У Віцебску напярэдадні Усебеларускага сходу прайшлі ператрусы і затрыманні

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Віцебску і раёне сілавікі правялі мінімум 9 начных ператрусаў. Сама меней на траіх чалавек завялі крымінальныя справы, паведамляе «Свабода».

d428dcdd_eb53_42ed_84df_7ad3360a9214_w1023_r1_s.jpg

У ноч з 9 на 10 лютага ў Віцебску адбыўся шэраг ператрусаў і затрыманняў. Як мінімум 9 начных ператрусаў у горадзе і раёне, сама меней чацвёра віцяблян знаходзяцца пасля іх пад вартай, піша «Віцебская Вясна».

Увечары 9 лютага затрымалі актывістаў Аляксандра Мацяюка і Алега Баразну. Паводле папярэдняй інфармацыі, якую маюць мясцовыя праваабаронцы, іх падазраюць у злачынстве паводле крымінальнага артыкулу 328 («Незаконнае абарачэнне наркотыкаў»).

Санкцыі на начныя ператрусы даваў новы пракурор Віцебску Андрэй Шклярэўскі.

Падчас ператрусу ў пасёлку Ноўка Віцебскага раёну затрымалі маці актывісткі Ангеліны Туравец Таццяну. Яе абвінавацілі ў непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і абразе службовай асобы (арт. 23.5 КаАП). 10 лютага Міхаіл Зубеня ў Віцебскім раённым судзе пакараў яе паводле двух артыкулаў і аштрафаваў на 870 рублёў.

Аднак ужо на выхадзе з судовай залі жанчыну чакалі ажно 10 супрацоўнікаў Віцебскага РАУС і Следчага камітэту. На Таццяну Туравец завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў». Яе затрымалі на 72 гадзіны.

Таксама стала вядома пра затрыманне валанцёркі грамадскай арганізацыі YMCA («Хрысціянская супольнасць дарослых і маладых») Яўгеніі Пачэпкі.