Лукашэнка абяцае павысіць пенсіі і заробкі. Але ці ёсць для выканання гэтых абяцанняў рэальныя падставы ў эканоміцы?
На думку экспертаў, гэта «палітычныя жэсты» Аляксандра Лукашэнкі да будучых выбараў. Пра рэальную эканамічную сітуацыю «Белсат» паразмаўляў з эканамістам Аляксеем Харкевічам.
На думку Аляксея Харкевіча, каб адказаць на гэтае пытанне, трэба вызначыцца, з якой перспектывы на яго глядзець. У кароткачасовай перспектыве для забеспячэння ўсіх абяцанняў Лукашэнкі ёсць падставы, бо сёння мы назіраем, што заробкі растуць, і ўжо даволі працяглы час. З гэтых заробкаў выплочваюцца ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. І канечне, «тут і цяпер» сродкі павінны быць, каб мець магчымасць павялічыць сацыяльныя выплаты.
«Але пытанне ў іншым. Гэты рост заробкаў не падмацаваны эканамічнымі паказнікамі, тэмпамі росту валавога дабаўленага прадукту, таму ў доўгатэрміновай перспектыве гэта доўга працягвацца не зможа. Гэта хутчэй палітычны жэст да будучых выбараў», – мяркуе Аляксей Харкевіч.
У той жа час раздаванне непадмацаваных нічым грошай у доўгатэрміновай перспектыве можа прывесці да таго, што грошы ў выніку страцяць сваю ранейшую вартасць, адзначае эканаміст.
«Фактычна мы ўжо перажывалі гэта некалькі разоў, гэта вельмі часта супадала якраз з прэзідэнцкімі выбарамі, калі пасля іх адбываўся абвал курсу беларускага рубля. Так што крок за крокам ствараецца перспектыва, каб гэта зноўку паўтарылася», – зазначае суразмоўца «Белсату».
Каб зразумець, у які перыяд варта чакаць складанасцяў, з якімі сутыкнецца беларуская эканоміка, трэба ўлічваць мноства фактараў, якія на гэта ўплываюць, мяркуе Аляксей Харкевіч.
У звязку з гэтым цяжка складаць прагнозы, бо няма з чым параўноўваць. Раней Беларусь была мала адкрытай эканомікай, і абвал курсу беларускага рубля негатыўна адбіваўся на грамадзянах, але пазітыўна – на прадпрыемствах, бо іх прадукцыя станавілася канкурэнтаздольнаю на вонкавых рынках. Таму гэта было лагічна, і тыя аднамомантныя падзенні ў тым ліку былі выкліканыя замежнапалітычнаю кан’юнктура, то бок неабходнасцю выхаду на нейкія прыярытэтныя рынкі калію, металу і іншых пазіцыяў, продаж якіх для беларускага бюджэту адыгрывае значную ролю, адзначае Харкевіч.
Цяпер сітуацыя змянілася, бо вонкавыя сувязі Беларусі сталі больш аднабаковыя ды зводзяцца да ўсходняга кірунку, таму прагназаваць, як сітуацыя складзецца гэтым разам, дастаткова складана, бо беларуская эканоміка моцна завязаная на Расею. Магчыма, прывязка да Расеі нівелюе неабходнасць абвалу беларускага рубля ў інтарэсах беларускіх прадпрыемстваў і гэта будзе праходзіць больш згладжана, дапускае суразмоўца.
Акрамя таго, мяркуе эксперт, мы ўступілі ў новы электаральны цыкл і назіраем змену адміністрацыі Белага дому, дый шмат іншых фактараў абцяжарваюць прагнозы адносна таго, як будзе развівацца беларуская эканоміка, падкрэсліў Аляксей Харкевіч.
Што да прыняцця рашэнняў у атачэнні Лукашэнкі і здольнасці некаторых сілаў у сістэме засцерагчы яго ад пустога раздавання грошай, каб не абваліць эканомікі, то, на думку эканаміста, трэба разумець, што ўсе рашэнні ў краіне прымаюцца ў адным цэнтры. І ўсе эканамічныя пытанні суседзяць з палітычнымі. Гэта той выпадак, калі варта казаць, што эканоміка пачынае адыгрываць ужо другасную ролю ў параўнанні з палітыкаю.
«Таму я думаю, калі для гэтага будзе палітычная неабходнасць, то прыкладна на год яшчэ трымаць больш высокі ўзровень заробкаў і сацыяльных выплатаў у прынцыпе рэальна. З кожным новым месяцам гэта рабіць будзе ўсё цяжэй і цяжэй… Але як толькі будзе палітычная неабходнасць, гэты абвал, як заўсёды, будзе аднамомантны», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».