«Людзі ў нас прывыклі да ўсяго». Ці давядзецца беларусам «зацягваць паясы»?

Санкцыі закранулі ўсе сферы эканомікі — гэта прызнаюць нават праўладныя эксперты. І ў далейшым яны будуць толькі спрыяць пагаршэнню дабрабыту беларусаў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусь уваходзіць у сямёрку дзяржаў з максімальнай колькасцю ўведзеных санкцый. Апярэджваюць яе Расія, Іран, Сірыя і Паўночная Карэя. РБ, у сваю чаргу, апярэджвае М'янму і Венесуэлу.

У дачыненні да нашай краіны дзейнічае амаль паўтары тысячы сектаральных і персанальных санкцый. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле спецыяліста Мінэканомікі «Ці ёсць жыццё пад санкцыямі?» праўладнага выдання «Фінансы. Улік. Аўдыт».

Больш за семсот санкцый былі ўведзеныя ў сувязі з саўдзелам у вайне ці, як сказана ў артыкуле, «пасля лютага 2022 года». Агульная колькасць закранутых санкцыямі суб'ектаў у краіне — 298, у тым ліку 261 фізічная асоба і 37 юрыдычных асоб, піша «Салідарнасць».

Санкцыі закранулі блізу 70% экспарту ў Еўрасаюз, або амаль 17% паставак тавараў за мяжу. Асноўны ўдар, паказана ў артыкуле, прыйшоўся на прамысловыя галіны і валаўтваральныя прадпрыемствы. А праз рэальны сектар праблемы перацяклі на спадарожныя, асабліва на аптовы гандаль і грузаперавозкі.

З іншых прадстаўнікоў сферы паслуг у ліку найбольш пацярпелых — банкі і прадстаўнікі індустрыі гасціннасці. На будаўніцтве негатыўна адбіваўся недахоп грашовых рэсурсаў за кошт закрыцця міжнароднага фінансавання і звужэння ўнутраных крыніц.

Прамы ўплыў абмежаванняў закрануў каля 25% беларускай эканомікі і ўскосна адбіўся на ўсёй пакінутай яе частцы, — зрабіў выснову аўтар артыкула.

— З тым, што пад прамы ўплыў абмежаванняў трапіла 25% беларускай эканомікі, а на ўсёй астатняй санкцыі адбіліся ўскосна, можна пагадзіцца,— канстатуе старшы навуковы супрацоўнік «BEROC» Анатоль Харытончык. — У любым выпадку, як бы яны ні палічылі колькасць тых, хто трапіў пад прамое ўздзеянне, санкцыі закранулі ўсю эканоміку, у тым ліку і тыя сферы, супраць якіх наўпрост не ўводзіліся.

Той жа IT-сектар панёс велізарныя страты, хоць супраць яго не было прамых санкцый.

— Тыя меры, якія прапануюцца ў артыкуле для паляпшэння сітуацыі: актывізаваць інвестыцыйную дзейнасць, дыверсіфікаваць экспарт, развіваць лагістыку, узмацняць імпартазамяшчэнне, узмацняць інтэграцыю з Расіяй, — рэальна могуць палепшыць становішча?

— Дарэчы, пераарыентацыя на Расію — гэта не столькі заслуга ўлады, колькі самога бізнэсу. Ён сам гэта зрабіў, сам адаптаваўся, каб выжыць.

Беларускі бізнэс сапраўды ў 2022 годзе заняў нішы ў Расіі, што змякчыла падзенне выпуску тавараў і паспрыяла яго актыўнаму аднаўленню і росту ў 2023-2024 гадах.

Што будзе з гэтым бізнэсам у доўгатэрміновай перспектыве? Ужо цяпер узнікаюць праблемы ў канкурэнцыі з тымі ж кітайцамі.  За кошт чаго расці далей? Відавочна, што патрэбныя інавацыі і інвестыцыі для павышэння прадукцыйнасці працы, укаранення новых тэхналогій.

Наогул усё пералічанае — і інвестыцыйная дзейнасць, і дыверсіфікацыя экспарту, і лагістыка, і астатняе — само па сабе не здарыцца.

Для гэтага трэба, каб у краіне правільна працавалі ўсе інстытуты. Гэта значыць павінны быць незалежныя суды, гарантыя правоў уласнасці, упэўненасць у тым, што ніхто не адбярэ ваш паспяховы бізнэс, і г. д.

Доўгатэрміновы рост эканомікі вызначаюць менавіта эканамічныя і палітычныя інстытуты. Калі яны не працуюць належным чынам, то ў кароткатэрміновы перыяд сапраўды могуць быць нейкія ўсплёскі, што мы і назіраем цяпер.

Але ў доўгатэрміновай перспектыве тэмп росту ВУП будзе мінімальным, на ўзроўні 1-2%. Для Беларусі гэта занадта мала. Такі нізкі рост будзе весці да ўсё большага адставання нашай краіны ад суседзяў — і ў плане ВУП, і ў плане дабрабыту насельніцтва.

Пакуль жа праца ўсіх інстытутаў у краіне нацэленая толькі на тое, каб выціснуць з эканомікі як мага больш, а не на тое, каб дабрабыт людзей устойліва павышаўся высокімі тэмпамі. 

— У дадзеным артыкуле гаворыцца, што ў прынцыпе ніякія абмежаванні не змогуць спыніць у доўгатэрміновай перспектыве эканоміку краіны. І ў якасці быццам бы паспяховага прыкладу прыводзяцца Іран, дзе за 2000-2020 гады ВУП на душу насельніцтва вырас у 1,3 разы, і Куба з паказчыкамі, якія павялічыліся ў 1,8 разы.

— Беларусь не ператворыцца ні ў Кубу, ні ў Іран. Я ўвогуле не веру, што гэты санкцыйны рэжым пратрымаецца 20 гадоў.

Веру, што значна хутчэй адбудзецца нейкая змена, прынамсі спыненне ваенных дзеянняў. Не выключаю, што будуць ажыццяўляцца спробы наладжвання адносінаў з Захадам у далейшым.

Але нават калі захаваецца статус-кво і санкцыі застануцца на ўзроўні не менш, чым цяпер, мы наўрад ці станем Кубай або Іранам. Так, рост ВУП будзе вельмі нізкім, як ужо сказаў.

І далей, калі праводзіць аналогіі з той жа Кубай, стане заўважным тэхналагічнае адставанне ад суседніх краін — там, аўтамабілі, самалёты. У цэлым працягне павялічвацца разрыў у дабрабыце насельніцтва.  

Але голаду не будзе, пустых паліц у крамах не будзе, а людзі ў нас адаптыўныя, да ўсяго прывыкаюць.