З Купалам і зубром на людзі

Герб у адным шэрагу сімвалаў з зубром і буслам. Скарына і Машэраў побач у топ-лісце выбітных і вядомых дзеячаў. Самыя папулярныя спевакі — Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская. Такія высновы зрабілі эксперты Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) пасля апытання «Брэнды: гістарычная памяць, сімвалы і масавая культура».

Адкуль наш род?



fddd7938a71db5f81fcc621673ab67b7.JPG

Герб у адным шэрагу сімвалаў з зубром і буслам. Скарына і Машэраў побач у топ-лісце выбітных і вядомых дзеячаў. Самыя папулярныя спевакі — Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская. Такія высновы зрабілі эксперты Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) пасля апытання «Брэнды: гістарычная памяць, сімвалы і масавая культура».
Адкуль наш род?
Паводле слоў кіраўніка BISS Віталя Сіліцкага, даследаванне мела на мэце паказаць, хто такія беларусы — самастойная нацыя ці мікс, утвораны культурна-гістарычнымі акалічнасцямі. Асобным народам сябе назвалі 51,8% апытаных, трыадзінай нацыяй — 41,9%. Вытокі беларускай дзяржаўнасці 38 % рэспандэнтаў бачаць у Вялікім княстве Літоўскім, 18% капнулі яшчэ глыбей і назвалі сябе нашчадкамі Полацкага і Тураўскага княстваў, 12% — БССР. Беларусь як маладую дзяржаву, што бярэ свае пачаткі з найноўшай гісторыі часоў Лукашэнкі, асэнсоўваюць 9% апытаных. І амаль кожны пяты не змог вызначыцца, ад якіх часоў адлічваць станаўленне Беларусі. «Калі на пачатку 2000-х гадоў ВКЛ пачало вырывацца наперад БССР, то многія з культурных дзеячаў гэтаму не верылі. Цяпер можна гаварыць пра трывалы трэнд. То бок, усведамленне таго, што Беларусь не пачалася з кастрычніка 1917 года, — амаль што справа нацыянальнага кансенсусу», — рэзюмуе Сіліцкі.
Імя Беларусі
Вынікі апытання паказваюць, што на званне «Імя Беларусі» прэтэндуюць дзеячы, праспекты імя якіх яшчэ нядаўна былі цэнтральнымі ў сталіцы: Францыск Скарына і Пётр Машэраў набралі 33% і 25% галасоў адпаведна. У гэтую ж кампанію патрапіў і Кастусь Каліноўскі — яго відным і вядомым дзеячам Беларусі лічаць 13% рэспандэнтаў.


А вось на пытанне пра тое, каму з вядомых беларусаў варта ўсталяваць помнік, адказы размеркаваліся ў наступным рангу: найбольш вартым помніка беларусы лічаць Пятра Машэрава, яго гатовыя ўшанаваць 9,4% апытаных. На другім месцы апынуўся пісьменнік Іван Шамякін — помнік яму не супраць усталяваць 5% рэспандэнтаў. Далей ідуць Ефрасіння Полацкая — 4% і Кастусь Каліноўскі — 2,9%. На пятым месцы — цяперашні кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка — увекавечыць яго ў бронзе хочуць 2,7% апытаных грамадзян. Воіны Вялікай Айчыннай вайны «набралі» 1,5% галасоў, Уладзімір Мулявін — 0,9, Васіль Быкаў — 0,6%. Астатніх вядомых беларусаў бачыць у скульптуры апытаныя не вельмі хочуць — яны атрымалі менш за паўпрацэнта.
Паміж гербам і буслам
Думаеце, што сімвалам Беларусі з’яўляюцца чарка і шкварка? Не. Ідэалагічна падкаваныя рэспандэнты (а такіх набралася 21% і 20% адпаведна) назвалі сімвалам сінявокай афіцыйны герб і афіцыйны сцяг. Рамантыкаў куды менш: за зубра свой голас аддалі 12% апытаных, за бусла — 6,6%. Гурманы вырашылі, што сімвал Беларусі — бульба, і ніякі іншы прадукт (4%), а вось за Пагоню, якая мусіць рабіць пазнавальнай нашу дзяржаву ва ўсім свеце, свой голас аддалі толькі 2% апытаных.
Пацікавіліся сацыёлагі і тым, што слухаюць нашы суайчыннікі. Першае месца ў спісе самых папулярных выканаўцаў заняў дуэт Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча (каля 8%). Далей на музычным Алімпе знаходзяцца спявачкі Ірына Дарафеева і Алеся (па 7,5%). Але найбольш адказаў было з пазнакай «ніхто»: 38% рэспандэнтаў не здолелі назваць папулярнага айчыннага артыста. З беларускіх гуртоў найбольшай папулярнасцю яшчэ ад савецкіх часоў карыстаецца ансамбль «Песняры» (амаль 40%), на другім месцы — «Сябры» (18%), на трэцім — «Верасы» (8%). Калектывы «Тяни-толкай» «J: Морс», «Ляпис Трубецкой», N.R.M. не пераадолелі нават пяціпрацэнтнага парогу сімпатый.
Сацыёлагі сцвярджаюць, што, нягледзячы на 75% беларускай музыкі ў эфіры, у дзесятцы любімых выканаўцаў чацвёра — спевакі з савецкіх часоў. Прыцягнутыя за вушы «зоркі»  маюць нізкі рэйтынг, а статус беларускамоўнай альтэрнатывы — маргінальны. Разам з тым сярод музычных гуртоў назіраецца ўстойлівае дамінаванне савецкіх брэндаў.


У стане брэндавых пісьменнікаў усё прадказальна: лідзіруюць Якуб Колас і Янка Купала, за імі ідзе Васіль Быкаў, затым Іван Шамякін, і замыкае пяцёрку Уладзімір Караткевіч. А вось «кнігаю Беларусі» нечакана стаў раман Івана Мележа «Людзі на балоце», відаць, як сімвал нашай ментальнасці.
Сацыёлагі канстатуюць, што прастора сімвалаў у Беларусі незапоўненая. На многія пытанні блізу паловы рэспандэнтаў не змаглі адказаць. Большасць «брэндаў» была сфарміраваная яшчэ за савецкім часам, і мы імі дагэтуль карыстаемся, не прыдумаўшы сабе нічога новага, ці не здолеўшы падтрымаць «раскрутку» новых імёнаў і сімвалаў. Праўда, Віталь Сіліцкі аптымістычна сцвярджае, што хоць і паступова, але дэсаветызацыя светапогляду беларуса ўсё ж адбываецца.
Спецыяліст у рэкламе Юлія Ляшкевіч даволі крытычна ацэньвае званне брэнда, якое ў даследаванні атрымалі і Вітаўт, і Машэраў. «Калі мы будзем шчырыя, то большасць з гэтых пазіцый брэндам не з’яўляецца, — адзначае эксперт. — Брэнд — гэта тое, што прадаецца. Чалавек бачыць назву і гатовы набываць прадукт толькі па прычыне належнасці яго да гэтай сям’і. Калі мы хочам паглядзець на сучасны брэнд Беларусі, то трэба пайсці на стадыён Дынама і паглядзець на людзей, якія заплацілі за тое, каб папрысутнічаць на гульні футбольнай каманды БАТЭ. Астатняе дастаткова шэрае і няўцямнае. Што тычыцца асобаў, то ўсе яны «нежывыя» і занадта ідэальныя, каб займаць розумы людзей на ўзроўні брэнду і ўзору, на які хочацца арыентавацца».