Вялікдзень у Еўропе
Пра тое, як святкуюць беларусы ды што для іх значыць гэты, мы не раз ужо казалі. Сёння мы хацелі б распавесці пра тое, што значыць гэтае свята для хрысціян розных канфесій Еўропы.
Вялікдзень — гэта найважнейшае свята ў літургічным календары розных хрысціянскіх канфесій Еўропы. Разам з тым, у залежнасці ад канфесіі, ёсць і свае асаблівасці ды адрозненні. Напрыклад, у пратэстантаў, асабліва лютэран, галоўным днём вялікодных святаў лічыцца Вялікая пятніца. У гэты дзень вернікі-лютэране засяроджваюцца на чытанні Слова Божага ды адмысловых набажэнствах. З іншага боку, у лютэран няма традыцыі будаваць у святынях гроб Гасподні ды праводзіць Крыжовыя дарогі. У гэты дзень пратэстанты не працуюць, распавядае святар Уладзімеж Наст з лютэранскай парафіі святой Троіцы ў Варшаве.
Уладзімеж Наст: Мы лічым, што гэта ўнікальная ахвяра, непаўторная. Наша разуменне апошняй вячэры ды святой камуніі адрозніваецца ад поглядаў каталіцкай царквы. У нас гаворыцца пра бескрывавае паўтарэнне ахвяры Езуса Хрыста, сёння мы кажам больш пра яе відавочнасці. Мы ўзгадваем ахвяру Хрыста, якую ён прынёс для нас. Вялікае значэнне ў нас маюць псалмы ў гэтым дзень, а таксама надзвычайная літургія, якая будуецца на ўспаміне роспачы Хрыста над грахамі чалавецтва. У нас выходным днём лічыцца Вялікая пятніца. Часта раніцай праводзяцца службы, каб людзі маглі пайсці на працу, бо дзяржаўнага выходнага ў гэты дзень няма.
У праваслаўных галоўнае свята — Вялікдзень, але яго адзначаюць, пачынаючы з пятніцы. За гэтыя дні ў цэрквах адбываюцца розныя літургіі, накіраваныя на тое, каб вернікі асэнсавалі значэнне Пасхі. Распавядае дыякан праваслаўнага кляштару святога Ануфрыя ў Яблэчнай айцец Макары.
Айцец Макары: Гэта адбываецца ўвечары падчас нешпараў, выглядае так, што з алтару выносяць плашчаніцу, на якой выява Хрыста, пакладзенага ў гробе. Гэтая плашчаніца знаходзіцца адкрытая да Вялікадня. Гэты час Вялікай пятніцы і суботы з'яўляецца часам задумы, цішыні, чакання на найвялікшае са святаў.
Каталіцкая царква перакананая, што сёння Вялікдзень для католікаў – гэта ў першую чаргу духоўнае перажыванне, да якога трэба адпаведна падрыхтавацца. Трэба абстрагавацца ад хуткага тэмпу жыцця, штодзённых абавязкаў, бегання па крамах, прысвяючы час замест гэтага на развагі. Гаворыць ксёндз Кшыштаф Сэндэцкі.
Кшыштаф Сэндэцкі: Калі чалавек давярае касцёлу ды падпарадкоўваецца, яму будзе лягчэй. Таму, хто не — будзе складаней. Але кожны мае свой шлях да роздумаў, да свайго я. Нельга жыць без роздумаў у сучасным свеце.
Паводле словаў каталіцкіх святароў, гэта вельмі важна, бо сённяшні чалавек ніколі ня мае часу на разважанні. Гаворыць ксёндз-прафэсар Ян Туркель.
Ян Туркель: Людзі змушаныя, каб увесь час бягом, яны часта ядуць абы-што, ездзяць абы хутчэй. Я не веру, каб чалавек не адчуваў патрэбы да развагаў над сваім жыццём.
У народнай традыцыі розных краін Еўропы, Вялікдзень успрымаецца, як радаснае свята. Народная пасхальная абраднасць, напрыклад, у Цэнтральнай Еўропе, поўная абрадаў, заданнем якіх было прынесці ўраджайнасць ды дабрабыт на цэлы год. Распавядае этнолаг з Музею радомскай вёскі Марцін Станьчук.
Марцін Станьчук: Дзяўчаты хадзілі з галінкай, або малым дзераўцом вечназялёным, гэта быў сымбаль вясны, святла ды адраджэння жыцця.
20-га красавіка хрысціянская Еўропа адзначае свята Вялікадня. Сёлета ў той самы дзень Пасху адзначаюць усе хрысціянскія канфесіі.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч, radyjo.net