Не «зроблена ў Беларусі», а «made in China»: тавары, якія мы выбіраем

Айчынны рынак не прываблівае спажыўцоў. Нават ва ўмовах адсутнасці заходняй канкурэнцыі беларускія вытворцы не здольныя забяспечыць попыт на патрэбныя тавары — хаця, здавалася б, што цяпер перашкаджае?

_belarus_zyccjo_ekanomika_eza_harczavanne_2024_fota_novy_czas_logo.jpg

Беларуская прадукцыя губляе пазіцыі не толькі на знешнім, але і на ўнутраным рынку. Доля айчынных тавараў у рознічным гандлі ўпала да 57,7%. І гэта нягледзячы на ўсе намаганні ўладаў па падтрымцы мясцовых вытворцаў. Чаму «Зроблена ў Беларусі» не асабліва натхняе спажыўцоў?

Так, савецкая спадчына працуе, але дрэнна

Калі беларускія ўлады кажуць пра захаванне савецкай спадчыны, гэта амаль не грашыць супраць ісціны, піша Алесь Гудзія на «Позірку». Прамысловыя гіганты, многія сярэднія прадпрыемствы, якія забяспечваюць значную частку выпуску ў эканоміцы, і насамрэч створаны ў часы СССР і па-ранейшаму працягваюць працаваць.

Аднак ці ёсць падставы моцна гэтым ганарыцца, калі эфектыўнасць такіх прадпрыемстваў з кожным годам зніжаецца, а іх прадукцыя губляе пазіцыі нават на ўнутраным рынку?

Свежыя звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта гавораць самі за сябе: удзельная вага беларускіх тавараў у рознічным гандлі скарацілася да 57,7%. Яшчэ ў 2014 годзе яна складала 70,7%.

Асабліва заўважнае падзенне ў сегменце нехарчовых тавараў, дзе доля айчыннай прадукцыі ўпала з 54,2% да 38,3%. Але і ў харчовай групе сітуацыя не нашмат лепшая: доля знізілася з 82,5% да 77,1%.

Гэтыя лічбы адлюстроўваюць відавочныя праблемы беларускай эканомікі. Зніжэнне долі айчынных тавараў адбываецца насуперак усім спробам дзяржавы падтрымаць іх выпуск. Ільготныя крэдыты, прэферэнцыі, адміністрацыйнае ўмяшанне ў знешні гандаль — усё гэта аказалася ў рэшце рэшт неэфектыўным.

Праблемы збыту беларускай прадукцыі закранаюць і экспарт, і ўнутраны рынак: як замежныя, так і мясцовыя спажыўцы ўсё радзей выбіраюць «Зроблена ў Беларусі».

Усё проста: замежнае — якасней

Прычыны адмовы спажыўцоў ад мясцовай прадукцыі разнастайныя. Гэта і зніжэнне канкурэнтаздольнасці вытворцаў, і недастатковая якасць іх прадукцыі, і слабы маркетынг.

Да гэтага можна дадаць агульную эканамічную нестабільнасць, залежнасць ад імпартных камплектуючых і сыравіны, а таксама змяненне спажывецкіх пераваг і, вядома, знешнеэканамічныя абмежаванні.

Калі санкцыі кагосьці і робяць мацней, то, мяркуючы па беларускай статыстыцы, гэта імпарцёры замежнай прадукцыі на ўнутраны рынак.

Асабліва наглядна крызіс бачны ў тых сегментах, дзе беларуская прадукцыя традыцыйна дамінавала. Напрыклад, доля айчыннага абутку на мясцовых прылаўках упала з 47% у 2017 годзе да 25%. У сегменце ніжняй бялізны — з 72% да 45%. Беларускае трыкатажнае адзенне таксама менш запатрабаванае: яго доля скарацілася з 43% да 22%.


Глядзіце таксама

Прычым здаюць пазіцыі вытворцы цэлага шэрагу галін. У харчовым сектары, напрыклад, вытворцы макароны, круп і некаторых відаў алкагольнай прадукцыі страцілі за апошнія гады каля 5% айчыннага рынку. У нехарчовай сферы справы не лепшыя. Нават цэментная галіна, здавалася б, абароненая ад знешняй канкурэнцыі, аддала за апошнія гады таксама 5% унутранага рынку.

На фоне агульнага падзення долі беларускіх тавараў вылучаюцца толькі рэдкія выключэнні — такія, як аўтамабілі і асобныя сельгаспрадукты.

Але і тут поспехі сумнеўныя. Беларускія аўтамабілі — гэта фактычна кітайскія мадэлі, сабраныя лакальна з кітайскіх жа камплектуючых. А прысутнасць мясцовай гародніны на рынку тлумачыцца не яе якасцю, а складанасцямі лагістыкі для замежных вытворцаў, якім цяжка дастаўляць тавары, што хутка псуюцца.

Дзяржаўны пратэкцыянізм не дапамог

Сітуацыя цікавая яшчэ і тым, што ва ўмовах санкцый беларускія ўлады разлічвалі вызваліць рынак ад заходніх тавараў для мясцовых вытворцаў. Але рэальнасць аказалася іншай. Якасная заходняя прадукцыя стала менш даступнай, аднак яе замянілі менш якасныя тавары з Азіі.

Спажывецкі выбар звужаецца, а цэны ва ўмовах нізкай канкурэнцыі становяцца неабгрунтавана высокімі.

Злая іронія палягае ў тым, што, пазбавіўшыся палітычнага выбару, беларусы ў выніку гэтага страцілі і выбар спажывецкі.

Эканоміка дэградуе

Зніжэнне долі беларускіх тавараў — гэта не проста няўдача прамысловых прадпрыемстваў. Гэта паказчык агульнай дэградацыі эканомікі.

Беларускія кампаніі губляюць доступ да перадавых тэхналогій, што толькі пагаршае сітуацыю. Уладам застаецца гаварыць пра «тэхналагічны суверэнітэт», а краіна на справе рухаецца да тэхналагічнай ізаляцыі.

Наступствы гэтай дэградацыі будуць адчувальнымі не толькі для прамысловасці, але і для грамадства ў цэлым. Больш прымітыўная эканоміка патрабуе менш кваліфікаванай рабочай сілы і менш развітай навукі.


Глядзіце таксама

У перспектыве гэта прывядзе да росту разрыву ў якасці жыцця паміж Беларуссю і суседнімі краінамі.

Аднак гэты разрыў у якасці жыцця, узроўні даходаў і доступе да тэхналогій будзе відавочным толькі для тых, хто мае магчымасць падарожнічаць або параўноўваць сітуацыю з дапамогай незалежных крыніц інфармацыі.

Па шляху Ірана і Паўночнай Карэі

Захаванне савецкай спадчыны, пра якую так любяць гаварыць чыноўнікі, на справе абарочваецца тормазам для эканомікі. Празмерная роля ў ім дзяржавы душыць прадпрымальніцкую ініцыятыву. Беларускія вытворцы, якія прывыклі да адміністрацыйнай падтрымкі, будуць усё менш гатовыя канкураваць нават у нішах, дзе раней дамінавалі.

Брэнды, нават тыя, што раней былі вядомымі далёка па-за межамі Беларусі, губляюць мясцовы рынак, таму што не паспяваюць за патрабаваннямі часу, не маюць доступу да сучасных тэхналогій і сусветнага фінансавага рынку.

Гэта тычыцца не толькі адзення і абутку, але і практычна ўсіх галін. Айчынныя вытворцы проста не паспяваюць адаптавацца да новых рэалій, а дзяржава замест рэформ выбірае шлях далейшага кантролю і пратэкцыянізму.

Беларуская эканоміка павольна, але ўпэўнена рухаецца па шляху краін кшталту Ірана ці Паўночнай Карэі, дзе ізаляцыя прамысловасці і мясцовага рынку стала нормай.

Вядома, да іх узроўню дэградацыі Беларусі яшчэ далёка, але напрамак руху ўжо відавочны: тэхналагічная ізаляцыя, спрашчэнне вытворчых працэсаў і зніжэнне якасці прадукцыі.

Зрэшты, такая архаізацыя эканомікі цалкам задавальняе аўтарытарныя рэжымы. Простая эканоміка патрабуе простага грамадства, якое не прэтэндуе ні на палітычныя правы, ні на эканамічныя свабоды.