Топ-10 фільмаў пра навуку

На гэтым тыдні была чарговая гадавіна сьмерці выбітнага навукоўца Галілеа Галілея. Кінематаграфісты заўжды ўважліва падыходзілі да стварэньня стужак пра навуку і тых, хто ёй займаецца. Хімікі, матэматыкі, фізыкі і іншыя станавіліся героямі цудоўных фільмаў. Мы склалі аўтарскі сьпіс 10 лепшых карцінаў. Прыемнага прагляду! 

Кадр з аднаго з фільмаў нашага сьпісу

Кадр з аднаго з фільмаў нашага сьпісу

Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.

Нумар 10. Штам Андрамеда (The Andromeda Strain). 1970

the_andromeda_strain_1.jpg

Вірусы і эпідэміі былі заўжды, і натхнялі стваральнікаў кіно здаўна. Робэрт Уайз паставіў гэтую стужку паўстагодзьдзя таму.

Пасьля вяртаньня на Зямлю касьмічнага спадарожніка практычна ўсе жыхары горада, куды ён прыляцеў, знойдзены мёртвымі. Кіраўнік касьмічнага праэкту абвяшчае надзвычайнае становішча. Знойдзеная нейкая па-за зямная форма жыцьця. Навукоўцаў скіроўваюць у гэты гарадок – яны спрабуюць ізаляваць гэтае новае, невядомае жыцьцё, а таксама даведацца, чаму адно немаўлятка і адзін пэнсіянэр засталіся жывымі.

Пасьля эксперыментаў у лабараторыі становіцца зразумелым: зьявіўся новы штам – небясьпечны і цалкам невядомы. Чалавецтву пагражае сьмерць.

Гэта адзін са шматлікіх фільмаў пра іншаплянэтнае жыцьцё, што трапляе на Зямлю, але менавіта гэты – вельмі ўдалы.

Нумар 9. Марсіянін (The Martian). 2015

the_martian_1.webp

Грандыёзная стужка Рыдлі Скота перамагла на прэміі Залаты Глёбус у намінацыі лепшы фільм (камедыя альбо мюзікл). Гэта, верагодна, самае дзіўнае ўзнагароджаньне, бо ні камедыяй, ні тым больш мюзіклам гэты фільм не зьяўляецца.

Мэт Дэйман і Джэсіка Чэстэйн выконваюць галоўныя ролі ў гэтай карціне. Як чалавека, які ваяваў у Аўганістане называюць аўганцам, так і героя Мэта Дэймана, які быў у складзе экспедыцыі на Марс называюць марсіянінам. Праблема толькі ў тым, што праз няшчасны выпадак яго пакідаюць на чырвонай плянэце. Спробы выжыць аднаму і праца па яго верагодным вяртаньні – зьяўляюцца асноўным сюжэтам стужкі. Бывае сумна, калі маці забывае сваё дзіцё ў краме, яшчэ больш сумна, калі чалавека забываюць на іншай плянэце.

Нумар 8. Заражэньне (Contagion). 2011

contagion_2.avif

Стужка Стывена Содэрбэрга выйшла больш за 10 гадоў таму, але атрымала другую маладосьць разам з распаўсюдам новага вірусу, што зьявіўся ў кітайскім Ухані. Вельмі моцныя перакліканьні з рэальнасьцю знайшлі аматары кіно і канспіралёгій. Бліскучы акторскі склад, якому пазайдросьцяць безьліч фільмаў, якія выходзяць на экраны.

У 2020 годзе Джуд Лоў, адзін з актораў распавядаў, як яшчэ падчас здымкаў група навукоўцаў, якія супрацоўнічалі з рэжысэрам і сцэнарыстам, папярэджвалі ўсіх, што аналягічны вірус, пандэмія, абавязкова ў хуткім часе абрынуцца на жыхароў Зямлі. Каб злавіць флэшбэкі, і даведацца як справіцца з вірусам (альбо вірус справіцца з людзьмі) – пачынайце прагляд. Ажно дрыжыкі прабіваюць, на колькі стваральнікі былі блізкія да таго, што адбудзецца неўзабаве.

Нумар 7. Забароненая плянэта (Forbidden Planet). 1956

forbidden_planet_1.jpg

Гэтая стужка стала прарывам у кінематографе. Гэта быў першы навукова-фантастычны фільм, які паказвае людзей, якія падарожнічаюць на створаным імі зоркалёце хутчэй за сьвятло. Ён таксама быў першым, дзеяньне якога адбываецца на іншай плянэце ў міжзоркавай прасторы, далёка ад Зямлі.

Справа адбываецца на далёкай плянэце, насельнікі якой з зямлі доўгі час не выходзяць на сувязь. Экіпаж, які выляцеў каб даведацца аб прычынах гэтага знаходзіць на плянэце толькі дваіх выжылых – прафэсара і яго маладую дачку. Усе іншыя былі зьнішчаныя па невядомай прычыне. З новым экіпажам пачынаюць таксама адбывацца дзіўныя рэчы. У адной з галоўных роляў – знакаміты ў будучыні комік Лэслі Нільсэн.

Нумар 6. Гульня ў імітацыю (The Imitation Game). 2014

the_imitation_game.jpg

Без падзеяў, якія па-майстэрску паказваюцца ў гэтым фільме, не было б, верагодна, чалавечай цывілізацыі. Той, якая знаёмая нам сёньня. Справа была ў часы Другой сусьветнай, калі нацысты былі ў паўкроку ад татальнай перамогі. Усход, захад, любая кропка сьвету была пад пагрозай нечаканай атакі новага налёту люфтвафэ альбо спецапэрацыі агентаў на тэрыторыі дзяржаваў вольнага сьвету.

Немцы выкарыстоўвалі фантастычна ўдалую шыфравальную машыну «Энігма», якая дазваляла камунікаваць без рызыкі перахопу інфармацыі. Але быў адзін чалавек, адзін сьціплы брытанец, які перамог гэтую машыну. Гісторыя матэматыка Алана Цьюрынга захапляе і сёньня. Бэнэдыкт Камбэрбэтч вельмі ўпэўнена выглядае ў кадры, які спраэктаваў рэжысэр Мортэн Цільдум.

Нумар 5. Опэнгэймэр (Oppenheimer). 2023

oppenheimer_2.jpg

Біяграфія стваральніка атамнай бомбы не магла ня выклікаць падвышаную цікавасьць у наш час, калі тэрарысты з Крамля шантажуюць сьвет выкарыстаньнем той самай бомбы. У час стварэньня гэтай зброі, а менавіта напрыканцы Другой сусьветнай вайны, заходнія дэмакратыі ясна разумелі небясьпеку і варожую сутнасьць «сытуацыйнага хаўрусьніка» ў барацьбе з немцамі, які сядзеў у тым жа Крамлі. Таму цалкам дарэчнае зьяўленьне стужкі Нолана менавіта ў гэты час.

Кіліян Мёрфі ў ролі знакамітага навукоўца, акрамя якаснай акторскай працы, стаў вядомым як герой незьлічонай колькасьці мэмаў. Няпростая, не самая цікавая і захапляльная і доўгая гісторыя пайшла ў людзі, што варта адзначыць як магічную здольнасьць Крыстафэра Нолана ствараць захапляльнае кіно.

Ці шмат людзей, якія здольныя вытрымаць прагляд стужкі другі раз­­­? І ці цікава будзе глядзець гэты баёпік наноў – вырашаць вам.

Нумар 4. Назад у Будучыню (Back to the Future). 1985

back_to_the_future_1.webp

У гэтай клясычнай навуковай фантастыцы 1980-х гадоў каліфарнійскі падлетак Марці Макфлай (Майкл Дж. Фокс) вяртаецца ў 50-я гады, калі эксперымэнт яго эксцэнтрычнага сябра-навукоўца Дока Браўна (Крыстафер Лойд) не атрымліваецца.

Падарожнічаючы ў часе на мадыфікаваным аўтамабілі DeLorean, Марці сустракае маладыя вэрсіі сваіх бацькоў (Крыспін Гловер, Леа Томпсан) і павінен пераканацца, што яны закахаюцца, інакш ён перастане існаваць. Што яшчэ больш страшна, Марці павінен вярнуцца ў свой час і выратаваць жыцьцё Дока Браўна. Фільм Робэрта Зэмэкіса.

Нумар 3. Інтэрстэлар (Interstellar). 2014

interstellar_3.jpg

Гэтая стужка ўжо зьяўляецца клясыкай фільмаў пра космас. Крыстафэр Нолан ў чарговы раз вырашыў стварыць і паглыбіць глядачоў у дзівосны клубок пераблытаных сусьветаў. Адзін дзень далёка па-за межамі Зямлі можа цягнуцца доўгія гады на нашай плянэце. Што калі адсюль трапіць за сьветлавыя гады туды, і заблытацца ў вяртаньні. Што будзе, калі твая справа займала імгненьне, а на Зямлі за гэты час прайшло ўсё жыцьцё?

Ці можна паспрабаваць перайначыць прастору і час? Ці можна вярнуцца назад, але як бы наперад? Фантастычны фільм з фантастычным акторскім складам. Вас будуць заблытваць і разблытваць Мэцью МакКонахі, Джэсіка Чэстэйн, Эн Хэтуэй.

Нумар 2. Абуджэньне (Awakening). 1990

awakening_1.jpg

Створаны Пэні Маршал фільм заснаваны на мэмуарах нэўрапатоляга. Стужка выходзіць за межы тыповых медыцынскіх драмаў, рэжысэрка разглядае жыцьцё, хваробы і дрыготкія моманты, якія і прымушаюць нас адчуваць сябе жывымі.

Робэрт Дэ Ніра бліскуча выконвае ролю пацыэнта, які пакутуе ад складанай і рэдкай хваробы. Робін Уільямс, які грае спагадлівага лекара, прыўносіць на экран сваю характэрную цяплыню, як і ў іншых сваіх фільмах. Калі Ўільямс зьяўляецца ў фільме – вы адразу зразумееце, што ён грае самага добрага чалавека ў сьвеце.

Пэні Маршал пастаралася, каб стужка не пераўтварылася ў сэнтымэнтальную меладраму. Замест гэтага фільм застаецца абгрунтаваным, і ў нечым грубым, што да праблемаў пацыентаў і тых, хто за імі даглядае.

У кожным чалавеку ёсьць неверагодны патэнцыял, які ціха сядзіць ва ўсіх нас, і чакаюе патрэбнага моманту, каб прачнуцца.

Нумар 1. Гульні розуму (A Beautiful Mind). 2001

a_beautiful_mind.jpeg

Лепшага матывацыйнага фільма, каб вашае дзіцё вырашыла стаць матэматыкам, не магчыма знайсьці. Геніяльная акторская праца Расэла Кроў стала эталоннай. Гэта безумоўна яго лепшая роля ў кар'еры. Нават знакаміты «Гладыятар» прайграе ў чыстым акторскім майстэрстве.

Стужка Рона Ховарда распавядае насамрэч вельмі складаную, нават жорсткую сапраўдную гісторыю будучага Нобэлеўскага ляўрэята. Герой Расэла Кроў быў геніем, але вельмі спецыфічным. Варта прызнаць, што альбо большасьць насельніцтва сьвету мае мэнтальныя праблемы, а знакаміты матэматык іх ня меў, альбо ўсё роўна наадварот.

ЦРУ, шпіёны, лічбы на вакне – усё гэта стала сапраўднай клясыкай кіно.

Прыемнага прагляду!