Прайшліся па краі. Ці можа ў Беларусі здарыцца «новы 2011-ты»?
Мы ніяк не можам жыць спакойна. Толькі-толькі ледзь-ледзь супакоіліся наконт выбараў, як адразу ж нам «прыляцела» эканамічнае. Курс долара ў Беларусі раптоўна, і падавалася б, без усялякіх прычын, падскочыў да псіхалагічнай адзнакі ў 3,5 рубля, але потым зноў супакоіўся. І што гэта было?
Цяпер зразумела, што гэта быў прынцып «злучаных посудаў». Мы ўжо неаднаразова згадвалі, што глабальная прывязка Беларусі да Расіі, у тым ліку і эканамічная, прыводзіць да таго, што ў Расіі чхаюць, — а мы хварэем.
Ва ўладзе, праўда, лічаць па-іншаму. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ўсклаў адказнасць за рост курсу долара ў Беларусі на амерыканцаў (ну, ужо звыклыя ворагі). Паводле яго, усім псуе настрой Дональд Трамп з яго лозунгам «у чарговы раз зрабіць Амерыку вялікай». «Гэта значыць, усе чакаюць, што долар будзе больш моцным. Адпаведна, ф'ючэрсы валютныя ўжо ўлічваюць гэтую папраўку, — разважаў з разумным выглядам Галоўчанка ў інтэрв'ю Першаму інфармацыйнаму тэлеканалу. — Яны цалкам потым могуць адыграць назад. Гэта, я б сказаў, такое больш пакуль эмацыйнае рашэнне, якое таксама ўплывае на інвестараў».
Адно незразумела: чаму тады долар пайшоў уверх менавіта цяпер? Не месяц таму, калі Трамп выйграў выбары, і не праз месяц, калі пройдзе яго інаўгурацыя і ўступленне на пасаду, а вось менавіта цяпер, у гэты момант?
Таму што не ў Трампе справа. ЗША выкацілі новыя санкцыі супраць расійскіх банкаў — асабліва супраць «Газпромбанка», праз які праводзяцца плацяжы за нафту і за газ. Гэта, зразумела, справакавала сур'ёзную паніку на валютным рынку Расіі і абясцэніла расійскі рубель да долара. А паколькі ў нас прыкладна 70% экспарту ідзе ў Расію, а 60% у валютным кошыку Нацбанка Беларусі складае расійскі рубель, дык гэта і не магло не выклікаць такі ж скачок курсу долара і ў Беларусі.
І вядома, ёсць пэўны рост валютных выдаткаў перад Новым годам. Наўрад ці імпарцёры апельсінаў і мандарынаў прадаюць нам гэтую садавіну за беларускія рублі. На гэта, на навагоднія хлапушкі, бенгальскія агні і шампанскае, адрознае ад «Савецкага», таксама патрэбная валюта.
Трэба больш валюты, каб плаціць за тавары, набытыя за мяжой. «Попыт нараджае прапанову», але калі прапановы замала, то на «дэфіцыт» (у нашым выпадку долары) расце цана. І ў звычайных выпадках любы Нацбанк любой краіны, каб не дапусціць паніку на рынку, збівае гэты рост валютнымі інтэрвенцыямі. Інакш кажучы, бярэ валюту з загашнікаў і выкідае на біржу, каб задаволіць той самы попыт.
Гэта, паўторымся, нармальная практыка. І галоўнае тут, каб у Нацбанка былі тыя самыя долары ЗША, якімі ён задаволіць попыт. Гэтыя долары звычайна краіна зарабляе знешнім гандлем.
Але вось бяда: як і было сказана вышэй, каля 70% нашага знешняга гандлю — гэта гандаль з Расіяй за расійскія рублі. Яшчэ адна добрая частка гандлю — з Кітаем за юані. «Доларавая» частка нашага экспарту зусім невялікая.
І хоць золатавалютныя рэзервы Беларусі складаюць цяпер 8,93 млрд долараў, мы ведаем, што блізу 1 млрд з іх — гэта «мёртвыя» SDR МВФ, якія нельга прадаць праз санкцыі. 4,74 млрд долараў — гэта манетарнае золата, якое таксама складана прадаць праз тыя ж санкцыі. Аб'ём замежнай валюты ў рэзервах у кастрычніку складаў 2,81 млрд долараў. І вось гэтай сумай у 2,8 млрд наш Нацбанк можа апераваць, каб «гасіць» усплёскі попыту на долар у Беларусі — падобныя на той, які быў вось-вось нядаўна.
І вельмі цікава, колькі «жывой» валюты выдаткаваў наш Нацбанк, каб экстрана купіраваць рост курсу долара. І колькі ў яго засталося «жывых» грошай, каб паўтарыць карэкціроўку ў выпадку яшчэ адной панікі на рынку.
Што будзе далей, цікава ўдвая, паколькі бюджэт Беларусі на 2025 год разлічаны зыходзячы з сярэдняга курсу долара ў дыяпазоне 3,35 — 3,37 рублёў. Такі прагноз сярэдняга курсу быў агучаны яшчэ 9 кастрычніка старшынёй Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Васілём Панасюком. І калі паўтары месяцы таму гэты прагноз выглядаў умерана песімістычным, то сёння ўжо вельмі хочацца, каб ён спраўдзіўся.
Праўда, беларускі Мінфін даўно ўжо разлічвае асноўны фінансавы дакумент краіны, зыходзячы з песімістычных сцэнарыяў, і таму ўсё менш садзіцца ў лужыну. Песімістычны сцэнар прадугледжвае магчымае павелічэнне кошту долара да канца наступнага года прыкладна да 3,7 рублёў. Але да гэтай мяжы мы зусім крыху не дабраліся ўжо цяпер.
І трошкі прагнозаў ад нашых — у шырокім сэнсе — калег з Еўразійскага банка развіцця. У 2025 годзе, лічаць у ЕАБР, у Беларусі будзе павялічвацца дэфіцыт знешняга гандлю —на фоне абмежаваных магчымасцяў для росту экспарту пры захаванні росту попыту на імпарт. Беларускі рубель будзе аслабляцца.
«Для захавання канкурэнтаздольнасці беларускіх таваравытворцаў вымушанай мерай стане паслабленне абменнага курсу беларускага рубля, што створыць дадатковы праінфляцыйны ціск. Ва ўмовах росту выдаткаў і зніжэння даходнасці ад экспартных аперацый узмацненне цэнавага рэгулявання не будзе эфектыўным, і для стрымлівання інфляцыі спатрэбіцца павышэнне працэнтных ставак. Ва ўмовах рызыкоўнага сцэнара прыкметна павышаецца верагоднасць стагнацыі ў Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ў прагнозе ЕАБР на 2025 год па Беларусі.
Так што: долар будзе расці. Ён можа расці плаўна, ён можа расці скачкападобна. Але расці ён будзе. І пытанне аб наяўнасці сродкаў у Нацбанка для магчымых інтэрвенцый застаецца актуальным.