Сельская гаспадарка: Сабралі большы ўраджай, але адначасова павялічылі страты
У 2024 годзе сельская гаспадарка працягвае нарошчваць аб'ёмы, аднак стратных прадпрыемстваў у галіне становіцца ўсё больш, а работнікі больш актыўна звальняюцца. На фоне стабільнага росту сабекошту вытворцы не могуць падняць цэны на свае тавары, піша «Беларусы і рынак».
За 9 месяцаў сельгаспрадукцыі выраблена на 5% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года. Збожжавых да пачатку кастрычніка паспелі намалаціць больш за 6 мільёнаў тон — на 5,3% больш, чым год таму.
Расія застаецца асноўным рынкам збыту беларускага харчавання і, паводле заяваў чыноўнікаў, нарошчвае закупкі. Пастаўкі таксама растуць у Кітай.
Аднак гэтыя поспехі не зрабілі багацейшымі самі аграрныя прадпрыемствы. Фінансавае становішча ў сельгассектары абвастраецца. Статыстыка за 9 месяцаў 2024 года паказвае, што пазыкі арганізацый растуць, а разам з імі — страты.
Калі ачысціць даныя статыстыкі ад сумаў дзяржпадтрымкі, то акажацца, што ў мінус працуюць больш за палову прадпрыемстваў (56%), у той час як у мінулым іх доля яшчэ не перавышала 50%.
Страты стратных прадпрыемстваў дасягнулі 720 мільёнаў рублёў — і падскочылі за год амаль на 30%.
Без дзяржпадтрымкі аграрыі працуюць на мяжы рэнтабельнасці. Рэнтабельнасць продажаў па канчатковым фінансавым выніку склала ўсяго 1,3% (годам раней была 2,7%). З улікам дзяржпадтрымкі рэнтабельнасць таксама зніжаецца: цяпер яна складае 6,6%, год таму была 7,4%.
Адзначым, што згодна з дзяржпраграмай «Аграрны бізнес» на 2021-2025 гады рэнтабельнасць продажаў у сектары павінна была вырасці да 10%.
На фоне фінансавых цяжкасцяў прадпрыемствы бяруць новыя запазычанасці, хоць не могуць расплаціцца са старымі: пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках за 9 месяцаў вырасла на 37%.
Сабекошт расце, а кошты павысіць нельга
У адносінах да таго ж перыяду мінулага года сабекошт сельгаспрадукцыі вырас на 13%. У той жа час цэны сельгасвытворцаў, якія прадаюць свой тавар бізнесу, павялічыліся ўсяго на 2,4% (для параўнання, у 2022 годзе цэны вытворцаў падскочылі на 24%).
Канчатковы ж спажывец сёння купляе харчовыя тавары на 6,6% даражэй.
Гэта значыць рост выдаткаў аграрныя прадпрыемствы не змаглі перавесці ў цэны. Магчыма, менавіта гэта падкасіла іх фінансавае становішча.
Работнікі не спакусіліся надбаўкамі
Адзін з артыкулаў выдаткаў прадпрыемстваў, якія выраслі, — гэта аплата працы. У намінале ў верасні заробак у сельскай гаспадарцы склаў 1,9 тысячы рублёў. На працягу 2024 года зарплата ў галіне імкліва расла (+15,7% з улікам інфляцыі), перавышаючы сярэднія тэмпы па эканоміцы.
Гэта, аднак, не дапамагло спыніць уцечку кадраў. За студзень-верасень у аграсектары было звольнена на 3,9 тысячы чалавек больш, чым нанята новых. Для параўнання, летась за той жа перыяд сышло толькі 1,8 тысячы чалавек.