Топ-10 фільмаў Жэрара Дэпардзье
На гэтым тыдні вялікі француз адзначыў чарговыя, ужо 76-я народзіны. За сваю кар'еру ён паспрабаваў у кіно, падаецца, усё. Скандалы апошніх гадоў з непераборлівасьцю ў палітычных сябрах актора мы пакінем па-за дужкамі. Мастацтва вышэй за гэта. Мы склалі аўтарскі сьпіс лепшых працаў Дэпардзье на экране. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Дантон (Danton). 1982
Гістарычная стужка Анджэя Вайды пра часы тэрору, што адбываліся ў Францыі пасьля рэвалюцыі. Галоўную ролю выконвае Жэрар Дэпардзье. У той час ён яшчэ не зьбіраў ураджай кавуноў з Лукашэнкам і не атрымліваў кватэры ў Грозным ад Кадырава. Тады Жэрар быў францускім акторам нумар 1. Рэвалюцыя зьядае сваіх дзяцей. Анджэй Вайда на момант здымкаў фільма жыў у Парыжы. Як пазьней ён распавядаў, зрабіць фільм пра францускія перавароты яго натхніў прыклад яго ўласнай радзімы, дзе ўжо распачаўся супраціў «Салідарнасьці» камуністам.
Фільм пра канфлікт паміж дзвюма найбольш яскравымі асобамі таго перыяду, двума рэвалюцыйнымі лідэрамі Дантонам і Рабесп'ерам, якія спачатку былі на адным баку, але прыйшлі да фундамэнтальных рознагалосьсяў, якія магла вырашыць толькі гільяціна.
Нумар 9. Жыцьцё ў ружовым колеры (La Môme). 2007
Фільм пра найвялікшую францускую сьпявачку — Эдыт Піяф. Марыён Каціяр цалкам заслужана атрымала ўзнагароду Оскар за лепшую ролю. Аліўе Даан зрабіў стужку, якая прасякнутая музыкай. «Не, я ні пра што не шкадую», — словы знакамітай песьні Эдыт Піяф. Роля Дэпардзье тут другасная, але яго немагчыма не заўважыць у вялікім фільме.
Знайсьці падставы шкадаваць з таго, што адбылося са сьпявачкай за гады жыцьця — прайсьцей простага. Мы апынемся і на брудных вузкіх францускіх вулках, нібы і не ў пачатку ХХ ст., а ў часы Бальзака. Мы трапім на сцэны кабарэ і шыкоўных заляў. Мы пражывем разам з Марыён Каціяр усё жыцьцё Эдыт Піяф, і не — не пашкадуем пра гэта.
Нумар 8. Напалеон (Napoléon). 2002
Калі асоба аднаўляльніка Вялікага Княства Літоўскага падаецца вам цікавай, абсалютна неабходна скіраваць сваю ўвагу на працу для тэлебачаньня Іва Сімано. Стужка паказвае грандыёзны і амбіцыйны вобраз адной з самых загадкавых постацяў у гісторыі, Напалеона Банапарта. Фільм з шырокім размахам і дэталёвай увагай да тонкасьцей жыцьця французскага кіраўніка зьяўляецца сьмелай кінематаграфічнай інтэрпрэтацыяй гісторыі.
Вобраз Напалеона выкананы Крысьціянам Клаўе, а Джон Малкавіч грае ролю міністра-пры-ўсіх-рэжымах Шарля Талейрана. Здрады, недавер і неабходнасьць супольнай працы суправаджаюць герояў праз усё жыцьцё на экране.
Тут і складаныя рамантычныя адносіны Напалеона, і посьпехі з паразамі на полі бітвы.
Нумар 7. Я вас кахаю (Je vous aime). 1980
Як кажуць французы – сэ ля ві, або – такое жыцьцё. Мэлядрама Клода Бэры знаёміць гледачоў з, падаецца, вельмі французскім – гісторыямі каханьня гераіні Катрын Дэнёў. Праз яе жыцьцё праходзяць розныя людзі ў выкананьні Сержа Генсбура, Жэрара Дэпардзье, Жан-Луі Трэнціньяна, Алэна Сушона, кожны зь якіх казаў ёй адну і тую ж фразу: Я вас кахаю.
Але такія жанчыны, як галоўная гераіня, ня здольныя на падобныя пачуцьці. Для іх усё ў сьвеце нібы гульня, рандомная кніга з выпадковымі аповесьцямі. Сёньня гэтае, заўтра – а заўтра яна забудзе, што было ўчора.
Нумар 6. Тыя, каму не шчасьціць (La chèvre). 1981
Французская камедыя аўтарства Франсіса Вэбэра. Калі вам надаралася падумаць пра сябе самога, што вы самы сапраўдны няўдаха, і ўсё, да чаго дакранецца вашая рукі ці думка пераўтвараецца ў пыл — абавязкова кідайце ўсё і сядайце глядзець гэты фільм. у яго герояў усё нашмат больш выразна праяўляецца, чым у вашым выпадку.
Жэрар Дэпардзье і П’ер Рышар граюць прыватнага дэтэктыва і таго самага, каму не шчасьціць. Перад імі няшчасным бацькам пастаўленая мэта — знайсьці выкрадзеную дачку, якая пакутуе на падобнае «захворваньне» — ёй таксама не шчасьціць.
Нумар 5. Халодныя закускі (Buffet Froid). 1979
Бертран Бліэ стварыў фільм, які зацягвае ў свае сеткі, не размазваючы па талерцы доўгае разьвіцьце і знаёмства з героямі. Адна з бліскучых роляў маладога Жэрара Дэпардзье. Уся гісторыя магла цалкам адбыцца і ў Менску, калі мы зьменім пачатковы мэтрапалітан у сталіцы Францыі на Аўтазаводзкую лінію.
Самы звычайны парыжскі жыхар спускаецца на сваю станцыю ў вечаровым горадзе, да яго падыходзіць незнаёмец, яны пачынаюць размову, у якой галоўны герой распавядае пра ўласныя фантазіі аб забойствах. Раптоўна зьяўляецца нож, ён пераходзіць з адных рук у іншыя, потым застаецца на лаве, а калі пра яго ўзгадваюць зноў — халодная зброя зьнікае, як і зьнікае незнаёмец.
Галоўны герой праз пэўны час пачынае разумець, што ён нейкім чынам датычны да забойстваў, пра якія ня ведае нічога. Прыходзіць час распачаць пошукі праўды.
Нумар 4. Простая фармальнасьць (Una pura formalità). 1993
Стужка Джузэпэ Тарнаторэ — гэта кінематаграфічная галаваломка, якая становіцца яшчэ больш захапляльнай дзякуючы захапляльнай музыцы Эніа Марыконэ. Адзін з рэдкіх выпадкаў, калі Раман Паланскі здымаецца не ў сваім фільме.
Гісторыя разгортваецца ў ізаляваным паліцэйскім пастарунку, дзе герой Жэрара Дэпардзье, знакаміты пісьменьнік, апынаецца ўцягнутым у дзіўны допыт, які вядзе інспэктар у выкананьні Рамана Паланскі. Пакой для допытаў становіцца месцам для бітвы розуму і волі. Ахвяра (альбо злачынца) вымушаны прадзірацца праз лябірынты створаных дыялёгаў каб пераканаць паліцэйскага ў невінаватасьці, а быць можа паспрабаваць пераканаць сябе самога, каб мець магчымасьць трымаць наступны інтэлектуальны ўдар.
Захапляльная гульня актораў і сцэнарыстаў.
Нумар 3. Апошняе мэтро (Le dernier métro). 1980
Франсуа Труфо зьняў звышэмацыйную стужку з Жэрарам Дэпардзье і Катрын Дэнёў у сваім росквіце кінематаграфічных кар’ераў. Мы ўбачым Парыж часоў нямецкай акупацыі, і перадусім — невялікі кінатэатар, кіраваць якім стала гераіня Дэнеў замест свайго мужа-габрэя, што мусіць хавацца.
Мастацтва стане своеасаблівай арэнай змаганьня з нацыстамі, калі, як падаецца, ужо ўсё задушана, і супраціў выглядае недарэчным. Стужка засяроджаная на душэўных перажываньнях галоўных герояў. У пэўны момант можна нават забыць, што карціна пра вайну. Але ў кожнае падобнае імгненьне гледачоў вяртаюць да рэчаіснасьці.
Вайна зьмяняе як дзяржавы, так і кожнага чалавека. Акупацыя ніколі не праходзіць бяз сьледу.
Нумар 2. Дваццатае стагодзьдзе (Novecento). 1976
Вельмі амбіцыйны кінашэдэўр рэжысэра Бэрнарда Берталучы зьяўляецца творам, які апісвае надзвычай бурны сацыяльна-палітычны ляндшафт Італіі ХХ стагодзьдзя. З пільнай увагай да дэталяў Берталучы запрашае гледачоў у эпічнае падарожжа працягласьцю больш за пяць гадзінаў (майце на ўвазе перад пачаткам прагляду!).
Мы сустрэнем дваіх сяброў з вельмі рознага паходжаньня - землеўладальніка, якога грае Робэрт Дэ Ніра, і селяніна ў выкананьні Жэрара Дэпардзье. Дэ Ніра, у адной са сваіх самых тонкіх і моцных роляў, бліскуча адлюстроўвае ўнутраныя канфлікты героя.
Бэрнарда Берталучы паказвае гістарычныя падзеі ад Першай сусьветнай вайны да ўздыму фашызму і наступнай Другой сусьветнай вайны. У фільмы яны пераплятаюцца з асабістымі гісторыямі пра каханьне, здраду і сяброўства.
Нумар 1. Адрынутыя (Les misérables). 2000
Гэтая тэлевэрсія, пастаўленая Жазэ Даянам зь вялікім засяроджаньнем на эмацыйнасьці, адрозьніваецца імкненьнем паглыбіцца ў заблытаныя пласты гісторыі Віктора Гюго. Стваральнікі прапаноўваюць гледачам дэталёвы разгляд вечных тэмаў французскага клясыка. Магутны вобраз Жана Вальжана ў выкананьні Жэрара Дэпардзье і яго ворага ўсяго жыцьця – інспэктара Жабэра ў манумэнтальным выкананьні Джона Малкавіча – робяць гэтую адаптацыю рамана найлепшай з усіх магчымых.
Узаемадзеяньне паміж Вальжанам і Жавэрам зьяўляецца эмацыйным ядром стужкі. Інспэктар, якога грае Малкавіч - гэта постаць непахіснай, амаль трагічнай адданасьці закону, якая стварае захапляльную мэтамарфозу ў характары Жана Вальжана.
Рэжысэр няўхільна адлюстроўвае жорсткую рэчаіснасьць Францыі ХІХ стагодзьдзя, ад убоства прадстаўнікоў парыжскай бядноты да багацьця яго буржуа. У той час як шматлікія экранізацыі звужаюцца і спрашчаюцца, вэрсія Жазэ Даяна патрабуе ўсяго неабходнага часу, каб дасьледаваць мноства персанажаў і падсюжэтаў.
Прыемнага прагляду!