Топ-10 фільмаў сэра Энтані Хопкінса

Брытанскі рыцар, а па сумяшчальніцтву вялікі актор сусьветнага кіно на днях адзначыў 87-мы дзень народзінаў. З гэтай нагоды мы падрыхтавалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых стужак спадара Хопкінса. Прыемнага прагляду!

Энтані Хопкінс

Энтані Хопкінс

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Знаёмцеся, Джо Блэк (Meet Joe Black). 1998

meet_joe_black.jpg

Містычная, казачная драма Марціна Брэста прыйдзецца даспадобы ўсім. Пад выглядам простай гісторыі з жыцьця аднае сям'і, стваральнікі здолелі блізка падыйсьці да таемнай і страшэннай тэмы непазьбежнай сьмерці кожнага чалавека. Ня будзе перабольшваньнем казаць, што сэр Энтані Хопкінс тут – трымае на сабе ўвесь фокус рэжысэра. Кожная сцэна зь яго ўдзелам – як майстар-кляса акторскага майстэрства найвышэйшага гатунку.

Што б вы рабілі, калі б да вас прыйшла сьмерць, і дала вам пару дзён. Ці паверылі б вы ў такое? Брэд Піт выглядае ўпэўнена, але галоўны герой, безумоўна іншы.

Нумар 9. Дракула (Dracula). 1992

dracula_1.webp

Экранізацыя клясычнага рамана Брэма Стокера ад Копалы зьяўляецца бадай што найлепшай вэрсіяй знакамітага сюжэту. У ролі галоўнага вампіра — Гары Олдман, у акторскім складзе таксама Вайнона Райдэр, Кіану Рыўз і Энтані Хопкінс. Копала стварае яскравы, пачуцьцёвы сьвет вампіраў, які нагадвае пра дэкаданс і жах гісторыі канца ХІХ ст.

Асноўным недахопам стужкі можна пазначыць героя Кеану Рыўза, ён, як і ў шматлікіх іншых сваіх акторскіх працах, зьяўляецца драўляным і амаль безэмацыйным.

Фрэнсіс Форд Копала дазволіў сабе зрабіць адыход ад кананічнага тэксту і дадаў перадгісторыю Дракулы, адначасова пераасэнсаваў лініі некаторых асноўных герояў. Аматарам гатычных фільмаў карціна прыйдзецца даспадобы.

Нумар 8. Хічкок (Hitchcock). 2012

hitchcock_1.jpg

У гэтай стужцы створаная спроба асэнсаваць спадчыну і жыцьцёвы шлях аднаго з галоўных стваральнікаў кіно. Скарлет Ёхансэн у гэтым баёпіку выконвае ролю акторкі Джанэт Лі, якая знаёмая кожнаму аматару трылераў як галоўная гераіня фільма «Псыха» Альфрэда Хічкока.

Узаемаадносіны акторкі і маэстра напоўненыя гучным напружаньнем. Генія кіно на экране ўвасобіў іншы геній – Энтані Хопкінс. Гледачы зазірнуць у працэс стварэньня знакамітага трылера 1960-га года. З аднаго боку суцэльнае мастацтва, а з іншага – не простыя ўзаемаадносіны з уласнай жонкай.

Нумар 7. Баўнці (The Bounty). 1984

the_bounty_1.jpg

Гэты фільм, які адрозьніваецца ад сваіх папярэднікаў пра знакаміты бунт на караблі, прапануе сьвежы погляд на падзеі, якія прывялі да аднаго з самых сумна вядомых мяцяжоў у ваенна-марской гісторыі. Стужка з Мэлам Гібсанам і Энтані Хопкінсам стварае выкшталцоную карціну складаных характараў і надзвычай суровых рэаліяў марскога жыцьця напрыканцы XVIII стагодзьдзя. Разам зь імі ў стужцы зьняўся Дэніэл Дэй-Льюіс, адзін з самых лепшых актораў у гісторыі.

У адрозьненьне ад ранейшых вэрсій гісторыі, якія часта малявалі капітана як тыранічнага злыдня, а старэйшага афіцэра як гераічную постаць, гэтая праца Роджэра Дональдсана паглыбляецца ў душы герояў.

Кожны з маракоў апынецца ўрэшце на райскай выспе, дзе мясцовыя паненкі будуць радыя выканаць любыя жаданьні. Зрэшты, гэта цалкам не адпавядае дысцыпліне. Але якое падпарадкаваньне, калі ты ў раі?

Нумар 6. Легенды восені (Legends of the Fall). 1994

legends_of_the_fall_1.jpg

Гістарычная драма Эдварда Цьвіка пра перыяд грамадзянскай вайны ў Злучаных Штатах. У арыгінальнай назьве слова Fall грае рознымі сэнсамі — не толькі адценьнямі восені, але таксама зьвяртаецца да падзеньня, дакладней, да грэхападзеньня ў Раі. Камера з падкрэсьленай дакладнасьцю паказвае нам герояў гісторыі — бацькі ў выкананьні Энтані Хопкінса, яго трох сыноў, адзін зь іх быў увасоблены Брэдам Пітам, а таксама прыгожай паненкай — Джуліяй Армонд. Па меркаваньні амэрыканскай кінаакадэміі, апэратарская праца стала найлепшай у тым годзе.

Гісторыя, якая разгортваецца ўвосень, пачынаецца з таго, што малодшы сын прыводзіць у дом нявесту. Грамадзянская вайна жорстка ўрываецца ў жыцьцё закаханых. Малады чалавек памірае, але нявеста працягвае чакаць у ягоным доме, усіх жыхароў якога чакаюць значныя зьмены ў жыцьці.

Нумар 5. Уся каралеўская раць (All the King's Men). 2006

all_the_king_s_men_1.jpeg

Праца Стывена Зэліяна заснаваная на рамане Робэрта Пэна Ўорэна, які атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Фільм спрабуе паглыбіцца ў карупцыю і разлады амэрыканскай палітыкі. Адразу адзначым – у 1949 годзе выйшла першая экранізацыя, якая на некалькі ўзроўняў пераўзыходзіць гэтую вэрсію: ранейшы фільм быў прызнаны лепшым фільмам года, гэтая ж вэрсія правалілася ў пракаце.

Але разам з тым ня ўсе любяць вельмі ўжо старое кіно, і гэтая экранізацыя з Шонам Пэнам, Энтані Хопкінсам і Кейт Уінслет безумоўна вартая прагляду. Нягледзячы на амэрыканскі палітычны кантэкст, лёгка можна ўявіць якою-кольвек іншую краіну, нават Беларусь, калі некалі чыстыя сэрцам і памкненьнямі маладыя людзі, якія прагнуць да рашучых дзеяньняў і зьмены палітычных правілаў, самі прымаюць ранейшыя брудныя схемы, як толькі атрымліваюць той ці іншы кантроль.

Нумар 4. Два Папы (The Two Popes). 2019

the_two_popes.jpg

Фільм рэжысэра Фэрнанда Мэйрэлеса бліскуча адлюстроўвае ключавы момант у найноўшай гісторыі Каталіцкага Касьцёла праз далікатнае дасьледваньне дзьвюх яго галоўных фігураў — Папы Бэнэдыкта XVI і кардынала Хорхе Бэрголіа, які пазьней быў абраны новым Папам Францішкам. Дзеяньне фільма разгортваецца на фоне прыгожа намаляванага Рыма і Ватыкана, і ён менш распавядае пра фізычны горад, а больш пра сымбалічную і гістарычную вагу, якую ён нясе як сэрца каталіцкага сьвету.

Энтані Хопкінс і Джонатан Прайс выконваюць вельмі глыбокія ролі Папы Бэнэдыкта XVI і кардынала Бэрголіа. У безьлічы шыкоўных дыялёгах гледачы знаёмяцца з узаемаадносінамі дваіх лідараў. Тое, што далейшыя погляды на будучыню Касьцёла былі дыямэтральна рознымі, паказвае кніга былога асабістага сакратара Бэнэдыкта XVI, якая пабачыла сьвет летась.

Папа Бэнэдыкт XVI паказаны як вобраз традыцыйнага, кансэрватыўнага сьвятара, а будучы Папа Францішак – як прыклад сьвежага ветру. Вядома, ёсьць вялікае пытаньне, ці не зьнясе сьвежы вецер усё тое, што будавалася напрацягу двух тысячаў гадоў. І ці дзьме ён насамрэч у правільны бок – пакажа гісторыя.

Нумар 3. Леў зімою (The Lion in Winter). 1968

the_lion_in_winter_2.jpg

Гістарычная драма пра сярэднявечную Англію. Кэтрын Хёпбэрн, Пітэр О’Тул, а таксама малады Энтані Хопкінс (так, ён калісьці быў не адразу сярэдніх гадоў) выконваюць галоўныя ролі ў фільме Энтані Харві. На экране — 1183 год, калі кароль Англіі зьбіраецца прызначыць свайго спадкаемца на трон. Шмат прэтэндэнтаў, яшчэ больш інтрыгаў, але карона дастанецца камусьці аднаму. Гісторыя, дзе сярод вялікай сям’і ёсьць вялікія пляны, якім спадарожнічае вялікая ўзаемная нянавісьць.

Кэтрын Хёпбэрн грае жонку караля Элеанору Аквітанскую, якая мае ўласныя ідэі што да будучыні манархіі. Дададзім, што каралева Элеанора, як даведваемся напачатку, ужо пасьпела быць палітычнай зьняволенай пасьля спробы замаху на свайго мужа.

Нумар 2. Бацька (The Father). 2020

the_father_1.jpg

Рэжысэрскі дэбют Фларыяна Цэлера атрымаўся звышудалым. Стужка запрашае гледачоў у сьвет, дзе жыве Энтані, якога грае сапраўдны Энтані – Хопкінс. Гэта чалавек, які імкліва старэе, і разам з гэтым змагаецца з пагаршэньнем стану свайго розуму. У той час як гісторыя нібыта круціцца вакол зьніжэньня здольнасьцей героя, насамрэч гэта аўтарскае разважаньне аб сямейных адносінах. Асабліва складанай іх частцы - паміж састарэлымі бацькамі і іх дарослымі дзецьмі.

Іх узаемадзеяньне з дачкой, якое чаргуецца момантамі пяшчоты, расчараваньня і гора, яскрава ілюструе эмацыянальны ўдар, які дэменцыя наносіць не толькі хворым, але і іх блізкім.

Не забывайцеся цаніць хвіліны радасьці з сям’ёй.

Нумар 1. Маўчаньне ягнятак (The Silence of the Lambs). 1990

the_silence_of_the_lambs_1.jpg

Стужка – выбітны твор мастацтва. На адпаведнай цырымоніі Оскар яна атрымала ўсе самыя галоўныя статуэткі: лепшы фільм года, лепшы рэжысэр – Джонатан Дэмэ, лепшы сцэнар, жаночая роля Джодзі Фостэр і, вядома, лепшая мужчынская роля Энтані Хопкінса.

Ганібал Лектар з тых часоў стаў адным з самых цікавых герояў, што зьяўляліся ў кіно. Згадзіцеся, шляхетнага выгляду чалавек, які зь нейкіх прычынаў пачаў есьці людзей, але не становіцца тым, каго не можа вынесьці глядач – гэта інтрыгуе. І калі вы яшчэ не знаёмыя з гэтым фільмам, не хвалюйцеся, сцэнаў у духу «Тэхаскай разьні бэнзапілой» тут няма ўпрынцыпе.

Інтэлектуальныя размовы Хопкінса з Джодзі Фостэр захапляюць, і з іншага боку здольныя спужаць проста тэмбрам голаса (паспрабуйце паглядзець у арыгінале!).

І калі заснуць вы такі ня зможаце, тады варта ўмацаваць уражаньне стужкай-працягам – «Ганібал», якая выйшла ў 2001 годзе.

Прыемнага прагляду!