За 9 гадоў вайны з Украінай РФ зрывала абсалютна ўсе «перамір'і»

За дзевяць гадоў вайны РФ 11 разоў зрывала часовае спыненне агню, адзначыла Ганна Маляр.

photo_2022_07_28_08_08_59.jpg

За дзевяць гадоў вайны Расія ні разу не прытрымлівалася дамоўленасцей аб перамір'ях, яна працягвала абстрэльваць украінскія пазіцыі на Данбасе і наносіць страты УСУ. Пра гэта паведаміла намеснік міністра абароны Ганна Маляр у сваім Telegram-канале ў пятніцу, 6 студзеня.

Ганна Маляр нагадала, што ўсяго за час баёў перыяду АТА было 11 спроб усталяваць «больш-менш устойлівы рэжым спынення агню», аднак абсалютна ўсе «перамір'і» былі сарваны наўмыснымі дзеяннямі арміі РФ. Да прыкладу, падчас «усёабдымнага вясновага перамір'я» 2018-га за 22 дні «цішыні» РФ здзейсніла прынамсі 153 абстрэлы, падчас якіх шэсць украінскіх вайскоўцаў загінулі, а 12 атрымалі раненні.

Маляр нагадала, што і ў перыяд правядзення Аперацыі аб’яднаных сіл (ААС) Украіна яшчэ некалькі разоў дамаўлялася аб двухбаковым спыненні агню — вынікі былі аналагічныя.

У 2019 годзе страты ўкраінскай арміі на Данбасе склалі 97 загінулых. У 2020-м да пачатку апошняга, ліпеньскага перамір'я, загінулі яшчэ 32 вайскоўцы УСУ, 220 атрымалі раненні.

27 ліпеня 2020-га пачаўся чарговы «поўны і ўсёабдымны рэжым спынення агню» — Расія пратрымалася паўгадзіны. Каля 00:20 расіяне абстралялі падраздзяленні 36-й брыгады і яшчэ адзін абстрэл зладзілі раніцай. З 27 ліпеня 2020-га па 27 ліпеня 2021-га зафіксавана больш за 2000 варожых абстрэлаў, дадала намеснік міністра.


«Таму толькі вывад войскаў Расіі з тэрыторыі Украіны будзе азначаць рэальнае спыненне агню і заканчэнне агрэсіі», — рэзюмавала Маляр.

Варта таксама згадаць, што ў красавіку 2022 года Расіі з боку Украіны і сусветнай супольнасці паступала прапанова зрабіць «велікоднае перамір'е», аднак РФ не пагадзілася і працягвала абстрэльваць Украіну.

У прыватнасці, войскі РФ нанеслі ў гэты дзень ракетны ўдар па Краменчугу. Акрамя таго, напярэдадні Вялікадня, 23 красавіка, расійскія вайскоўцы нанеслі ўдар па Адэсе, які забраў жыццё дзіцяці і яго мамы.

Прэзідэнт Украіны 25 красавіка заявіў, што РФ «зрабіла Вялікдзень чырвоным ад крыві» і дадаў, што расіяне паказалі, што для іх Вялікдзень «нічога не значыць».


Як пісаў «НЧ», Уладзімір Зяленскі ва ўчарашнім вячэрнім звароце адзначыў, што, згодна з украінскай формулай міру, вывядзенне расійскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі Украіны з'яўляецца «гарантаваным і надзейным спосабам спыніць агонь, чалавечыя страты і наогул вайну». У прыватнасці, Расіі прапаноўвалася пачаць выкананне формулы міру з вываду яе войскаў менавіта на Раство.

«Цяпер яны хочуць выкарыстоўваць Раство як прыкрыццё, каб хоць ненадоўга спыніць прасоўванне нашых хлопцаў на Данбасе і падагнаць бліжэй да нашых пазіцый тэхніку, боепрыпасы і мабілізаваных. Што гэта дасць? Толькі чарговае павелічэнне страт. Усе ў свеце ведаюць, як Крэмль выкарыстоўвае перадышкі на вайне, каб прадоўжыць вайну з новай сілай», — заявіў украінскі прэзідэнт.


«Скончыць вайну — гэта скончыць агрэсію вашай дзяржавы. Нават калі вашы ракеты і дроны не б'юць па нашых гарадах, тэрор на акупаваных тэрыторыях працягваецца. Ніякіх перадышак вы ўкраінцам не даяце. Людзей катуюць, б'юць токам, гвалцяць. Гэта працягваецца кожны дзень, пакуль вашы салдаты на нашай зямлі. І вайна скончыцца тады, калі вашы салдаты ці самі сыдуць, ці мы іх выганім. Так што хай забіраюць унітазы — яны ім спатрэбяцца ў дарозе — і вяртаюцца да сябе. За нашу мяжу. Ад 1991 года», — дадаў Зяленскі.

Старшыня Еўрарады Шарль Мішэль таксама назваў абвяшчэнне аднабаковага спынення агню Пуціным такім жа «фальшывым і крывадушным», як «незаконная і гратэскавая анексія і рэферэндумы, якія суправаджаюць яе». «Вывад расійскіх войскаў — адзіны сур'ёзны варыянт аднаўлення міру і бяспекі», — заявіў ён.

Між тым Дзмітрый Мядзведзеў, намеснік старшыні расійскага Савета Бяспекі, гучна абурыўся праз рэакцыю Украіны і свету на абвешчанае кіраўніком Крамля «перамір'е».

Паводле korrespondent.net, t.me/annamaliar