За што дзяржава пераследуе жанчын

Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі каардынатарку ініцыятыўнай группы Віктара Бабарыкі Святлану Купрэеву, даверанаю асобу Святланы Ціханоўскай у Гомелі Таццяну Канеўскую, сяброўку прэзідыўму Каардынацыйнай рады Лілію Уласаву, супрацоўніцу PandaDoc Юлію Шардыку. Ва ўсіх выпадках, на думку беларускай праваабарончай супольнасці, пераслед носіць палітычна матываваны характар.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__27__logo_1.jpg


Каардынатарка ініцыятыўнай группы Віктара Бабарыкі Святлана Купрэева

Святлана Купрэева. Фота з facebook

Святлана Купрэева. Фота з facebook

Блізкую сяброўку сям'і Віктара Бабарыкі і каардынатарку яго ініцыятыўнай группы па адным з раёнаў Мінска Святлану Купрэеву затрымалі падчас выбарчай кампаніі яшчэ на этапе збору подпісаў. Раніцай 11 чэрвеня ў яе кватэру ў Мінску, дзе яна пражывае з 81-гадовай мамай, прыйшлі з ператрусам. Маці Святланы Таццяна Мікалаеўна распавяла Свабодзе пра ператрус і затрыманне дачкі:
«Дачка адчыніла дзверы, і зайшлі двое, сказалі, што будзе вобшук. Потым прыйшлі яшчэ двое. Кватэра мая, я працавала настаўніцай, і яшчэ ў 1968 годзе пабудавалі каапэратыўны дом, і я яе выплачвала некалькі гадоў, на дзвюх працах працавала.
Святлане сказалі праехаць з імі і даць паказанні як сведцы па нейкім пытанні. Яна ўзяла ў мяне грошай, каб вярнуцца на таксоўцы, у лёгкай вопратцы паехала з імі. Але яна ўжо не патэлефанавала. У мяне запатрабавалі адчыніць (прыгразілі, што інакш зламаюць дзверы) Святланін аўтамабіль, які стаяў у двары, і там зрабілі вобшук. Спыталі, ці ёсць даляры, грошы. Я кажу — вы ж бачылі, я дала свае 40 рублёў з пенсіі на таксоўку».
Увечары 11 чэрвеня стала вядома, што Святлана затрыманая і змешчаная ў СІЗА КДБ. Яе абвінвачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса — "Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры". Як паведамляецца на сайце штабу Віктара Бабарыкі, Святлану Купрэеву абвінавачваюць у прычыненні шкоды дзяржаве на суму не менш за 8 950 222,89 рублёў, што ў эквіваленце амаль 4 млн даляраў ЗША.
«Пры гэтым арыштаваная ў сувязі з удзелам у выбарчай кампаніі Святлана Купрэева пражывае з састарэлай маці, якой 81 год, у старой "хрушчоўцы" , якая належыць маці. Каштоўнай маёмасці ў сям'і няма.
Святлана Купрэева не з'яўлялася супрацоўнікам Белгазпрамбанка і не працавала ні ў адной з фірмаў, у якіх прайшлі ператрусы. Яна была проста сяброўкай сям'і Віктара Бабарыка і членам яго ініцыятыўнай групы», — гаворыцца ў паведамленні на сайце штабу.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Святлану палітзняволенай 19 чэрвеня. Праваабаронцы расцанілі пераслед Святланы як ціск на патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.
«Рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і членаў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне яго публічнай дзейнасці па вылучэнні яго ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах», — адзначаецца ў супольнай заяве беларускіх праваабарончых арганізацый.
Святлана Купрэева ўжо чацвёрты месяц утрымліваецца ў СІЗА КДБ.
Адрас для ліставання: Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, г. Мінск, 220050


Давераная асоба Святланы Ціханоўскай у Гомелі Таццяна Канеўская

Таццяна Канеўская. Фота: svaboda.org

Таццяна Канеўская. Фота: svaboda.org


Таццяна Канеўская — вядомая ў гомельскім рэгіёне актывістка. Сама яна прыйшла ў актывізм праз змаганне за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычнае заканадаўства ў якасці прадстаўніцы ініцыятывы “Матчын рух 328”. Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. Яе называюць адной з тых жанчын, якія сталі сімваламі мацярынскага змагання за справядлівасць для сваіх дзяцей.
У парламенцкіх выбарах-2019 яна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты. Там яна прадстаўляла інтарэсы незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай партыі, сустаршынёй якой з'яўлецца, у тым ліку, Павел Севярынец. Але на парламенцкіх выбарах ні адзін прадстаўнік апазіцыі не прайшоў у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. У тым ліку Таццяна Канеўская.
На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах яна вырашыла стаць даверанай асобай у Гомелі кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. Таксама Таццяна акрэдытавалася ў якасці назіральніцы на выбарчым Савецкім участку №8 у Гомелі, але да назірання ў асноўны дзень галасавання яна так і не змагла прыступіць. Таццяну затрымалі.
Вечарам 6 жніўня ў яе доме ў Гомелі правялі вобшук, наступнай раніцай сілавікі правялі паўторны вобшук, а саму жанчыну затрымалі. Ёй прад'явілі абвінавачванне па арт. 293 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя масавых беспарадкаў». Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.
28 жніўня праваабаронцы прызналі, што пераслед Таццяны Канеўскай носіць палітычна матываваны характар і прызналі яе палітычнай зняволенай. Таццяна ўтрымліваецца ў мінскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ўжо амаль месяц.
Адрас для лістоў: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050


Сябра прэзідыўма Каардынацыйнай Рады Лілія Уласава

Лілія Уласава на мірнай акцый 30 жніўня. Фота: pkritchko

Лілія Уласава на мірнай акцый 30 жніўня. Фота: pkritchko

Вядомую юрыстку і міжнародную медыятарку, партнёрку і дырэктарку юрыдычнай кампаніі “Уласава, Міхэль і партнёры”, сяброўку прэзідыўму Каардынацыйнай рады Лілію Уласаву затрымалі 31 жніўня. Яна была затрыманая супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследванняў у межах крымінальнай справы па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).
Муж Ліліі Уладзімір Іскарцаў распавёў kyky.org абставіны затрымання жонкі:
«Зразумела, што праца ў рамках Каардынацыйнай рады — не кабінетная. Таму мая жонка часта аказвалася ў гушчы падзей. Мы разам хадзілі на ўсе мірныя акцыі пратэсту. Апошні раз — 30 жніўня. Ліля разам з іншымі членамі КР прыйшла да Стэлы, дзе проста раздавала кветкі са свайго прыгожага букета салдатам, выбудаваным за калючым дротам.
На наступны дзень, 31 жніўня, нам патэлефанавалі з РУУС і папрасілі жонку прыйсці "на размову" па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу. Яна запярэчыла, што на шэсці былі сотні тысяч людзей. І ёй адказалі: "Вы былі найбольш актыўныя".
Да міліцыі ў выніку Ліля так і не дайшла. Яе тэлефон праслухоўваўся і, калі яна праз гадзіну прыехала на сустрэчу з калегам, там ужо чакалі супрацоўнікі ДФР, якія адразу павезлі яе на Кальварыйскую. Да нас дадому ў гэты час прыехалі іх калегі для правядзення ператрусу. Праз дзень прыехалі яшчэ адны калегі — для афармлення арышту маёмасці».
Афіцыйнае абвінавачванне Ліліі Уласавай яшчэ не прад'яўлена. Як піша kyky.org са спасылкай на яе мужа Уладзіміра, крымінальная справа Ліліі звязана з бізнесам яе сына, што памер "нанесенай шкоды" — прыкладна 614 тысяч рублёў.
Лілію Уласаву праваабаронцы прызналі палітзняволенай 7 верасня. Палітычны матываваны характар пераследу Ліліі тлумачыцца яе членствам у прэзідыўме Каардынацыйнай рады. На дадзены момант, у Беларусі на волі з сямі членаў Прэзідыўма КР засталася толькі Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
«Ад моманту стварэння Каардынацыйнай рады і абрання ёй прэзідыўма іх сябры падвяргаюцца жорсткаму ціску з боку ўладаў Беларусі. Асабіста Аляксандр Лукашэнка заўляў аб нібыта незаконным характары дзейнасці Рады, а Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па факце яе стварэння і дзейнасці была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь)», — адзначылі праваабаронцы ў супольнай заяве.
Яна ўтрымліваецца ў мінскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050


Супрацоўніца PandaDoc Юлія Шардыка

Арыштаваныя супрацоўнікі PandaDoc

Арыштаваныя супрацоўнікі PandaDoc

Юлія Шардыка з'яўляецца галоўнай бухгалтаркай беларускай IT-кампаніі PandaDoc. Гэтая кампанія адкрыта асуджае палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Пасля сілавых разгонаў жнівеньскіх акцый пратэсту заснавальнік кампаніі Мікіта Мікада і ягоны партнёр па бізнесу Сяргей Барысюк запусцілі інцыятыву Protect Belarus для дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пазбавіліся работы з-за адмовы выконваць злачынныя загады. За гэты час ініцыятыва атрымала больш за 500 заявак на такую дапамогу, а некаторыя з такіх гісторый атрымалі шырокі грамадскі рэзанс.
2 верасня у мінскім офісе кампаніі PandaDoc, а таксама ў прыватных кватэрах некаторых яе супрацоўнікаў, адбыліся ператрусы, які праводзіліся супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследванняў КГК. Пасля гэтага былі затрыманыя чатыры супрацоўнікі кампаніі: галоўная бухгалтарка Юлія Шардыка, дырэктар Дзмітры Рабцэвіч, дырэктар па прадукту Віктар Куўшынаў, HR Уладзіслаў Міхалап. У дачыненні да іх распачата крымінальная справа па частцы 4 артыкула 210 КК — «Крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры» (пазбаўленне волі на 5-12 гадоў з канфіскацыяй). Прадстаўнікі кампаніі PandaDoc паведамляюць, што супрацоўнікаў абвінавачваюць у завалоданні прыкладна 107 тысячамі рублёў з бюджэту, што нанесла шкоду дзяржаве.
«Мы заяўляем, што дадзенае абвінавачванне зусім не адпавядае рэчаіснасці і не мае пад сабой ніякіх падстаў. Уся дзейнасць кампаніі вялася ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам, што пацвярджаецца неаднаразовымі міжнароднымі аўдытамі і праверкамі», — гаворыцца ў адкрытым лісце PandaDoc.
Таксама кампанія заяўляе, што гэтыя чатыры чалавекі не звязаныя з ініцыятывай заснавальнікаў PandaDoc-праграмай фінансавай падтрымкі сілавікоў, якія звольняцца са службы: «мэтай гэтай ініцыятывы было спыніць гвалт, і яна ніякім чынам не была звязаная з кампаніяй».
7 верасня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Юлію Шардыку і яшчэ траіх супрацоўнікаў PandaDoc палітычнымі зняволенымі. Юлія, як і яе трое калег, заключаны як мінімум пад варту на два месяцы.
На дадзены момант палітзняволеную ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вул. Валадарскага, 2.
Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050.

spring96.org