Віктар Марціновіч: Што я ненавіджу ў мінскіх кавярнях

Так, я памятаю, што яшчэ дванаццаць гадоў таму на праспекце ад Незалежнасці да Кастрычніцкай было 4 кавярні (самай атмасфернай з’яўлялася, відавочна, «Валерыя» aka «Філінз» з яе знакамітай кавай па-турэцку). Так, я разумею, што калі кавярневая культура ў горадзе паўстае за такі кароткі прамежак часу, хібы і недапрацовачкі непазбежныя. Але ведаеце, не трэба быць Хабермасам, каб убачыць простую сувязь паміж гарадской публічнасцю і тым, дзе і як людзі бавяць вольны час за кавай.



ysvxl_w600h500.jpg

Таму прашу ўспрымаць гэты тэкст не як енк чалавека, што «зажраўся» і «перасядзеў» у віленскіх кандытэрыях ды буланжэрыях. Спадзяюся, падсумаванне ўсіх слабых месцаў мінскіх кавярняў дапаможа ўладальнікам хутчэй выправіцца.

Вось спіс рэчаў, якія ўводзяць у шал у сталічных установах харчавання

• Калі ў «элітных» (паводле цэнніка) рэстаранах сталы стаяць у сярэдзіне залы і нехта ўвесь час ходзіць міма цябе, як на вакзале.

• Калі месцы ў інтэр’еры арганізаваныя адным блокам, так, што спінка твайго крэсла аказваецца адначасова спінкай крэсла таго, хто сядзіць ззаду. Ці шчыльнячком падпірае яго так, што кожны твой рух аддаецца і адчуваецца іншым чалавекам. Калі «напарнік» трапляецца спакойны — добра. Але калі ззаду сядае зухаваты, знерваваны хлапчук, лепей адразу плаціць і ісці прэч, пакуль не пабіліся.

• Калі дапіваеш шклянку соку і бачыш на донцы сляды напою, які нехта спажываў да цябе (часцей за ўсё — ссохлую рэшту малака).

• Калі на краю прынесенай табе талеркі заўважныя тлустыя сляды ад пальцаў: рукі повара ў алеі, ён паставіў талерку на дэск для афіцыянта, той проста перадаў яе табе, не зважаючы на тое, што талерка павінна быць прынамсі чыстай.

• Калі побач сядзіць кампанія, што гучна і смачна мацюкаецца. Зразумела, што твае суседзі, іх выхаванасць і далікатнасць — пытанне збегу абставінаў (і, як той бы сказаў, тваёй кармы). Але ёсць месцы, дзе ты проста абавязкова сутыкнешся з брыгадай пацаноў з Малінаўкі. Прычым незразумела, чаму яны заўсёды цягнуцца менавіта ў гэтую ядальню: інтэр’ер, святло, кухня, усё астатняе будзе дасканалым.

• Калі ў залі невыносна пахне кухняй. Людцы, вы патрацілі $70 000 на еўрарэмонт, дык пачасаліся б набыць прамысловыя выцяжкі, што цалкам выдаляюць усе пахі з памяшканняў! Пасля асобных мінскіх кавярняў, у тым ліку тых, што месцяцца ў самым цэнтры, на К. Маркса, вопратка яшчэ некалькі дзён пахне згарэлай лазанняй. Асабліва цікава нюхаць гэты феномен у месцах, уладальнікамі якіх з’яўляюцца літоўцы: паспрабавалі б яны такое вырабіць у Вільні, паглядзелі б, што пра іх казалі б праз тыдзень!

• Калі ў меню рэстарацыі ёсць сушы, ты іх замаўляеш, іх табе прыносяць. Ты чакаеш прыбораў, з’яўляецца дзевачка, якая вінавата паведамляе, што «няма палачак, скончыліся», і замест іх кладзе нож і відэлец (рэальны выпадак, пры неабходнасці магу назваць месца). Цікава, дарэчы, чаму відэлец, а не лыжка. Лыжкай жа таксама можна — узяў рол, зачарпнуў «падліўкі», праглынуў, падчапіў трохі васабі: у вёсцы елі б так.

• Наогул, уся мінская сушы-культура — асобная размова. Ад музыкі ў інтэр’ерах да кітайскіх ліхтарыкаў і вясельных іерагліфічных пажаданняў (!), набытых на Жданах дзеля аздаблення японскай рэстарацыі. Кітай, Японія — гэта ж побач, чо? Калі знаходзіш крабавую палачку замест крэветкі ў макі, нават ужо не здзіўляешся. Для людзей што тунец, што курыная кілбаса — адна і тая ж Японія. Чырвоны імбір звычайна выглядае зліплым камяком, чорны соус прыносяць ужо ў талерцы і г.д., любы японалюб можа працягнуць спіс. На гэтым тле радуюць асобныя кампаніі, якія дагэтуль трымаюць узровень, працуючы па дастаўцы без памяшканняў.

• Калі зала абсалютна пустая, але табе прапануюць сесці за барную стойку. Бо ты адзін, а раптам набяжыць натоўп есці, піць і рваць баяны, а ты тут цэлы столік заняў!

• Калі ты сядаеш за столік без таблічкі «Reserved», і табе паведамляюць, што ён зарэзерваваны. Калі ён зарэзерваваны, чаму не паклалі таблічкі?

• Калі ў пятніцу з трох гадзінаў дня на ўсіх століках стаяць таблічкі «Reserved», хоць час рэзервацыі звычайна пачынаецца з 19—19.30. Мне падабаецца, як гэта робяць у кавярні «Амата» на Маркса: побач з абвесткай «Reserved» кладуць цыдулку з часам, калі столік давядзецца вызваліць. Тое ж самае паведамляе — толькі ўжо непасрэдна кліентам — адміністратар у Newscafe. Такая практыка падаецца прыязнай і зразумелай.

• Калі ты замовіў каву, а афіцыянтка тупа і механістычна ў чацверты раз прапануе табе «а дэсерцік»? Калі б хацеў дэсерціка, замовіў бы дэсерцік. Але ж калі прыйшоў пачытаць кніжку за кубачкам капучына, навошта мне той дэсерцік?

• Калі ў прыбіральні няма гарачай вады. Вось можаце называць мяне снобам, але для мяне гэта прынцыповы індыкатар стаўлення да кліента: шмат якія мінскія кавярні месцяцца не ў жылых дамах, а ў адміністратыўным фондзе. У такія будынкі часцяком не падведзеная гарачая вада, але ніхто не замінае ўладальнікам патраціць $50 на індывідуальны бойлер. Калі бойлера няма, спрабуеш вымыць рукі з мылам, а холад прадзірае ажно да касцей. Такая ж самая сумнеўная эканомія, калі ў прыбіральні няма папяровых сурвэтак, каб выцерці рукі пасля таго, як вымыў іх. І даводзіцца абтрасацца, як той сабака пасля дажджу. У сэнсе душэўнасці клопату пра камфорт мыцця рук не магу не згадаць «Маю англійскую бабулю» — вось дзе дасканаласць!

• Калі афіцыянт, прымаючы замову, нічога не занатоўвае, і ты думаеш: во памяць у хлопца! Але ў выніку прыносяць зусім не тое, што ты прасіў.

• Калі замест аліўкавага алею ў салату наліты сланечнікавы.

• Калі повар-беларус, гатуючы стравы кітайскай, в’етнамскай, індыйскай ці тайскай кухні, шчодра дадае солі. Соль на Усходзе амаль не выкарыстоўваецца, калі не верыце — пачытайце, як робіцца салёным знакаміты японскі соевы соус.

• У меню дагэтуль сустракаецца слова «экспрэса». Адзін буйны банк цяпер з годнасцю рэкламуе аднайменныя крэдыты.

• Калі афіцыянт, атрымаўшы грошы па рахунку, не прыносіць рэшты. Прага атрымаць чаявыя — рэч зразумелая, але хто б навучыў беларускіх афіцыянтаў сусветнай практыцы: ты разлічваеш кліента, прыносіш яму рэшту, нават калі яна вельмі невялікая, пакідаеш тэчку на стале — і толькі ў гэты момант кліент кладзе ўзнагароду. І ніяк інакш! Прытрымліваючы рэшту, ты можаш падмануць сябе, бо хто ведае — раптам кліенту ўсё так спадабалася, што ён рыхтуе для цябе $50 узнагароды, а ты заціснуў $4 і радуешся!

budzma.org