Давер беларусаў да недзяржаўных СМІ за апошнія два гады ўзрос, а да дзяржаўных — знізіўся

Такія вынікі нацыянальнага апытання грамадскай думкі, праведзенага ў снежні 2012 года зарэгістраваным у Літве Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).



fbe52b7e9c43a5cda17a29d807e5c243_m.jpg

Апытанне ладзілася метадам face-to-face interview. Было апытана 1500 рэспандэнтаў ва ўзросце ад 18 гадоў. Памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 0,03.

 

Паводле апошняй справаздачы НІСЭПД, давер насельніцтва да недзяржаўных СМІ ў параўнанні з аналагічным апытаннем за снежань 2010 года вырас на 1,8%  — з 46,3% да 48,1%.

 

Аўтары даследавання дапускаюць, што такі невялікі рост даверу да недзяржаўных СМІ можа тлумачыцца спецыфікай фармулёвак. У апытанках 2010 года фігуравала пазіцыя “незалежныя СМІ", а зараз — “недзяржаўныя СМІ", а людзі схільныя больш давяраць “незалежным інстытутам" (кандыдатам), чым “недзяржаўным". Розніца пры гэтым можа дасягаць 4–6 пунктаў, — сцвярджаюць даследчыкі.

 

Давер жа беларусаў да дзяржаўных СМІ за гэты перыяд упаў на 14,8% — з 52,9% да 38,1%.

 

tablica1.jpg

Паводле вынікаў апытання, за апошнія два гады істотна знізіўся давер насельніцтва да ўсіх інстытутаў улады — у снежні 2012 года ніводны дзяржаўны орган улады не набраў больш за 50%. У сярэднім кожная галіна ўлады страціла 15% даверу рэспандэнтаў.

Пракаментаваць вынікі апытання прэс-служба ГА “БАЖ" папрасіла намесніцу старшыні арганізацыі, шэф-рэдактара газеты "Народная воля"Святлану Калінкіну:

— На маю думку, усё відавочна: людзі ў паўсядзённым жыцці бачаць адно, а праз дзяржаўныя СМІ ім даводзяць іншае. Гэтыя несупадзенні штодзённай рэальнасці і віртуальнай “карцінкі", пададзенай дзяржСМІ, і даюць падставы для недаверу.

Паколькі створаная імі віртуальная рэчаіснасць істотна розніцца ад рэальнага жыцця, то людзі глядзяць-чытаюць, але не вераць. І тут дзяржаўныя грошы выдаткоўваюцца марна.

Кажучы пра недзяржаўныя СМІ, я б патлумачыла невялікі рост даверу тым, што многія беларусы проста не маюць да іх доступу. Альбо нават не ведаюць пра іх існаванне...

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"