Вігілія Божага Нараджэньня. Якая існуе традыцыя ў Беларусі?

Сёньня — Вігілія. Гэта сьвята, якое завяршае адвэнтавы пэрыяд. Слова «вігілія» паходзіць з лацінскай мовы і азначае чуваньне. Па традыцыі хрысьціяне ўсю ноч чакаюць гэтага сьвята і моляцца разам.

cena_di_natale.jpg

Выключна рэлігійны характар мае і вігілійная вячэра ў сем’ях. Глыбокае перажываньне гэтага вечара яднае сем’і і застаецца найлепшым успамінам на ўсё жыцьцё. Варта перажыць гэты вечар найбольш духоўна, бо разам з Хрыстом у нас нараджаецца надзея, адраджаемся духоўна мы самі.

У цэнтры памяшканьня ўсталёўваюцца (калі гэта магчыма) яселькі з Дзіцяткам Езусам. На стале рассьцілаецца крыху сена — як напамін аб убостве бэтлеемскага грота, дзе Марыя паклала нованароджанага Хрыста на сена ў ясьлі. Стол засьцілаецца белым абрусам. Можна ўпрыгожыць яго яловымі лапкамі са сьвечкамі. У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладзецца аплатка і разгорнутая кніга Эвангельля.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

На стол падаюцца посныя стравы і безалкагольныя напоі. Калі загарыцца першая зорка на небе — сымбаль Бэтлеемскай зоркі — сям’я зьбіраецца пры вігілійным стале. Па даўняй беларускай традыцыі адно месца за сталом застаецца вольнае — як памяць аб памерлых і аб падарожных, якія неспадзявана могуць пагрукаць у дзьверы.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

1. Запальваньне сьвечкі

Бацька ці маці запальвае сьвечку, гаворачы пры гэтым: «Сьвятло Хрыста».

Усе адказваюць: «Дзякуй Богу».

Уводзіны:

Дзьве тысячы гадоў таму на сьвет прыйшоў Езус Хрыстус, Сын Божы, які нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні як безабароннае Дзіця. Аб гэтым нам кажа Эвангельле. Стоячы, давайце паслухаем зь верай словы Эвангельля, якое апісвае гэтую самую радасную для ўсіх людзей падзею Нараджэньня Божага Сына, Eзуса Хрыста.

2. Чытаньне Эвангельля

3 Эвангельля паводле Лукі (тэкст паводле Catholic.by):

«Сталася ў тыя дні: Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панаваньня Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.

Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай зь ім, якая была цяжарнай.

Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў ясьлі, бо не было ім месца ў заездзе.

У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам зьявіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асьвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёньня ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсьць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў ясьлях.

І раптам зьявілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі.

Можна засьпяваць калядную песьню.

holy_2597774_1920.jpg

3. Супольныя просьбы

Адзін з чальцоў сям’і чытае просьбы.

Божа, у гэтую ўрачыстую хвіліну праслаўляем Цябе і дзякуем за ноч, калі Ты паслаў нам свайго Сына, Eзуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу.

— Дай нашай сям’і дар любові, згоды і супакою.

Цябе просім…

— У гэтую сьвятую ноч адары супакоем нашых суседзяў, сяброў і знаёмых.

Цябе просім…

— Суцеш і ўмацуй Добрай Навіной усіх пакінутых, самотных, хворых, бедных і галодных на ўсім сьвеце.

Цябе просім…

— Адары шчасьцем і сьвятлом Тваёй хвалы нашых памерлых блізкіх і знаёмых (можна ўзгадаць імёны).

Цябе просім…

Усе моляцца: «Ойча наш...»

 

menu_vigilia_di_natale_650x400.jpg

Xто-небудзь з сям’і:

«Пане Езу Хрыстэ, які сёньняшняй ноччу прыйшоў на сьвет, нарадзіўшыся ад Найсьвяцейшай Марыі ў бэтлеемскім гроце, Ты прынёс супакой усяму сьвету і асьвяціў сямейнае жыцьцё, застанься ў нашай сям’і і злучы яе Тваёй любоўю, а слова Тваё з усім багацьцем няхай будзе ў нас, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн».

4. Дзяленьне аплаткай

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Галава сям’і пачынае дзяліцца аплаткай з наступнымі ці іншымі словамі:

«Цяпер у духу любові і прабачэньня давайце падзелімся аплаткаю — хлебам любові, раскрываючы нашыя сэрцы на ўзаемную любоў. Няхай усе, хто жыве ў нашай сям’і і адведвае наш дом, будуць заўсёды мець добрыя намеры і будуць шчасьлівыя, здаровыя, сардэчныя і ўзрадаваныя».

Цяпер усе члены сям’і дзеляцца аплаткай, выказваючы пры гэтым пажаданьні адзін аднаму, спажываюць вігілійную вячэру, а пасьля, сьпяваючы калядныя сьпевы, чакаюць «пастэркі» — урачыстай сьвятой Імшы.

menu_pesce_vigilia_di_natale.jpg