Спружына пагрозліва сціскаецца. Як на Беларусі адбіваецца прывязка да Расіі
Беларускае эканоміка запавольваецца і амаль замірае ў чаканні выбуху ад «ручнога кіравання» і ўплыву расійскага дэфіціту, рэха якога вось-вось дакоціцца і да нас.
У Расіі рэзка падаражэла масла. Так адгукаецца вайна. Беларуская ж эканоміка цяпер — у асабліва цеснай звязцы з расійскай. Чаго чакаць?
Рост эканомікі ваеннага часу, або эфект «ваеннага кейнсіянства», можа ўвесці абывацеля ў зман. Дынаміка ВУП і заўважны ўздым даходаў (а гэта назіралася апошнім часам як у Расіі, так і ў Беларусі) ствараюць ілюзію, што агрэсіўная палітыка карысная, піша Алесь Гудзія на «Позірку».
Аднак за гэтым ўяўным росквітам хаваюцца разбуральныя наступствы, якія неўзабаве пачынаюць адчувацца. Яркім сігналам становіцца павышэнне цэн на прадукты, якое адлюстроўвае нарастаючыя праблемы ў эканоміцы.
Як прамы ўдзел у ваенным канфлікце, так і саўдзел у рэшце рэшт дорага абыходзяцца не толькі эканоміцы, але і кожнаму грамадзяніну, зніжаючы якасць жыцця і паглыбляючы крызіс.
Брыкеты масла ахоўваюцца, як залатыя зліткі
Часам наступствы агрэсіўнай палітыкі становяцца занадта літаральнымі. Расійская эканоміка, пераарыентаваўшыся на ваенныя выдаткі, адчула гэта на сабе — і адным з першых сімптомаў недабрабыту стала падаражэнне прадуктаў. У мінулым годзе трывожным знакам выглядаў рост цэн на яйкі, але да канца другога года вайны рэальны сэнс набыў выраз «гарматы замест масла».
Кошт сметанковага масла імкліва вырас, і ва ўмовах высокага попыту крамы пачалі прадпрымаць экстраардынарныя меры: масла хаваюць у пластыкавыя боксы з замкамі, выдаюць на касе як дэлікатэс ці нават выносяць па спецыяльнай просьбе са склада. Моладзі гэта можа падацца чымсьці незвычайным, а вось тым, хто памятае савецкія гады, такая карціна знаёмая. Вытворцы сметанковага масла папярэджвалі, што скарачаюць вытворчасць праз недахоп сыравіны і павелічэнне выдаткаў. Сёння прыватныя кампаніі вымушаныя падымаць цэны, каб выжываць у канкурэнтнай барацьбе з абароннай прамысловасцю, якая амаль бязмежна сілкуецца бюджэтнымі сродкамі.
Праблемы расійскай эканомікі, як правіла, хутка знаходзяць адбітак і ў Беларусі, таму становіцца цікава: наколькі для нас верагодныя такія ж нечаканыя «цэнавыя ралі»?
Што дзеецца ў цені інфляцыйнага навеса?
У беларускай эканоміцы цяпер склалася парадаксальная сітуацыя. Жорсткі кантроль над цэнамі стрымлівае іх рост. Аднак за гэтым спакоем хаваецца напружанне: недахоп працоўнай сілы і павелічэнне абаронных заказаў ствараюць ілюзію росту даходаў, але адначасова спараджаюць «інфляцыйны навес».
Разам з тым абодва гэтыя фактары — як стрымліванне цэн, так і павелічэнне даходаў — няўстойлівыя і нясуць патэнцыйныя і цалкам адчувальныя рызыкі. Так што сітуацыя хутчэй падобная да спружыны, гатовай расціснуцца ў любы бок, чым да ўстойлівага развіцця, пра якое часта кажуць чыноўнікі, каментуючы бягучае становішча спраў.
Беларускія незалежныя эксперты пакуль ацэньваюць інфляцыйны ціск як некрытычны, але адзначаюць, што ён усё больш заўважна ўплывае на эканоміку. Статыстыка цэн дазваляе прасачыць, як гэтая праблема нарастае.
Хоць гадавая інфляцыя, паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, пакуль застаецца ў «камфортных» для эканомікі межах 6%, дэталёвы погляд паказвае, што цэны на многія тавары паўсядзённага попыту растуць куды больш хуткімі тэмпамі.
Так, нягледзячы на адносна нізкі сярэдні ўзровень інфляцыі, цэлы шэраг тавараў і паслуг падаражэлі на 20% і больш у параўнанні з мінулым годам.
Праўда, яйкі падаражэлі ў Беларусі за год толькі на 7%, а масла — усяго на 2%. Але вось, напрыклад, цана на бульбу падскочыла на 41%, што блізка да расійскага росту ў 44%.
Гэтая сітуацыя наглядна паказвае, што мэтавыя меры па стрымліванні інфляцыі не заўсёды ратуюць ад лакальных «цэнавых выбухаў» нават на прадукты першай неабходнасці.
Нездаровая прывязка
Бягучая залежнасць ад расійскай эканомікі і «ампутацыя» пасля 2020 года заходняга вектару развіцця, які мог хаця б часткова збалансаваць усходні ўплыў, негатыўна адбіваюцца на беларускай эканоміцы, асабліва ў частцы інфляцыі.
Па-першае, санкцыі і аналагічныя абмежаванні ствараюць умовы для хаатычнага росту цэн на шэраг тавараў.
Цяпер на іх кошт ўплывае цэлы набор некантраляваных фактараў: ад паспяховасці паралельнага імпарту да зменлівых лагістычных выдаткаў, падаткаў на знешнеэканамічную дзейнасць і цэн на аналагічныя прадукты на новых рынках.
Такія фактары цяжка прадказаць, і таму сітуацыя, калі, напрыклад, масла, яйкі, тэлевізары ці аўтамабілі раптам даражэюць, становіцца новай рэальнасцю, з якой беларускай эканоміцы — і спажыўцам! — даводзіцца цяпер мірыцца.
Па-другое, цэнавыя адрозненні паміж беларускім і расійскім рынкамі, абумоўленыя рознымі падыходамі да кіравання інфляцыяй, могуць выклікаць нечаканыя эфекты.
Спачатку гэта дае беларускім таварам перавагу на расійскім рынку, але неўзабаве стварае пагрозу дэфіцыту ўнутры краіны — тавары перамяшчаюцца туды, дзе яны даражэйшыя.
Каб абараніць харчовую бяспеку, Беларусь вымушаная ўводзіць абмежаванні нават на гандаль з Расіяй, нягледзячы на патэнцыйную выгаду экспарту. Гэта ставіць пад пытанне свабоду гандлю, прадугледжаную двухбаковымі пагадненнямі, і дэманструе рызыкі празмернай залежнасці ад Расіі. Ранейшая арыентацыя на дыверсіфікацыю знешняга гандлю хоць бы часткова змякчала гэтыя рызыкі.
Магчыма, менавіта рост такіх дысбалансаў стаў адной з прычын, па якой электаральная кампанія ў Беларусі была перанесена на максімальна ранні тэрмін — студзень будучага года.
Напружанне ў беларускай эканоміцы нарастае, і яно непазбежна адаб'ецца на ўзроўні жыцця, зніжаючы пакупніцкую здольнасць насельніцтва і пагаршаючы яго дабрабыт. Для ўлады лепш перанесці рызыкі гэтых негатыўных наступстваў на паслявыбарчы перыяд, чым дапусціць прасяданне эканомікі перад мерапрыемствам, якое Аляксандр Лукашэнка называе «іспытам перад народам».