 год прадугледжвае выдзяленне бюджэтных сродкаў “на капітальны рамонт вуліцы Леніна з размяшчэннем помніка заснавальніцы гораду – роўнаапостальнай княгіні Вользе”. Мяркуецца, што толькі падрыхтоўка пляцоўкі пад помнік абыдзецца ў 1 млн. 150 тыс. рублёў. Пры гэтым раней, у адказе на электронны ліст віцебскай актывісткі Тацяны Севярынец, улады заяўлялі, што будаўніцтва помніка будзе ажыццяўляцца за кошт пазабюджэтных сродкаў.
"Помнікаманія" ў гарвыканкаме
“Такое ўражанне, што ў гарвыканкаме пачалася нейкая «помнікаманія», бо апошнім часам практыка ўсталявання ў Віцебску супярэчлівых з гістарычнага пункту гледжанья (патрыярх РПЦ Аляксей Другі, наўгародскі князь Аляксандар Неўскі) альбо недарэчных (“Залатая рыбка”) помнікаў праяўляецца выразна. Гарадскія ўлады адкрыта ігнаруюць меркаванні месцічаў і не прыслухоўваюцца да парадаў адмыслоўцаў. Горад пакрысе засмечваецца дзіўнымі скульптурамі”, — гаворыцца ў петыцыі.
Якія яшчэ аргументы высоўваюць аўтары супраць будаўніцтва помніка Вользе ў Віцебску?
1. Вольга не з'яўляецца заснавальніцай Віцебску
“Віцебскі летапіс запэўнівае, што старажытны Віцебск заснаваны ў 974-м годзе кіеўскай княгіняй Вольгай. Але паводле пісьмовых крыніц вядома, што Вольга памерла ў 968 годзе і праз шэсць гадоў ніяк не магла гэтага зрабіць”, – гаворыцца ў звароце. Аўтары, спасылаючыся на вядомых даследчыкаў, яшчэ раз тлумачаць, чаму адбылася блытаніна і як была прыдуманая "легенда-947"...
2. Вольга спляжыць зялёную зону ў цэнтры гораду
“Пад ногі княгіні Вользе кінуць увесь ландшафтны дызайн, распрацаваны для гэтага кутка – кусты ружаў, радочкі туй, пасадкі дэкаратыўных кустоў, «альпійскія горкі» і г.д.” – пішуць аўтары петыцыі, узгадваючы знішчаныя дрэвы падчас рэканструкцыі плошчы Перамогі ў Віцебску.
3. Постаць Вольгі – вельмі супярэчлівая
Прыгадваюць факты з летапісаў пра тое, як Вольга помсціла драўлянам за смерць мужа (паводле “Повести временных лет” спаліла 5 тыс. драўлян на магіле мужа падчас трызны).
4. Вольга – чужая для беларусаў
“Помнік праваслаўнай святой, кананізаванай у 1547 годзе ў Маскоўскім княстве, да якога нашыя продкі ня мелі ніякага дачынення, (…) будзе не аб’ядноўваць вакол сваёй постаці жыхароў горада, а толькі спараджаць новыя спрэчкі на рэлігійнай глебе”, – пішуць аўтары звароту.
5. Помнік трэба ставіць крывічам, а ня Вользе
Гэтак, напрыклад, гісторык Ігар Цішкін неаднойчы выказваў думку пра тое, што “Віцебск – горад, заснаваны крывічамі, дык калі ўжо і ставіць помнік, то трэба ставіць ім”.
6. Гістарычны цэнтар Віцебску – ахоўная зона
Таму змяненне знешняга выгляду гістарычнага цэнтру павінна планавацца з асаблівай асцярожнасцю, з абавязковым улікам меркаванняў аўтарытэтных гісторыкаў і мясцовых жыхароў.
7. Занадта дорага
“Мы ўпэўненыя, што нават тыя віцябляне, хто ня супраць, каб у Віцебску з'явіўся чарговы гістарычны помнік, падтрымаюць нас у тым, што цяпер ня час нават думаць пра такія дарагія праекты”, — гаворыцца ў звароце.
Аўтары петыцыі патрабуюць ад уладаў разгледзець апублікаваны зварот з выездам на месца, як гэтага патрабуе пункт 2 артыкула 22 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Збор подпісаў пад петыцыяй працягнецца да 28 красавіка. Потым зварот будзе накіраваны старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктару Нікалайкіну.
Зміцер Міраш, vitebskspring.org