Новая міграцыйная стратэгія. Улады Польшчы хочуць часова прыпыніць права на прытулак

Польшча плануе часова прыпыніць дзеянне права на прытулак. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Дональд Туск падчас з'езду «Грамадзянскай кааліцыі» ў Варшаве.

Фота getty images

Фота getty images

15 кастрычніка ён прадставіць міграцыйную стратэгію на пасяджэнні ўраду. Яна будзе называцца «Аднавіць кантроль, забяспечыць бяспеку». Адным з яе элементаў будзе часовае прыпыненне права на прытулак, заснаванае на тэрытарыяльным прынцыпе.

«Я буду настойваць на прызнанні гэтага рашэння ў Еўропе», — заявіў Туск, якога цытуе reform.news.

Ён заявіў, што дзяржава павінна аднавіць стоадсоткавы кантроль над тым, хто прыязджае ў Польшчу, і дадаў, што ва ўрада таксама ў планах ёсць палітыка паскоранага вяртання палякаў і людзей польскага паходжання з-за мяжы.

«Дзяржава павінна забяспечваць, каб у Польшчу прыязджалі людзі, якія хочуць сумленна працаваць у Польшчы, плаціць падаткі, інтэгравацца ў польскае грамадства, вучыцца ў сапраўдных навучальных установах. І гэта тыя людзі, якія заслугоўваюць павагі», — падкрэсліў кіраўнік польскага ўрада.

Ён таксама запэўніў, што ўрад звядзе да мінімуму незаконную міграцыю.

«Мы звядзём да мінімуму незаконную міграцыю ў Польшчы, мы выкаранім тыя практыкі, якія фактычна абыходзілі польскія інтарэсы і парушалі бяспеку палякаў і польскай дзяржавы. І мы ліквідуем гэтыя практыкі да нуля», — сказаў Туск.

«Сёння гэта абсалютна найважнейшая рэч у Польшчы, Еўропе і свеце — даць добры, сумленны, а таксама прыстойны, але адначасова жорсткі адказ на гэтыя званкі і страхі, якія ўзнікаюць у сувязі з масавымі міграцыямі, вялікім міграцыйным ціскам, а таксама палітыкай варожых дзяржаў, якія арганізуюць гэтую незаконную міграцыю», — заявіў ён.

«Калі, напрыклад, я сёння гучна заяўляю, што адным з элементаў міграцыйнай стратэгіі будзе часовае прыпыненне права на прытулак, заснаванае на тэрытарыяльным прынцыпе, і я буду настойваць на прызнанні гэтага рашэння ў Еўропе, то гэта будзе таму, што мы добра ведаем, як гэта выкарыстоўваецца Лукашэнкам, Пуціным, кантрабандыстамі, гандлярамі людзьмі. Тое, як гэта права на прытулак выкарыстоўваецца, наўпрост супярэчыць сутнасці права на прытулак», — заявіў ён.


Глядзіце таксама

Паводле яго слоў, калі хтосьці хоча прыехаць жыць у Польшчу, ён павінен хацець паважаць польскія стандарты, польскую мараль і хацець інтэгравацца.

«Няма больш гуманнай палітыкі, якая разумеецца як прадухіленне няшчасцяў або смерцяў на мяжы Польшчы з Беларуссю, чым эфектыўная абарона гэтай мяжы», — падкрэсліў ён.

Паводле яго звестак, у 2024 годзе на мяжы загінулі два чалавекі, а ў 2023 годзе — 18.

Прэм'ер запэўніў, што збіраецца быць жорсткім і бязлітасным у правядзенні міграцыйнай палітыкі.

«Мы не будзем паважаць і ўкараняць ніякіх еўрапейскіх, саюзных ідэй, калі будзем упэўненыя, што яны пагражаюць нашай бяспецы», — заявіў ён.

На намер Польшчы прыняць новую міграцыйную стратэгію адрэгаваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

«Я вельмі ўдзячны Польшчы і палякам, што Польшча стала краінай, дзе многія беларусы знайшлі абарону і салідарнасьць. Шчыра спадзяюся, што Польшча застанецца краінай, дзе беларусы, высланныя рэжымам Лукашэнкі з-за створанай у Беларусі атмасферы страху і тэрору і найбуйнейшых рэпрэсій у гісторыі сучаснай Еўропы, змогуць разлічваць на статус уцекачоў, на месца, дзе яны могуць выратаваць сваё жыццё і здароўе. Права на прытулак таксама важна для тых беларусаў, якія ўцяклі ад тэрору і ўжо знаходзяцца ў Польшчы, просяць прытулку. Важна аддзяліць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народу. Мы разлічваем на салідарнасць з беларусамі», — напісаў палітык у сацветцы Х.