«Забілі на вуліцы — за дзве хвіліны». Як у Віцебску 30 гадоў таму АМАП да смерці збіў студэнта — і горад выйшаў
25 студзеня 1992 года Віцебск узрушыла навіна: ноччу ў цэнтры горада супрацоўнікі АМАПа збілі дубінкамі 18-гадовага студэнта медінстытута, сына дэкана гэтай ВНУ Аляксандра Баранава і ён памёр ад траўмаў. Праз два дні хлопца хавалі: за труной ішлі тысячы гараджан. А потым людзі пікетавалі аблвыканкам — патрабавалі пакараць вінаватых. Суд прайшоў у Оршы, турэмныя тэрміны атрымалі тры чалавекі.
Трагедыя ў ноч перад Днём студэнта
Напярэдадні Таццянінага дня, 24 студзеня 1992 года, у рэстаране «Аўрора» на вуліцы Леніна сабралася кампанія моладзі: 18-гадовы другакурснік медінстытута (цяпер гэта ўніверсітэт) Аляксандр Баранаў з аднакласнікамі-выпускнікамі віцебскай СШ № 3. Хлопцы ўжо былі студэнтамі, некаторыя вучыліся ў Расіі, прыехалі дадому на вакацыі. Вось і вырашылі сустрэцца, адсвяткаваць паспяховую здачу зімовай сесіі.
Саша Баранаў — сын дэкана малодшых курсаў лячэбнага факультэта медінстытута Аляксандра Баранава — у той дзень здаў экзамен па анатоміі. А назаўтра збіраўся з'ехаць у госці да родных у падмаскоўныя Люберцы. Але гэтага не здарылася.
Апоўначы рэстаран закрываўся, сябры сталі разыходзіцца. Злавілі таксі. Кіроўца адмовіўся везці пецярых. Хлопцы вырашылі ісці па хатах пешшу. Раптам убачылі: да іх пад'язджае міліцыя — і кінуліся ў розныя бакі.
Дваім удалося ўцячы. Яшчэ дваіх затрымалі і павезлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі — тады ён знаходзіўся на вуліцы Крылова. А Сашу Баранава амапаўцы злавілі на вуліцы Суворава, збілі — а потым пасадзілі ў гэты ж УАЗік, дзе ўжо былі двое яго сяброў.
У райаддзеле сябры ўбачылі, што Саша не падае прыкмет жыцця. Пачалі крычаць і клікаць на дапамогу. А першай гадзіне ночы 25 студзеня ў міліцыю прыехала хуткая — і медыкі канстатавалі смерць Аляксандра Баранава.
Пазней эксперты вызначылі, што за 1,5−2 хвіліны Аляксандру, які ляжаў у той момант на зямлі, нанеслі чатыры ўдару гумовай палкай. Гэта выклікала страшныя траўмы: адслаенне аорты, удар сэрца, кровазліццё ў міжсценне і лёгкія. Такія звесткі паведамілі мясцовыя і рэспубліканскія газеты — аб трагедыі тады пісалі многія СМІ.
Штаб УУС Віцебскага аблвыканкама распаўсюдзіў афіцыйную версію падзей:
"25 студзеня 1992 года ў 0 гадзін 15 хвілін на вуліцы Суворава пры спыненні хуліганскіх дзеянняў з боку групы студэнтаў работнікі міліцыі ўжылі гумовую палку. Адзін са студэнтаў 2-га курса медінстытута быў дастаўлены ў раённы аддзел унутраных спраў, дзе пасля памёр. У цяперашні час па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа і вядзецца расследаванне".
У заяве генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь Мікалаю Ігнатовічу бацька загінулага Аляксандр Баранаў паказваў не толькі на забойства, але і на марадзёрства: "Акрамя таго, што сыну былі нанесеныя некалькі смяротных удараў, спецназаўцы знялі з яго дарагую куртку, кінулі паміраючага ў міліцэйскую машыну, а куртка з'явілася ў дзяжурным памяшканні Кастрычніцкага РАУС, калі было ўстаноўлена, што сын ужо мёртвы". На думку бацькі, калі б пры збіцці на Аляксандры была яго куртка на пуху, то яна б змякчыла сілу ўдараў дубінкай.
Бацька паведаміў генпракурору, што па радыё і ў міліцэйскай газеце "На страже Октября" прадстаўнікі ўлады патлумачылі гібель Аляксандра "дрэнным станам яго здароўя".
Праз два дні, 27 студзеня, Віцебск хаваў Аляксандра Баранава. "Было вельмі шмат народу і — незразумела, з якой нагоды — міліцэйскі кардон", — пісала тады незалежная газета "Віцебскі кур'ер".
Затым гараджане выходзілі на пікеты да аблвыканкаму з патрабаваннем пакараць вінаватых у гібелі маладога чалавека. Амаль 250 студэнтаў падпісаліся пад патрабаваннем правесці аб'ектыўнае расследаванне гэтага злачынства, паведамляла "Рэспубліка".
Пракуратура распачала справу па частцы 2 артыкула 167 Крымінальнага кодэкса, які дзейнічаў тады ў Беларусі (Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Яна вызначала пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У 1993 годзе адбыўся суд — справа разглядалі ў Оршы (некаторыя пасяджэнні былі выязнымі — у абласным цэнтры). За перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асудзілі траіх супрацоўнікаў: былых амапаўцаў Віктара Багрэца, Канстанціна Лускіна і міліцыянта-кіроўцу (яго даных у рэдакцыі няма).
Ні сваякі, ні сябры Аляксандра Баранава праз амаль 30 гадоў не памятаюць дакладны прысуд — толькі тое, што фігуранты атрымалі ад 3 да 5 гадоў пазбаўлення волі. Самы вялікі тэрмін быў у Віктара Багрэца, найменшы — у кіроўцы.
TUT.BY зрабіў запыт у суд Аршанскага раёна і Оршы аб прадастаўленні звестак па гэтай крымінальнай справе. Старшыня суда Алеся Котава паведаміла, што запыт "задавальненню не падлягае, паколькі інфармацыя па справах, разгледжаных або змешчаных на разглядзе ў судзе, з'яўляецца службовай і не падлягае разгалашэнню трэцім асобам". Азнаёміцца з матэрыяламі справы таксама не дазволілі.
Аднакласнік: "Саша быў самым спакойным з нас, ён не стаў бы супраціўляцца АМАПу"
Падзеі трагічнай ночы ў размове з TUT.BY успамінае аднакласнік Аляксандра Баранава — Сяргей Б. (прозвішча ёсць у рэдакцыі), цяпер жыве ў Расіі:
— Мы з хлопцамі добра правялі вечар у рэстаране, былі на пазітыве, але не п'яныя: выпілі злёгку. «Аўрора» зачынялася ў 12 гадзін ночы, і мы сышлі. На супрацьлеглым ад рэстарана баку вуліцы Леніна спынілі таксі — "Волгу". Селі ўпяцёх і папрасілі адвезці нас па дамах. Таксіст сказаў, што пецярых везці не паложана, возьме толькі чацвярых. Мы паабяцалі: заплацім двайны тарыф. Кіроўца адмовіўся. Мы не скандалілі, выйшлі з машыны і пайшлі пешшу.
Потым мы сябе дакаралі: трэба было адправіць Сашу, а ўсім астатнім чакаць іншае таксі. Але хто ж мог ведаць, што адбудзецца такая бяда.
Крыху ніжэй па вуліцы, каля Ратушы, стаяла міліцэйская машына. Таксіст пад'ехаў да яе і нешта казаў патрульным. Бачым: УАЗік едзе ў наш бок. Зразумелі: па нашы душы. Нікому не хацелася звязвацца з міліцыяй: у 1990-я ў яе была не лепшая слава.
Вырашылі разбегчыся. Саша — у адзін бок. Мы з Алегам Міронавым — у іншы. Юра Арэстаў з таварышам — у трэці.
Мы з Алегам выбеглі да плошчы Леніна. Бачым: пагоні няма. Злавілі машыну і паехалі дадому. А раніцай мне патэлефанаваў Юра і распавёў, што адбылася трагедыя.
Са слоў Юры я ведаю вось што.
Калі затрыманых хлопцаў везлі ў райаддзел, Саша ляжаў у машыне тварам уніз. І Юра яго не пазнаў. На хлопця не было курткі, швэдар быў задраня, увесь пакамечаны, нібы чалавек валяўся на зямлі. І Юра падумаў, што гэта нейкі п'яны. Таму што на Сашы ў той вечар была добрая куртка. Ён — сын дэкана, і заўсёды насіў модныя, фірмовыя рэчы.
У камеры гэтага нібыта "п'янага" паклалі на лавачку. І Юра звярнуў увагу: яго рука звісае з лаўкі і ён не падае прыкмет жыцця. Юра падышоў, пакратаў пульс. Пульса няма. Ён давай стукаць у дзверы. Міліцыянты зайшлі, перавярнулі хлопца. І тут Юра ўбачыў, што гэта ж наш Сашка! Аднакласнік пачаў крычаць: вы што, яго забілі? дзе Сашына паліто? чаму ён у такім выглядзе? Запатрабаваў, каб тут жа патэлефанавалі Сашынаму бацьку. Праз некаторы час куртку дзесьці знайшлі і прынеслі. Потым Юру вывелі з гэтай камеры. І што там далей адбывалася, ён ужо не бачыў.
Распавядалі, што калі бацька Сашы прыехаў у міліцыю, нікому не дазволіў дакранацца да сына, выклікаў судмедэксперта з Мінска. Той зрабіў выснову, што ўдары дубінкай былі такімі моцнымі, што кожны з іх мог быць смяротным.
На пахаванні Сашы я не быў — паехаў на вучобу ў Расію.
З усёй нашай кампаніі Саша быў самым спакойным. Я не памятаю, каб ён з кімсьці калісьці біўся. Сілавікі спрабавалі даказаць, што Баранаў аказаў супраціў амапаўцам. Але ён не быў на гэта здольны: і неагрэсіўны характар, і целасклад шчуплы.
Амапаўцы без прычыны напалі на вуліцы з дубінкамі на чалавека і збілі так, што разарвалі вантробы. Ніхто не заслугоўваў такой долі. Тым больш наш Сашка.
Другі аднакласнік: "У аддзяленні міліцыі Юра ўбачыў, што Саша не дыхае"
У рэстаране ў той вечар быў яшчэ адзін аднакласнік Сашы — Сяргей Осіпаў. Аб тым, што адбылося пасля затрымання ён ведае тое ж, што і Сяргей Б. — са слоў Юры.
— Потым міліцыя спрабавала абвінаваціць Сашу ў залішнім ужыванні алкаголю. Але, паверце, ніякіх алкаголікаў у нашай кампаніі не было, — распавядае ён TUT.BY. — Нам было па 18-19 гадоў — зусім пацаны, дзеці з прыстойных сем'яў, ніхто не піў гарэлку да чорцікаў. А Саша наогул ніколі не быў заўважаны ў нейкім "чадзе" і хуліганстве.
Рэзананс пасля гібелі Сашы быў вельмі моцны. Суд праходзіў у Оршы. Мне здаецца, калі б працэс быў у Віцебску, на яго прыйшоў бы ўвесь медінстытут: бацьку Сашы, дэкана, вельмі паважалі.
Пераклад НЧ. Артыкул цалкам чытайце на tut.by