Эканаміст: Мэтазгоднасці ў расійскім рублі Лукашэнка не будзе мець ніколі

У Крамлі зноў загаварылі пра адзіную валюту Беларусі і Расіі. Але гэтыя размовы цягнуцца больш за 30 гадоў — яшчэ далукашэнкаўскі прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч цалаваўся з тадышнім прэм’ерам Расіі Віктарам Чарнамырдзіным, абяцаючы беларусам расійскі рубель. Чаму яго не будзе?

zruble.jpg

Пра гэта паразважаў у новым выпуску «Эканомікі здаровага сэнсу» эканаміст Яраслаў Раманчук.

— У мяне добрая навіна — яе (адзінай валюты Беларусі і Расіі — НЧ) ніколі не будзе. Не будзе не таму, што ў Расіі няма жадання паглынуць Беларусь. Не будзе не таму, што ў Беларусі няма ахвотных пажывіцца за кошт расійскага бюджэту і крэдытных праграм.

На думку Раманчука, справа ў настроях у Крамлі, дзе нават «апошні двоечнік» зразумеў, што Лукашэнка «ўсе гэтыя гады мурыжыў іх», што ніякай інтэграцыі насамрэч няма, а ўсё гэта бурбалка і спосаб узбагаціцца за кошт расійскага бюджэту.

Эканаміст звяртае ўвагу на тое, што менавіта сёння пра адзіную валюту гавораць прадстаўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі: калі з'явіцца пэўная эканамічная мэтазгоднасць, тады беларусы, маўляў, самі папросяць аб гэтай самай адзінай валюце.

— Калі Лукашэнка будзе прасіць адзіную валюту, то гаворка будзе ісці не пра нейкі асобны рубель або пра нейкую асобную валюту, якая будзе хадзіць паміж Беларуссю і Расіяй, а гэта будзе, безумоўна, расійскі рубель, — удакладняе Раманчук.

І супакойвае: эканамічнай мэтазгоднасці ў расійскім рублі Лукашэнка не будзе мець ніколі. 

Эканаміст тлумачыць прычыну:

— Таму што выпусціць з рук крыніцу вось такога даходу, такой стабілізацыі за кошт інфляцыі, за кошт фінансавання банкаў і асобных прадпрыемстваў ён ніколі сабе не дазволіць. Ён разумее, што такое інфляцыйны падатак. Гэта — надрукаваць грошы і раздаць сваім.

А заплацяць за гэта простыя беларусы, якія атрымліваюць у канцы месяца свае невялікія грошы ў рублях у выглядзе заробкаў і пенсій, перакананы эксперт.

— Яны заўсёды, безумоўна, больш за ўсё плацяць. Прычым плацяць не па тым індыкатары інфляцыі, які нам абвяшчаюць — там 6 або 8% — можаце памнажаць смела гэтую лічбу на тры. 

Таму што кошык тых тавараў і паслуг, якія купляюць простыя людзі, заўсёды расце значна хутчэй.

Чаму ж менавіта цяпер у Расіі зноў загаварылі пра адзіную валюту? Раманчук мяркуе, што ў надыходзячым 2025-м ад Лукашэнкі ў Крамлі не даб'юцца развязання гэтага пытання. Бо ў яго наперадзе ўласная палітычная кампанія.

Але ёсць эканамічныя рычагі — ад прамаруджання з крэдытамі, да ўскладнення транзіту беларускіх угнаенняў на знешнія рынкі па расійскай тэрыторыі. І ўсё гэта на фоне ізаляцыі ад Захаду. І вось тут беларуская мадэль можа і пасыпацца.

— Таму тут Расія думае, што ты, дарагі, нікуды не падзенешся, ты наш з трыбухамі. Таму ў гэтых умовах адзіны рубель не патрэбны. Ты не будзеш яго ўводзіць, але будуць іншыя, тыя, якія прыйдуць пасля цябе. І вось яны будуць ужо паўнавартаснымі, як яны думаюць у Крамлі, генерал-губернатарамі або проста губернатарамі чарговай федэральнай акругі Расіі.

Паводле «Салідарнасці»