У Мінску адкрыўся кругласутачны прытулак для жанчын і дзяцей, якія пацярпелі ад хатняга гвалту
Чарговы кругласутачны прытулак для пацярпелых ад хтаняга гвалту жанчын і іх дзяцей адкрыўся ў Мінску. Тым часам, як сцвярджаюць спецыялісты, у Беларусі, дзе праблема хатняга гвалту з'яўляецца актуальнай, такіх прытулкаў вельмі не хапае.
Новы прытулак (ці шэлтар, ад англійскага shelter — «надзейнае ўкрыццё») адкрыты міжнародным грамадскім аб'яднаннем «Гендарныя перспектывы» у
межах беларуска-аўстрыйскага праекта.
Як паведаміла БелаПАН pr-менеджар гэтай арганізацыі Святлана Мацкевіч, шэлтар размясціўся ў трохпакаёвай кватэры, дзе ёсць усё неабходнае для жыцця. Прытулак можа прыняць трох жанчын з дзецьмі, і
цяпер у ім ужо жывуць пяць чалавек. «Экстранна мы можам і чацвёртую жанчыну падсяліць, але будзе ўжо цесна — у нас ёсць рэзервовае месца для вельмі экстранных выпадкаў»,
— адзначыла Мацкевіч.
У шэлтары жанчыны могуць заставацца на працягу аднаго-трох месяцаў. Ім аказваецца дапамога псіхолага, юрыста і спецыяліста па сацыяльнай працы, прычым як у перыяд пражывання ў прытулку, так і пасля.
«Мы засяляем жанчыну спачатку на месяц, і калі ёсць неабходнасць і яна экстранна ўцякла, будуць выдзелены грошы на першыя часы, будзе забяспечана ежай, лекамі. Першыя экстранныя расходы мы
пакрыем», — сказала прадстаўнік арганізацыі.
Каб трапіць у прытулак, трэба звярнуцца на гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту: 8-801-100-8-801.
Паводле слоў Святланы Мацкевіч, недахоп прытулкаў для пацярпелых ад хатняга гвалту з'яўляецца сур'ёзнай праблемай для Беларусі. На сёння ў краіне дзейнічаюць усяго чатыры
кругласутачныя прытулкі: тры — у Мінску і адзін — у Лідзе (Гродзенская вобласць). Акрамя таго, пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёсць 74 так званыя
крызісныя пакоі, але там нельга знаходзіцца кругласутачна.
Тым часам аналіз зваротаў на «гарачую лінію» пацярпелых ад хатняга гвалту сведчыць пра актуальнасць гэтай праблемы ў Беларусі.
У 95% выпадкаў ахвярай хатняга гвалту становяцца жанчыны, траціна з іх — ва ўзросце 27—40 гадоў, 55% — замужам, 19% — разведзены, 42% выхоўваюць адно дзіця і 32%
— двух дзяцей.
У 86% выпадкаў хатняга гвалту ў ролі агрэсара выступае мужчына, у 40% выпадкаў яго ўзрост — ад 27 да 40 гадоў. Часцей за ўсё агрэсар з'яўляецца мужам (45%) або былым мужам (13,5%)
пацярпелай.
Спецыялісты таксама адзначаюць, што за апошні год павялічылася колькасць зваротаў на «гарачую лінію» з рэгіёнаў Беларусі — цяпер званкі з рэгіёнаў складаюць 58% усіх
зваротаў.