Насельніцтву пара насцярожыцца? Беларусы незаўважна губляюць грошы, але праблем пакуль не чакаюць
І ўвогуле чаканні пакуль самыя аптымістычныя. Ну а што? Долар расце? Расце. Эканоміка трывае? Трывае. А што заробкі падаюць — дык на капейкі ж.
Добры ў нас народ, аптымістычны. Нічым яго не зломіш. Вось і апошнія замеры грамадскіх эканамічных настрояў, зробленыя цэнтрам «BEROC», толькі пацвярджаюць гэты тэзіс.
Паляпшэння эканамічнай сітуацыі налета чакаюць 27% апытаных, 24% мяркуюць, што ўсё будзе сяк-так, гэта значыць «будзе як ёсць, дый добра». 29% на пытанне пра будучыню адказалі: «Не трэба тут тэлефанаваць». Не ў такіх, магчыма, выразах, але не змаглі вызначыцца з тым, што ж яны самі чакаюць ад 2025 года, піша Аляксандр Кныровіч на «Белсаце».
А вось песімістаў прыкметна паменела, і калі летам пра тое, што эканоміка будзе падаць, казалі 27%, дык цяпер такіх толькі 20%. Увогуле, аптымізм зашкальвае.
І не сказаць, каб статыстыка давала для гэтага падставы. Разважце самі. За верасень (поўныя звесткі мы бачым толькі цяпер) у знешнегандлёвым балансе краіны, з улікам тавараў і паслуг, раптам выявілася дзірачка памерам у $350 млн. Пры гэтым становішча пагаршаецца тым, што, паводле вынікаў жніўня, нібыта ж былі ў плюсе — і на добрых 190 млн. Гэта што ж выходзіць, за адзін месяц выкалупалі дзірку ў 540 млн.?
Механіка гэтага калупання зразумелая. Калі ты разганяеш эканоміку ў першую чаргу шляхам росту заробкаў, не павялічваючы пры гэтым (прапарцыйна) вытворчасці, ды яшчэ ўліваеш на ўнутраны рынак мноства крэдытаў, ды пры гэтым яшчэ й стрымліваеш цэны, дык нічога іншага і нельга чакаць, акрамя рэзкага росту попыту на імпарт. 2+2 = ўсё яшчэ 4, ніяк не 3 і не 5.
Адсюль і дзірка, нічога звышнатуральнага, усё паводле падручніка, паводле «Эканомікс» (або «Матэматыкі» за першы клас). І, вядома, гэта не можа не ціснуць на курс долара, і паўзе ён меланхалічным пакуль слімаком, але выключна ў адным кірунку.
Ці заўважае гэта насельніцтва? Папярэдні досвед у нас, вядома, іншы: нас рухам па 3 капейкі на тыдзень не запалохаеш, не на тых напалі. Ну, тады, можа, сярэдні заробак мог бы пасеяць нейкія сумневы? Бо статыстычнае ведамства нас сумленна, з усёй шчырасцю інфармуе (а калі і хлусіць часам, дык аднастайна, паводле навуковай метадалогіі). І вось яно, гэтае ведамства, не стала ўтойваць, што гэты самы сярэдні ў ліпені быў 2355 рублёў, у жніўні прысеў да 2341 рубля, у верасні наогул апусціўся кудысьці бліжэй да падлогі і нешта там на ёй разглядае — 2314 рублёў. Агулам мінус 41 рубель за 2 месяцы. Здавалася б, варта было насельніцтву насцярожыцца?
Аднак дзе статыстыка, а дзе рэальнае жыццё нармальных людзей. Ну, як мінімум у 51% (27+24). І калі такія зразумелыя і блізкія паказчыкі ні на што не намякаюць грамадзянам, дык відавочная столь па росце цэн на жыллё і пагатоў выслізгвае ад увагі.
Да чаго я гэта ўсё? Беларуская эканоміка тармозіць, астывае, пачынаючы са жніўня. Тармажэнне не з'яўляецца сюрпрызам, пра яго папярэджвалі як незалежныя ад дзяржавы эканамісты цэнтра «BEROC», так і цалкам праўладныя, лаяльныя, але прафесійныя эксперты, што заселі ў Нацбанку і Інстытуце эканомікі НАН Беларусі.
У гэтым няма нічога нечаканага, як няма сёння і крызісных чаканняў фармату пачатку 1990-х ці 2011 года. Няма для такіх тарнада нейкіх паважных унутраных перадумоў.
На эканамічны рост, запланаваны на 2025 год «бадзёрым Раманам» — нашым прэм'ерам Галоўчанкам, у памеры 4,1% разлічваць, безумоўна, не прыходзіцца. Аднак свае 1–1,5% эканоміка ў наступным годзе павінна даць, калі, вядома, нейкае «ідэальнае тарнада» не накрые ваюючую Расію, да чаго ёсць некаторыя перадумовы.
Бянтэжыць мяне тут іншае. Апытанае насельніцтва, натрэніраванае добрым 30-годдзем рэгулярных крызісаў, стан «каля нуля» ўжо ўспрымае як вялікі поспех улады і пад аптымістычным варыянтам развіцця падзей мае на ўвазе менавіта гэты «нуль» — маўляў, а чаго ж яшчэ чакаць, калі навокал «такое»?
Калі грамадзяне Беларусі ледзь адыдуць ад пастаянных шокаў, адвыкнуць ад таго, што іх рабуюць (шляхам крызісаў, дэвальвацый і гэтак далей) раз на пяць гадоў? Калі яны пачнуць успрымаць як норму рост мінімум у 3%, а пад аптымізмам мець на ўвазе нешта іншае?
Пра гэта ў чарговым апытанні «BEROC» нічога не паведамляецца.