Топ-10 фільмаў Дэвіда Лінча: памяці цудоўнага творцы

У чацьвер зьявілася сумная навіна аб сканчэньні зямнога жыцьця Дэвіда Лінча. Рэжысэр стаў да такой ступені знакавым, што няма сумневаў, яго творчасьць і ўплыў на іншых застануцца на доўгія дзесяцігодзьдзі наперад. Мы склалі аўтарскі сьпіс дзесяці лепшых працаў Дэвіда. Прыемнага прагляду!

Дэвід Лінч

Дэвід Лінч

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Трусы (Rabbits). 2002

rabbits.jpg

Усяго 43 хвіліны, разьбітыя на 8 частак, усяго 4 акторы, якія выконваюць ролю людзей у масках трусаў: ці гатовыя б вы былі ўзяцца за такую кінематаграфічную працу? Ці магчыма стварыць нешта незвычайнае, і адначасова аўтарска-значнае?

Дэвід Лінч справіўся. Вынік нагадвае тэлевізійны сітком з альтэрнатыўнага, кашмарнага сусьвету  кожная сцэна  галаваломка, якая запрашае гледача марна шукаць падказкі. Рэдкія, малазразумелыя фразы, кароткія, насычаныя эпізоды: вітаем у сусьвеце майстра сюррэалізму.

Нумар 9. Твін Пікс: Агонь, ідзі са мною (Twin Peaks: Fire Walk with Me). 1992

twin_peaks_fire_walk_with_me.avif

Гэтая праца Дэвіда Лінча цалкам не падыходзіць тым, хто не знаёмы з культавым сэрыялам «Твін Пікс». Прыквэл тэлевізійнага шэдэўра атрымаўся кіслым. У адсутнасьць вялікай часткі асноўных герояў арыгінальных эпізодаў, гісторыя вымушаная круціцца ад таго, што засталося.

Калі вы ўсё ж бачылі першыя ва сэхоны «Твін Пікс», тады сустрэча з улюбёнымі, хоць і ў абрэзанай колькасьці, героямі стане прыемнай. Але чакаць фэерыі не выпадае. Прынамсі легендарную музыку Анджэла Бадаламэнці можна паслухаць.

Нумар 8. Дзюна (Dune). 1984

dune.webp

Спробы сучаснай інтэрпрэтацыі знакамітага сюжэта з Цімаці Шаламэ выглядаюць дзіцячай гульнёй у параўнаньні з працай Лінча. Яго амбіцыйная навукова-фантастычная эпапея перавяла раман Фрэнка Гербэрта на вялікі экран. Дэвід Лінч здолеў спалучыць веліч і задуменны сюрэалізм.

Ужо з першых сцэнаў становіцца ясна, што Лінч стварае адчуваньне міфічнай істотнасьці — тагасьветныя віды пустынных плянэтаў, вялізных пясчаных чарвякоў, якія круцяцца пад дзюнамі, і хоры прароцтваў, што падкрэсьліваюць мэсіянскае адценьне гісторыі.

Калі ёсьць выбар – не глядзіце новую «Дзюну», азнаёмцеся з гэтым фільмам.

Нумар 7. Сіні аксаміт (Blue Velvet). 1986

blue_velvet.webp

Слоган фільма падыйшоў бы да любога фільма Дэвіда Лінча: «Гэта дзіўны сьвет». Адна з першых вялікіх і магутных роляў Кайла Маклохлана, зоркі «Твін Пікс» у будучыні. Пачынаецца фільм даволі нявінна: малады чалавек знаходзіць адрэзанае вуха недалёк ад дома і як законапаслухмяны грамадзянін здае яго ў паліцыю.

Аднак гэтая дзіўная знаходка прымушае сутыкнуцца галоўнага героя з самымі цёмнымі куткамі роднага горада. Фільм захоўвае двухсэнсоўнасьць і пакідае некаторыя пытаньні без адказаў. Альбо адказы без пытаньняў.

Нумар 6. Дзікія сэрцам (Wild at Heart). 1990

wild_at_heart.jpg

Стужка Дэвіда Лінча, якая атрымала Залатую пальмавую галіну ў Канах – гэта яркая, рок-н-рольная вандроўка, што прынясе адным асалоду ў духу «Боні і Клайда», а іншыя сыйдуць з прагляду, як гэта масава было ў амэрыканскіх кінатэатрах пры папярэдніх праглядах. Зь якой катэгорыі вы і вашыя ўпадабаньні?

Стужка спалучае рамантычную мэлядраму, рэзкі гумар і шакавальную жорсткасьць. Вядома, Лінч ня быў бы самім сабою, калі б проста зьняў роўд-муві аб тым, як парачка з герояў Нікаласа Кейджа і Лоры Дзёрн спрабуе зьбегчы ад забойцаў. Сюрэалізм пралізае і ў гэты жанр.

Нумар 5. Нутраная імпэрыя (Inland Empire). 2006

inland_empire.jpg

Журы Канскага кінафэста аддала належнае Лінчу, і абвесьціла яго лепшым рэжысэрам таго года. Іншыя гледачы пад пагрозай: можна амаль увесь фільм адчуваць дыскамфорт ад прагляду, мець амаль фізычныя адчуваньні нячыстасьці на сабе. Але на гэта аматары мэтра адкажуць: вось ён, сапраўдны аўтар, вось яно, чыстае мастацтва.

Амаль увесь фільм быў зьняты ў Польшчы, а дакладней у адным з самых непрывабных сёньняшніх гарадоў – Лодзі. Сюжэт, як і вельмі часта бывае з Лінчам – досыць умоўны. Мы маем актораў, якія здымаюцца ў фільме, які некалі ўжо пачыналі здымаць, але ранейшыя выканаўцы былі знойдзеныя мёртвымі. Новым героям становіцца страшэнна.

Нумар 4. Чалавек слон (The Elephant Man). 1980

the_elephant_man.jpg

Фільм заснаваны на рэальнай гісторыі Джозэфа Мерыка. Чорна-белы бліскучы твор Дэвіда Лінча апісвае жудасныя перажываньні аднаго чалавека ў якасьці «вырадка» ў віктарыянскім Лёндане. Стужка атрымала восем намінацыяў на Оскары, уключна з «лепшым фільмам года», але на жаль, засталася без узнагародаў. А ўшанаваць было што!

Бліскучая роля Джона Хёрта, які з надрывам паказвае чалавека, які мусіць існаваць у фрык шоў, каб пасьля апынуцца ў лякарні, магчыма, назаўжды. Яго экранным кампаньёнам становіцца лекар у выкананьні сэра Энтані Хопкінса.

Людзям было цікава паглядзець і спужацца «вырадка». А што адбывалася ў душы такога чалавека, які фізычна вельмі адрозьніваўся ад супляменьнікаў?

Нумар 3. Шаша ў нікуды (Lost Highway). 1997

lost_highway.jpeg

Вельмі ня простая да ўспрыняцьця і разуменьня праца Дэвіда Лінча стане добрым арбітрам у справе ўпадабаньня ці раздражненьня кожнага канкрэтнага гледача ад творчасьці гэтага рэжысэра. Тое, што робіць дзікі фільм пра раптоўнае абвінавачваньне ў забойстве такім неверагодным, - гэта здольнасьць аўтара перадаць жах праз штодзённасьць.

Біл Пулман і Патрысія Аркет падаравалі сваім выкананьнем шанец гледачам цалкам паглыбіцца ў атмасфэру. Шакавальныя відэакасэты, забітая жанчына, і незразумелы вінаваты – як тут ня сесьці ў машыну і не націснуць на газ па поўнай.

Відавочныя сцэны гвалту ў фільме могуць адштурхнуць тых, хто не гатовы да змрочнага рэалізму.

Нумар 2. Малхоланд Драйв (Mulholland Dr.). 2001

mulholland_dr..jpg

Заблытаны, містычны, прыгожы трылер нуар Дэвіда Лінча. Пачатковая акторка прыязджае ў Лос-Анджэлес, там жа зьяўляецца таямнічая жанчына з амнэзіяй, і ім наканавана паглыбіцца ў дзівосную гісторыю, напоўненую ілюзіямі і снамі.

Чырвоныя ліхтары, цёмныя завулкі, закусачная з прадказаньнямі: кожны кадр напаўняеццат пачуцьцём жаху. Ён яшчэ не зразумелы, яго нельга памацаць, але галава гледача ўжо апускаецца ў гэтае павуціньне, бы кісель.

Для гледачоў, якія прагнуць дакладнай разгадкі кожнай таямніцы або наўпроставага дзеяньня ў стужцы, гэты фільм можа заблытаць глузд.

Сам Дэвід Лінч даў адну з падказак, як лепш зразумець фільм: «Надайце асаблівую ўвагу пачатку фільма: як мінімум дзьве падказкі зьяўляюцца перад тытрамі».

Нумар 1. Твін Пікс (Twin Peaks). 1990

twin_peaks.jpg

У нашай рубрыцы мы не разглядаем сэрыялы, але сёньня вырашылі зрабіць выключэньне. Тым больш, на думку аўтара, гэтыя 30 эпізодаў – найлепшае, што калі-небудзь бачыў тэлевізійны экран. Дэвід Лінч і Марк Фрост стварылі фантастычны сусьвет. Іх героі працягваюць існаваць і далёка па-за межамі містычнага твору.

Гарадок Твін Пікс, недалёк ад мяжы ЗША з Канадай, стаў недасяжнай марай. На першы погляд гаворка ідзе пра забойства школьніцы Лоры Палмэр, але хутка становіцца відавочным, што гэта ўсяго толькі ключ да чагосьці зусім дзіўнага — сховішча схаваных жаданьняў і жудасных здарэньняў.

Дзясяткі сымбаляў, мэтафараў і тысячы кубкаў кавы з вішнёвым пірагом ці пончыкамі. Пасьля адказу на пытаньне «Хто забіў Лору Палмэр» гледачоў чакае яшчэ большы сюрэалізм на экране.

Прыемнага прагляду!