Эміграцыя айцішнікаў каштавала Беларусі 700 млн долараў — Кныровіч

Блогер і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч у каментары «Филину — пра беларускія IT-кампаніі ў Польшчы і Літве.

006d2d43aecc0243ab7c34760cd325f3.jpg

Кампанія EPAM Systems Poland, якая мае карані з Беларусі, заняла 20-е месца ў рэйтынгу найбуйнейшых польскіх IT-кампаній ITwiz Best100 2024. Яна таксама стала другім па аб'ёмах польскім экспарцёрам IT-прадуктаў і IT-паслуг у 2023 годзе.

Блогер і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч адзначае, што на рынку аўтсорсінгавага праграмавання цяпер не самыя лёгкія часы. Аднак беларускія кампаніі ўжо становяцца прыкметнымі ў заходніх краінах.

— Гэта было ў справаздачнасці EPAM за мінулы год, у якім падалі паказчыкі выручкі і прыбытковасці, ад чаго ўпала ацэнка кошту кампаніі. Таму рынак праграмавання жыве паводле сваіх законаў і там не тое каб світанак, хутчэй, некаторае плато, — тлумачыць Кныровіч. — Пры гэтым, калі мы паглядзім на тое, як перамяшчаліся людзі паміж офісамі кампаніі EPAM, то пасля 2020-га мы не бачым закрыцця ўсяго офіса. Але бачым рэзкае скарачэнне супрацоўнікаў у Беларусі і павелічэнне іх у найбліжэйшых краінах — у Польшчы і Літве.

Таму ёсць дастаткова вялікія падставы казаць пра эпоху страчаных магчымасцяў. Паводле розных ацэнак, з Беларусі выехала ад 25 да 35 тысяч праграмістаў. Частка з іх-як раз супрацоўнікі EPAM.


Глядзіце таксама

І ўплыў гэтага на эканоміку Беларусі не так даўно быў ацэнены намеснікам кіраўніка па навуцы Інстытута эканомікі НАН у артыкуле «Банкаўскі веснік». Там, вядома, усё было завуалявана, але тым не менш ад'езд нашых айцішнікаў з краіны быў ацэнены ў мінус 1% ВУП. Гэта 700 млн долараў. Вось у столькі абышлася беларускай эканоміцы не самая разумная палітыка па рэпрэсаванні гэтай часткі насельніцтва.

І цяпер беларускія работнікі сапраўды ўжо прыкметныя і ў эканоміцы Польшчы, і ў эканоміцы Літвы. Тут трэба звярнуць увагу, што ў адрозненне ад Беларусі IT-сектары там досыць буйныя, але дробнанарэзаныя — у гэтых краінах вялікая колькасць кампаній. Экспарт польскіх IT-кампаній летась складаў 16 мільярдаў долараў, тым не менш нашы кампаніі прыкметныя.

Эксперт таксама падкрэслівае, што працэс пераезду айцішнікаў з Беларусі ўжо скончыўся і можна казаць пра нейкае плато — усе, хто хацеў з'ехаць, з'ехалі. Пры гэтым зваротнага масавага працэсу не назіраецца.