Найлепшы год за апошні час. Чаму шанцуе беларускай эканоміцы?

Эканамісты ўсё прадракаюць крах беларускай эканоміцы, але яна трымаецца — і нават паказвае поспехі. Адкуль такія цуды?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусь заняла трэцюю пазіцыю ў рэйтынгу Міжнароднага валютнага фонду па прагназуемым росце ВУП сярод еўрапейскіх краін у 2024 годзе. ВУП Беларусі вырас на 3,6% у трэцім квартале 2024-га. Ці значыць гэта, што ў беларускай эканоміцы ўсё добра? Чаму апошнім часам скача курс рубля і чаго чакаць ад эканомікі ў наступным годзе? Пра гэта «Deutsche Welle» паразмаўляла з незалежнымі эканамістамі.

Беларускі рубель падае ўслед за расійскім

Нядаўнія скокі курсу рубля эканамісты ў першую чаргу звязваюць з моцнай залежнасцю Беларусі ад расійскай эканомікі. «Змены курсу мы назіралі ў сувязі з увядзеннем санкцый супраць Маскоўскай біржы, а таксама "Газпрамбанка", якія сур'ёзна паўплывалі на змены курсу ўнутры Расіі. А паколькі ў Беларусі валютны кошык на 60% складаецца з расійскага рубля, то ваганні курсу прапарцыйна адбіваюцца на змене курсу валют у Беларусі», — адзначае беларуская эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Пра гэта ж гаворыць і акадэмічны дырэктар «BEROC» «Леў Львоўскі», паказваючы, што Расія, да таго ж, цяпер з'яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. «Калі раней была нейкая дыверсіфікацыя, то цяпер больш за 60% складае гандаль з Расіяй, а яшчэ 15-20% — гэта гандаль праз расійскія лагістычныя шляхі. Таму беларускі рубель непазбежна ідзе за расійскім».

«Зрэшты, у цэлым, на яго думку, доўгатэрміновая траекторыя рубля — слабець да долара. Сусветная эканоміка расце ў сярэднім хутчэй, чым беларуская. Так што калі ацэньваць доўгімі адрэзкамі ў 10 гадоў, то лагічна чакаць, што рубель яшчэ патаннее», — кажа Львоўскі.

Акрамя таго, як тлумачыць Аліса Рыжычэнка, на ваганні курсу ўплывае дысбаланс замежнага гандлю таварамі ў Беларусі, а таксама агулам умацаванне долара як сусветнай валюты.

Лукашэнка здабывае выгаду з вайны ва Украіне

2024 год Леў Львоўскі называе сапраўды ўдалым у Беларусі. «Па выніках года рост ВУП будзе каля 4%, а гэта ў чатыры разы больш, чым наш звычайны прырост. Гэта вялікі рэкорд для Беларусі». Асабліва ўдалай для Беларусі была першая палова года, калі праз спрыяльную кан'юнктуру на расійскім рынку і пастаўку туды беларускіх тавараў эканоміка расла высокімі тэмпамі.

Важную ролю ў росце эканомікі адыграла вайна Расіі ва Украіне, выгадаздабытчыкам якой эканамісты называюць Аляксандра Лукашэнку. «Лукашэнка гаварыў, што паспрабуе выкарыстаць гэты момант, і ён рэальна яго выкарыстоўвае на ўсю катушку. Рынак у Расіі вялікі, і калі раней прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў там была неканкурэнтаздольнай, то сыход заходніх кампаній адкрыў рынак для Беларусі. Акрамя таго, Беларусь пастаўляе Расіі вайсковую тэхніку і тавары падвойнага і ваеннага прызначэння — дзякуючы гэтаму ўдаецца трымаць эканоміку на плаву», — адзначае эксперт праекта аб даходах і выдатках дзяржбюджэту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін.


Глядзіце таксама

Аднак назваць гэты год паспяховым Кавалкін не можа, бо, хоць у кароткатэрміновай перспектыве дасягненні ёсць, у доўгатэрміновай перспектыве ўсё не так адназначна.

«У эканоміцы адбываецца рэструктурызацыя ў бок дэградацыі. Найбольш паспяховыя, найбольш інавацыйныя галіны дэградуюць, кваліфікаваныя супрацоўнікі з'язджаюць за мяжу. З пункту гледжання ВУП, росту заробкаў і інфляцыі ўсё добра проста таму, што выпадзенне тэхналагічнага бізнесу перакрываецца ростам у менш тэхналагічных галінах. Таму калі паглядзець на доўгатэрміновую перспектыву, на тое, у якім выглядзе мы пакінем эканоміку нашым дзецям, то гэта, безумоўна, няўдалы вектар развіцця», — лічыць эксперт.

Беларусы багацеюць у чарках, але не могуць дазволіць нешта больш якаснае

Рост беларускай эканомікі адбываўся на фоне перагрэву эканомікі, пра які цягам года гаварылі незалежныя эканамісты і які адмаўлялі беларускія ўлады. «Сітуацыя з перагрэвам застаецца такой жа. Заробкі растуць хутчэй, чым прадукцыйнасць працы. Выдаткі на зарплаты растуць, і кампаніі не могуць гэтыя выдаткі пераводзіць у цэны праз адміністрацыйнае рэгуляванне. У выніку прыбытак кампаній падае, асабліва гэта адлюстроўваецца ў сектарах, якія ніяк не могуць выкруціцца з адміністрацыйнага кантролю — рытэйл, сельская гаспадарка», — кажа Львоўскі.

Што тычыцца простых беларусаў і іх эканамічнага самаадчування, то Уладзімір Кавалкін для яго апісання выкарыстоўвае аўтарскі індэкс «чаркі-шкваркі», які разлічваецца па кошце 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі ў параўнанні з сярэднім заробкам. Так, паводле апошніх звестак, індэкс «чаркі-шваркі» знаходзіцца на максімуме: у другім квартале 2024 года беларус мог купіць 569 чарак-шкварак, у той час як у першым квартале 2024 года — толькі 537.


Глядзіце таксама

«Гэта звязана з тым, што цэны на гарэлку і сельгаспрадукцыю рэгулююцца. Гэта значыць, гэтыя базавыя прадукты застаюцца таннымі, а заробак расце хутчэй, і ў выніку ў чарках сярэдні беларус багацее. Але калі гэты беларус захоча купіць швейцарскі шакалад або французскі сыр, то тут ён убачыць, што сыр падаражэў у 3, а то і ў 4 разы. Таму адбываецца такое скочванне ў позні Савецкі Саюз — калі прадукты ў цэлым ёсць, але нешта больш якаснае вы ўжо не можаце сабе дазволіць», — адзначае Кавалкін.

Эканоміка Беларусі ўваходзіць у перыяд стагнацыі

Разважаючы пра перспектывы беларускай эканомікі, Аліса Рыжычэнка падкрэслівае, што ўтрымліваць высокія лічбы росту ВУП немагчыма. «Нарошчванне такімі ж тэмпамі росту вытворчасці і ВУП немагчыма проста таму, што мы абсалютна абмежаваныя ў тэхнічных магчымасцях. Пры захаванні бягучых умоў з пастаўкамі ў Расію, у тым ліку тавараў ваеннага прызначэння, хутчэй за ўсё, рост будзе ў раёне 1,5-2% — гэта значыць рост будзе, але яго тэмпы моцна запаволяцца».


Глядзіце таксама

Разам з тым, паводле слоў Рыжычэнка, не зусім зразумела, што будзе з эканомікай у выпадку, калі вайна Расіі ва Украіне будзе спыненая, бо Лукашэнка зарабляе на канфлікце. «Эканомікі Расіі і Беларусі будуць вымушаныя перабудоўвацца зноў на грамадзянскую вытворчасць. І тут сітуацыя будзе вельмі складаная для Беларусі».

На думку Львоўскага, хоць гэты год быў паспяховым, усе структурныя праблемы беларускай эканомікі нікуды не падзеліся і не падзенуцца — адсутнасць рабочых кадраў, залішні дзяржаўны кантроль, адсутнасць дыверсіфікацыі ў знешнім гандлі.

«Думаю, у наступным годзе ад эйфарыі поспеху беларускі ўрад працягне рабіць тое, што робіць, і ніякія праблемы, пакуль гром не грымне, вырашацца не будуць. Што тычыцца колькасных паказчыкаў, то мы ўваходзім у перыяд стагнацыі — калі атрымаецца ўтрымацца на тым жа ўзроўні, гэта ўжо будзе даволі нядрэнна», — кажа Львоўскі.