Заказніку «Блакітныя азёры» патрэбная дапамога
Праект Blue lakes travel апублікаваў фотаздымкі стану возера Глубля, якое з'яўляецца часткай «Блакітных азёр» і ўваходзіць у склад Нарачанскага нацыянальнага парка. Відовішча сумнае: паламаныя пірсы, раскіданае смецце. І гэта пры тым, што за ўваход на экасцежку бяруць грошы.
Валанцёры пастаянна выносяць горы смецця і самастойна расчысцілі дарогу ад паваленых дрэў, а вось адміністрацыя нацпарка, падобна, не робіць нічога. Лавы і пірсы разламаныя, старое бярвенне валяецца пасярод пляжу, смецце раскіданае, а стан прыбіральняў такі, што людзі вымушаныя выкарыстоўваць кусты, а дзеці — возера.
І гэта пры тым, што за ўваход на экасцежку нацпарк бярэ па 2 рублі, а ў дзень праходзіць да 700-800 чалавек.
Каб выправіць становішча, можна паспрабаваць напісаць зварот у Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Таксама варта папрасіць звярнуць увагу на сітуацыю Мядзельскі райвыканкам і звярнуцца да адміністрацыі нацпарка «Нарачанскі» (email: info@narochpark.by), каб яны ўсё ж выконвалі сваю непасрэдную працу.