З марамі пра мора. Мінскае

Надышоў жнівень, а большасць нашых грамадзян так і не здолела выехаць на традыцыйны адпачынак да мора. Нават банкі скардзяцца — ніхто не скупляе валюту, каб адпачыць за межамі Сінявокай. «Краіна, што перамагла каронавірус», збольшага застаецца еўрапейскім «чумным баракам».

d46efd14d464f9f608c8f84643683ed2.jpg


Беларусаў не пускаюць амаль нікуды. Хіба што нядаўна Украіна абвясціла нашым грамадзянам «зялёную зону». Але можна толькі ўявіць, якія чэргі ўзнікнуць на мяжы з-за жадаючых хаця б пару дзён пакоўзацца ў моры на пляжах Адэсы.

Старшыня праўлення рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы адзначае, што па-за Украінай нас прымаюць некаторыя асноўныя месцы: Албанія, што карыстаецца папулярнасцю, Чарнагорыя, якая таксама сёлета «ў трэндзе», звыклыя Турцыя і Егіпет. Аднак праблема ў тым, што не ўсе адкрыліся да працы і не заўсёды турысты атрымліваюць тое, што жадаюць і хочуць.

А вось паўнавартасна адправіцца ў Еўропу па-ранейшаму немагчыма, для ўсіх, хто планаваў Італію, Балгарыю, Грэцыю, у гэтым годзе — не лёс.

Падавалася б, вось яна, магчымасць для развіцця ўнутранага турызму, які ў нас па-ранейшаму мае вялікі патэнцыял. Толькі нешта гэты патэнцыял у нас хоць і вялікі, але чамусьці не ўвасабляецца ў канкрэтныя прапановы. Па меркаванні адмыслоўцы, у беларусаў з’явіўся попыт і цікавасць да тых месцаў ва ўласнай краіне, дзе за 300–500 долараў можна паўнавартасна адпачыць у санаторыі па прынцыпе «all inclusive».

Але такіх месцаў — днём з агнём не знайсці. Канешне, ёсць пэўныя санаторыі, але ў той жа час нават пуцёўка ў дзіцячы летнік каштуе тыя ж самыя 300–500 долараў. Што ўжо казаць пра дарослых. «Попыт высокі, і гэты попыт выкрывае ўсе праблемы, якія існуюць унутры беларускай турыстычнай інфраструктуры, у першую чаргу недахопы сэрвісу і праблемы цэнаўтварэння. Калі наша індустрыя зможа зрабіць правільныя высновы, то да наступнага года ёсць верагоднасць таго, што цэны стануць больш даступныя для беларусаў, будзе магчымасць прайсці павышэнне кваліфікацыі, даць іншы сэрвіс і змяніць саму прадуктовую лінейку», — кажа Гулы.

Спецыяліст так каментуе завышаныя кошты ў беларускіх аграсядзібах у гэтым сезоне: «Усе хочуць зарабіць пабольш, гэта праблема нашай лакальнай культуры».

Дык у чым жа справа? Чаму нашыя аграсядзібы, пры такіх шалёных коштах, не развіваюцца і не скарыстоўваюць той самы патэнцыял унутранага турызму?

Усё, насамрэч, проста. Бізнесоўцы не ведаюць, што будзе далей, таму «жывуць адным днём». Яны не ведаюць, якія ўмовы іх працы будуць заўтра ці паслязаўтра, і імкнуцца як мага больш зарабіць сёння. Адсюль і незвычайна высокія кошты, што часцяком не адпавядаюць сэрвісу.

У мінулым годзе Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC і прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC) у Рэспубліцы Беларусь праводзілі даследаванне «Глабальны маніторынг прадпрымальніцтва» (GEM). Паколькі даследаванне было сусветным, вынікі з’явіліся толькі цяпер.

Згодна з атрыманымі лічбамі, Беларусь уваходзіць у тройку самых песімістычна настроеных краін у ацэнцы ўзроўню спрыяльных умоў для пачатку бізнесу. Самыя нізкія ўзроўні аптымізму — у Японіі (10,6%) і Індыі (16,9%). Беларусь па гэтым узроўні нароўні з Расіяй — недзе 29%.

Пры гэтым каля 70% прадпрымальнікаў і непрадпрымальнікаў лічаць, што прадпрымальніцтва — удалы кар’ерны выбар. Але толькі 28,5% непрадпрымальнікаў ацэньваюць станоўча ўмовы для адкрыцця бізнесу. Прадпрымальнікі ж, якія ведаюць, пра што гаворка, больш аптымістычныя: каля 39% з іх мяркуюць, што ў краіне створаны спрыяльныя ўмовы для адкрыцця бізнесу.

Насамрэч, адкрыць бізнес (зарэгістраваць ІП альбо фірму) у Сінявокай дастаткова проста. Праблемы ўзнікаюць з самім бізнесам і з яго закрыццём. Закрыццё, у адрозненне ад адкрыцця, можа цягнуцца гадамі.

Да найбольш распаўсюджаных прычынаў выхаду з бізнесу адносяцца «нерэнтабельнасць» (37,1%), «сямейныя або асабістыя абставіны» (18,4%) і «бюракратыя» (15,1%). Пры гэтым пра «неспрыяльныя ўмовы вядзення бізнесу» заявілі 19,5% рэспандэнтаў-беларусаў.

Дык адкуль жа пры такіх настроях узяцца развіццю патэнцыйнай «залатой жылы» — аграэкатурызму? Таму попыт значна перавышае прапанову, таму і кошты ў нас такія. Бо першае, чаму вучаць на курсе эканомікі, — гэта графіку «попыт-прапанова». Чым большы попыт і меншая прапанова, тым вышэйшы кошт тавару ці паслугі.

Увогуле, не дзіва, што пры гэтых складанасцях сёлета ў Мінску, дый па ўсёй Беларусі — поўны швах з рэгістрацыяй новых бізнесаў. Па звестках Белстату, у першым паўгоддзі 2020 года ў Беларусі зарэгістравана 5078 юрыдычных асоб — на 7,3% менш, чым у студзені — чэрвені мінулага года, і 16 437 індывідуальных прадпрымальнікаў (на 16,2% менш). У той жа час ліквідаваныя 4982 юрыдычныя асобы, спынілі сваю дзейнасць 13 317 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Самы значны спад рэгістрацыйнай актыўнасці па юрыдычных асобах назіраецца ў Мінску. Тут за 6 месяцаў зарэгістравана на 13,7% юрасобаў менш, чым год таму. Найбольшы спад рэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў — у Брэсцкай вобласці, мінус 20,5%.

Аднак спад закрануў не ўсіх. Калі прыватных кампаній за студзень-чэрвень зарэгістравана 4188 — на 10,9% менш, чым у студзені-чэрвені 2019 года, а замежных кампаній 582 — на 20,4% менш, то юрыдычных асоб дзяржаўнай формы ўласнасці зарэгістравана ў 6,7 раза больш, чым годам раней. Усяго дзяржарганізацый у першым паўгоддзі зарэгістравана 308 — больш, чым за любы год з поўных папярэдніх 6 гадоў.

То-бок, што атрымліваецца? У той час, як усе краіны навокал падтрымліваюць бізнес у час пандэміі, беларуская дзяржава скарысталася выпадкам, каб у крызіс прыбраць канкурэнтаў. Бо, як вядома, на антыкрызісную падтрымку ў нас могуць разлічваць толькі дзяржаўныя арганізацыі. І ў той час, як прыватны бізнес зазнае страты, бізнес пад дзяржаўным дахам — квітнее.

Зразумела, можна назваць гэта формай нядобрасумленнай канкурэнцыі. Дык адкуль тады ўзяцца прымальнаму па коштах і ўмовах адпачынку ўнутры краіны?