Топ-10 фільмаў, дзеяньне якіх адбываецца ў дзесяці розных сталіцах сьвету
Напярэдадні Раства і Новага Году шмат каму жадалася б паехаць у незабыўнае падарожжа. Мы можам крыху дапамагчы: склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці стужак, у якіх героі жывуць і сутыкаюцца з прыгодамі ў абсалютна розных месцах. Паляцелі, прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Апошні імпэратар (The Last Emperor). 1987
Пачнем з Пэкіну. Лепшы фільм года, паводле амерыканскай кінаакадэміі, зьняў італьянец Бэрнарда Берталучы пра Кітай. Пачатак ХХ стагодзьдзя, хлопчыку было тры гады, калі ён атрымаў драконавы трон імпэратара, а калі яму было сем, ён ужо зрокся ад яго. Ва ўзросьце, калі розум толькі фармуецца, падзеі, што адбыліся паводле словаў апошняга імпэратара, назаўжды зьмянілі і яго і ўвесь Кітай.
Гэта эпас пра цалкам пасіўнага галоўнага героя, насуперак таму, што мы прызвычаіліся бачыць у падобных гісторыях. Хлопчыка выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах іншыя, ён разглядаўся як «фармальная неабходнасьць» для дасягненьня патрэбных рашэньняў. Фільм паказвае прыгнечанасьць імпэратара амаль адразу: сцэны яго дзяцінства перамяжоўваюцца са сцэнамі пазьнейшага перыяду жыцьця, калі кітайскія камуністы захапілі ўладу, а яго схапілі і трымалі ў лягеры, дзе партыйны чыноўнік правёў дзесяць гадоў, размаўляючы зь ім аб пераходзе ад імпэратара да садоўніка.
Нумар 9. Каралева Хрысьціна (Queen Christina). 1933
Пераносімся ў Стакгольм. Рэжысэр стужкі Рубэн Мамулян запрасіў для гістарычнай пастаноўкі найлепшую з магчымых на той час акторак. Грэта Гарба выглядае сапраўднай глыбай скрозь усе кадры, дзе гледачы сочаць за швэдзкай каралевай у сярэдзіне XVII ст. Калі нарадзілася прынцэса, тагачасны кароль Швэцыі Густаў ІІ Адольф Ваза (сваяк нашых вялікіх князёў з дынастыі Ваза) выхоўваў маленькую Хрысьціну Ваза як хлопчыка, бо вельмі яму карцела мець спадчыньнікам сына.
Стужка паказвае нам старажытную скандынаўскую дзяржаву, зь яе вялікім на той час супрацьстаяньнем пратэстантызму і каталіцтва. Чый бок падтрымае каралева? Глядзіце ў лепшай акторскай працы Грэты Гарба.
Нумар 8. Шпіёнскі мост (Bridge of Spies). 2015
Перад намі – Бэрлін. Нядаўна зьнятая, але ўжо клясычная шпіёнская драма Стывена Спілбэрга з шыкоўным выкананьнем галоўных роляў ад Тома Хэнкса і Марка Райлэнса. Як павінны выглядаць шпіён? Не, зусім не так як Шон Конэры ці Роджэр Мур – ён мусіць быць цішэй вады, такім, каб вы забылі, што ўжо бачылі гэтага чалавека праз 10 хвілінаў.
Напружаная, сапраўдная драма пра часы халоднае вайны, калі амэрыканскім службаў атрымалася злавіць шпіёна, які зьліваў таемную інфармацыю ў Крэмль. Справа закручваецца, калі зьяўляецца неабходнасьць абмену затрыманымі паміж двума геапалітычнымі ворагамі.
Нумар 7. Уся прэзыдэнцкая раць (All the President's Men). 1976
Далей – Вашынгтон. Знакамітая стужка Алана Пакулы, з Робэртам Рэдфардам і Дасьцінам Хофманам у галоўных ролях. Нават калі б сама гісторыя Ўотэргейта не была такой цікавай, якой яна ёсьць, гэты фільм, верагодна, быў бы такім жа добрым.
Атрымаўся захапляльны аповед, як двое зьнялі прэзідэнта. Стужка адлюстроўвае хаатычнае жыцьцё журналіста-рассьледавальніка. Дзеяньне фільма пачынаецца 1 чэрвеня 1972 года з моманту прыбыцьця ў Капітолій прэзідэнта Ніксана. Ён знаходзіцца на піку сваёй папулярнасьці, і здаецца, што яго немагчыма спыніць.
Затым стужка пераходзіць да падземнага гаража ў комплексе Ўотэргейт у Вашынгтоне, дзе ахоўнік заўважае прыадчыненыя дзьверы. Ён тэлефануе ахове, якая ловіць пяцёра чалавек, якія ўварваліся ў офіс Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі. Што адбылося далей — глядзіце ў захапляльнай працы Алана Пакулы.
Нумар 6. Цяжкасьці перакладу (Lost in Translation). 2003
Сафія Копала, дачка тытана кіно Фрэнсіса Форда Копалы, асоба самадастатковая. Яна так і не стала ў першыя шэрагі творцаў, але асобныя працы Сафіі – бліскучы прыклад майстэрства. Менавіта такім прыкладам зьяўляецца стужка з Білам Мюрэем і Скарлет Ёхансэн у галоўных ролях.
Гісторыя заснаваная на малаверагоднай сувязі паміж дзьвюма страчанымі душамі: састарэлым амэрыканскім акторам, якога Біл Мюрэй паказвае з фірмовай мэлянхоліяй, і маладой жанчынай, якая проста плыве па ўласным жыцьці.
Дзеяньне адбываецца ў шматмільённым Токіа, дзе на безьліч людзей існуе прорва самотных.
Нумар 5. Рым, адамкнёны горад (Roma città aperta). 1945
Легендарны фільм Рабэрта Расаліні пабачыў сьвет у першую мірную восень Італіі пасьля Мусаліні. Гэтае кіно ўзрушыць вас па поўнай. Рэжысэр нібы ходзіць (ці хутчэй бегае пад кулямі) з камэрай па горадзе і здымае дакументальны фільм. Сюжэтная лінія распавядае пра лідэра супраціву, які хаваецца ад нацыстаў.
Жыхары рымскага раёна блукаюць увесь час дзеяньня. Маладыя хлопцы рызыкуюць жыцьцём, каб увайсьці ў бойку з ворагам. Іх анёл-ахоўнік — каталіцкі сьвятар, які ўсімі магчымымі, а таксама немагчымымі спосабамі спрабуе выратаваць сяброў.
Фільм вельмі змрочны і цяжкі для ўспрыманьня праз рэалістычнасьць паказанага. Але як інакш бывае на вайне, асабліва калі змагаешся з фашызмам.
Нумар 4. Кабета з імём Голда (A Woman Called Golda). 1982
Едзем у Ерузалем. Фільм, які паставіў Алан Гібсан – пра дзяўчынку Голду, якая правяла дзяцінства ў беларускім Пінску, наведвала старажытную вялікую сінагогу, а потым вырасла і стала чацьвертым прэм’ер-міністрам Ізраіля. Увесь сьвет ведае яе як Голда Мэір, а дзявочае прозьвішча ў прыхаджанкі пінскай сінагогі – Мабовіч. Бацька-заснавальнік дзяржавы Ізраіль Давыд Бэн-Гурыён сказаў пра яе: «У адзін цудоўны дзень, калі будзе напісана гісторыя, у ёй будзе пазначана, што адна габрэйка дастала грошы, якія забясьпечылі існаваньне нашай дзяржавы».
Стужка адметная яскравым выкананьнем галоўнай ролі Інгрыд Бергман. Для акторкі гэтая праца стала апошняй у жыцьці, меньш чым праз год яна памерла. Нешмат прыхільнікаў «залатога стагодзьдзя галівуду» бачылі яе ролі ў сталым узросьце. Паверце, гэта вартае таго.
Нумар 3. Піяніст (The Pianist). 2002
Польшча, Варшава, вайна, габрэі. Гэтыя элементы ўключае ў сабе не адзін тузін фільмаў. Іх рознае прачытаньне і выяўленьне ў мастацкіх вобразах зьдзіўляе не адно пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе. У наш спіс трапіла праца Рамана Паланскага з эталённым вакананьнем галоўнай ролі ад Эдрыяна Броўдзі, які мае габрэйскія карані. 88 клявішаў інструмэнту і бясконцаў колькасьць зьдзекаў з боку нацыстаў.
Раман Паланскі, які вымушаны быў зьбегчы з сацыялістычнага раю Польшчы ў 1960-х, паказвае нам папярэдняе пакаленьне закатаваных, зьнішчаных і адрынутых палякаў. Ці вартая чаго-небудзь музыка ў межах канцлягеру? Ці патрэбныя піяністы, калі не хапае тых, хто будзе ў сваіх руках трымаць аўтамат супраць акупантаў?
Фільм стаў пераможцам кінафэсту ў Канах.
Нумар 2. Жыцьцё ў ружовым колеры (La Môme). 2007
Пабачыць Парыж, і выжыць. Французскі фільм пра найвялікшую французскую сьпявачку – Эдыт Піяф. Марыён Каційяр цалкам заслужана атрымала ўзнагароду Оскар за лепшую ролю. Аліўе Даан зрабіў стужку, якая прасякнутая музыкай. «Не, я не пра што не шкадую» – словы знакамітай песьні Эдыт Піяф. Знайсьці падставы шкадаваць з таго, што адбылося са сьпявачкай за гады жыцьця – прайсьцей простага.
Мы апынемся і на брудных вузкіх французскіх вулачках, нібы і не ў пачатку ХХ ст., а ў часы Бальзака. Мы трапім на сцэны кабарэ і шыкоўных заляў. Мы пражывем разам з Марыён Каційяр усё жыцьцё Эдыты Піяф, і не – не пашкадуем пра гэта.
Нумар 1. Трэці чалавек (The Third Man). 1949
У фільме з першага кадра ствараецца вобраз разбуранай, падзеленай Вены, апакаліптычнага мегаполіса. Нуар у сваёй лепшай праяве.
Захапляльнае рассьледаваньне абставінаў сьмерці сябра. Рэжысэр Кэрал Рыд віртуозна спалучае элементы таямніцы, здрады і маральнай неадназначнасьці герояў у складаны пасьляваенны час. Оскар Уэлз і Джозэф Котан ствараюць дуэт фенаменальнай акторскай гульні.
Безьліч таямніцаў загаданыя, штосьці мусіць адкрыцца, але якім коштам? Кожны выбар герояў стужкі цягне за сабою бурлівую працу ў душы. Сачыць за гэтым – адно задавальненьне.
Прыемнага прагляду!