Праядаем тое, чаго не зарабілі. Што насамрэч адбываецца з беларускай эканомікай?
Сумленныя эканамісты тлумачаць, што крыецца за «ростам», пра які радасна справаздачацца ўлады. І гэта сумныя навіны для нас усіх.
Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч тлумачыць, што будзе, калі ўлады не прыслухаюцца да эканамістаў. Паводле яго слоў, у Беларусі засталіся якасныя спецыялісты, якія не вядуцца на папулісцкія лозунгі накшталт «Мы круцей за ўсіх». Напрыклад, кандыдат эканамічных навук Аляксандр Гатоўскі напісаў навуковы артыкул, дзе хай і завуалявана, але сумленна прааналізаваў эканамічную сітуацыю ў краіне, піша «Салідарнасць».
— Першае, што ён зрабіў, — гэта ўзяў наш эканамічны рост у першым паўгоддзі, які складае блізу 5% (гэта высокі рост, бо ўсё, што вышэй за 3% — гэта добра) і сувымерыў яго не з узроўнем 2023-га года, як вымяраецца паводле закону, а з узроўнем 2021-га года, — гаворыць блогер у новым выпуску на канале «Кныровіч». — Ён гэта зрабіў таму, што 2022-гі і 2023-ці былі праблемнымі — мы спачатку ўпалі ў яму, а потым пачалі вырастаць з яе.
Таму беларускія статыстычныя паказчыкі скажоныя рэзкім падзеннем, хоць іх і лічаць правільна.
Таму калі эканаміст параўнаў сітуацыю з 2021-м годам, то аказалася, што мы толькі-толькі вылезлі з ямы, і калі не прыдурвацца, не ўлічваць нізкую базу, то сёння наш рост складае прыкладна 2,7%.
Эканаміст, адзначае Кныровіч, падсумоўвае ў артыкуле: цяпер рост беларускай эканомікі натуральным чынам спыніўся. Далей будзе высокая база, і, каб расці ад яе, трэба працягваць нарошчваць адпаведныя фактары.
— Гатоўскі расклаў нашу эканоміку на галіны і паглядзеў, як яны раслі ў параўнанні з 2021-м. Мы бачым, што галоўнай галіной была апрацоўчая прамысловасць. І вось там ёсць цікавы абзац:
«Што тычыцца павелічэння рэалізацыі на расійскім рынку, то яно забяспечваецца па асартыменце запатрабаванай у цяперашніх умовах прадукцыі пэўнага кола галін, што дазваляе толькі перакрыць страты па падсанкцыйных таварах і паслугах».
Што гэта за «пэўнае кола»? Тут хаваецца прадукцыя ваенпрама, якая сёння пастаўляецца ў РФ і якая дапамагае забіваць украінцаў. Натуральна, пра гэта нельга напісаць у навуковым часопісе.
Далей па ступені ўплыву на эканамічны рост ідуць падаткі на прадукты, але іх не трэба ўлічваць — яны не крыніца стварэння дадатковай вартасці, гэта фактычна ўмоўная велічыня.
Ну і на трэцім месцы — гандаль. А далей Аляксандр разумна заўважае, што астатнія галіны беларускай эканомікі не паказваюць нічога звышнатуральнага. Няма ў іх нічога такога, што дазваляла б сказаць, што мы ўпэўнена глядзім у далячынь і будзем за кошт іх расці.
Ёсць таксама падзенне транспартнай дзейнасці (таму што мы перакрылі адносіны з Захадам) а таксама ў галіне «Інфармацыя і сувязь», што звязана з адтокам айцішнікаў, праз які мы страцілі цэлы адсотак ВУП, або 700 млн. долараў.
Гэтая карціна па галінах паказвае, што апрацоўчая прамысловасць не можа расці далей за кошт ваенных заказаў. І далей ідзе выснова, што адзіным фактарам, які забяспечвае аб'ём ВУП вышэй за дасанкцыйны 2021 года, выступіў спажывецкі попыт, пры гэтым ён быў абумоўлены ў значнай ступені стрымліваннем цэн.
Кныровіч тлумачыць простай мовай, што гэта значыць:
— Вам плацілі ўсё больш, адначасова з гэтым у краіне павінна была быць інфляцыя, але яе стрымлівалі, таму ваш заробак меў большы спажывецкі попыт. Вы маглі купіць больш прадуктаў, хадзілі з гэтымі грашыма на рынак, і за кошт гэтага расла эканоміка.
Але гэта ненатуральнае стрымліванне цэн. Калі б цэны не стрымлівалі, ВУП быў бы ніжэйшы на 3,8%, гэта азначае, што нават +2,7% не было б, мы былі б ніжэй за ўзровень 2021 года. Куды глядзіць Галоўчанка? Напэўна, заплюшчвае вочы і гаворыць: «Толькі дацягнуць бы да выбараў».
У артыкуле эканаміст падкрэслівае, што Беларусі патрэбны добры эканамічны рост, інакш людзі разбягуцца. Гэта азначае, што наш аднаўленчы рост скончыўся — хопіць абяцаць тое, што не зможаце выканаць.
Паўтаруся, адбылося аднаўленне эканомікі ў вельмі складаных умовах да ўзроўню ледзь-ледзь вышэй за 2021 год. Гэты ўзровень быў дасягнуты за кошт таго, што моцна стрымлівалі ненатуральным чынам кошты. Але гэтая гісторыя ўжо скончылася.
І заліваць у вушы насельніцтву, што ў 2025-м нас чакаюць нейкія шалёныя тэмпы, не даводзіцца.
Мы ўпалі, адштурхнуліся, а далей трэба рэфармаваць эканоміку, шукаць новыя прычыны для росту класічных галін, а не тых, якія працуюць на вайну ці залежаць ад спажывецкага попыту.
Калі працягваць панукаць эканоміку пустымі грашыма, то ўся гэтая далікатнасць вельмі хутка разбурыцца.
Кныровіч лічыць, што рост беларускай эканомікі ў 2025-м будзе каля нуля:
- Калі ўлады пагодзяцца выправіць гэтую сітуацыю, можна будзе шукаць нармальныя прычыны росту для эканомікі, а не вайну. А калі не пагодзяцца і працягнуць напампоўваць пустымі грашыма, тады будзе выбух. І тут не дапаможа Расея - там свае праблемы і сапраўды такі ж прагноз — вясна 2025-га не будзе лёгкай.