У калядным слове арцыбіскуп Кандрусевіч прасіў аб вырашэнні крызісу ў Беларусі і міры ва Украіне
Духоўныя калядныя звычаі «вельмі лёгка секулярызуюцца, калі іх адарваць ад таямніцы Богаўцелаўлення», у якой Бог «праявіў бясконцую любоў да чалавека», адзначыў ганаровы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч у пастарскім слове напярэдадні свята Божага Нараджэння.
![2022_12_23_vedzen_v_29.jpg 2022_12_23_vedzen_v_29.jpg](/img/v1/images/2022_12_23_vedzen_v_29.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ён упэўнены, што каб навучыцца «паважаць іншага чалавека», трэба «ўважліва разважаць пра таямніцу Бэтлеемскіх ясьляў, дзе нарадзіўся Бог-чалавек».
«Перад намі
выбар: жыць Эвангельлем ці паддацца ўплывам сэкулярнага сьвету, — прыводзіць
тэкст яго слова партал Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі. — Бог спаткаецца
з тымі, хто яго шукае. На жаль, чалавек эпохі постмадэрнізму замест таго, каб
шукаць, адкідае. Мы жывем у супярэчнай духу Эвангельля і годнасьці чалавека
культуры, што вядзе да крызісу фундамэнтальных чалавечых і маральных
каштоўнасьцяў».
«Таму мы
павінны адкрыць дзьверы для прыходзячага Збаўцы, а не адараваць саміх сябе.
Нельга рабіць з Божага Нараджэньня традыцыі бяз Бога. Сьвяткаваньне толькі
дзеля сьвяткаваньня ня мае сэнсу, бо ў ім няма Езуса», — дадаў Кандрусевіч.
Паводле
слоў арцыбіскупа, «замест таго, каб верыць у Бога», чалавек «верыць у самога
сябе, сваю ўсёдазволенасьць», лічыць сябе «валадаром сьвету і жыве ідэяй антрапалягічнага
нігілізму, паводле якога сам устанаўлівае нязгодныя з Божым законам маральныя
нормы і вырашае, што ёсьць дабро, а што — зло». На тле гэтага ён «забываецца
пра галоўны этычны прынцып усіх рэлігій: не рабі нікому таго, чаго ня хочаш,
каб іншыя табе рабілі».
«У выніку
сьвет перажывае шмат небясьпечных крызісаў, якія ставяць пад пагрозу яго
будучыню, — канстатаваў каталіцкі герарх. — Замест таго, каб аб’ядноўвацца і
супольна вырашаць насутныя праблемы, ён падзяліўся. Ваенныя дзеяньні ў
шматлікіх краінах паказваюць крохкасьць міру, які будуецца толькі чалавечымі
намаганьнямі без адносін да маральных прынцыпаў. Трэці год сьвет імкнецца
выйсьці з пандэміі каронавіруса, які пастаянна мутуе і, нягледзячы на гераічныя
намаганьні мэдыкаў і фармацэўтаў, далей пагражае чалавецтву. Як нябачны
мікраскапічны вірус паставіў на калені ўсё чалавецтва, таксама і нябачны грэх
нясе з сабой шмат бачных бедаў».
![Прыгожыя казкі і не толькі: дзіцячыя калядныя кнігі па-беларуску Прыгожыя казкі і не толькі: дзіцячыя калядныя кнігі па-беларуску](/img/v1/images/_minsk_zima_horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___3__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Кандрусевіч
прызнаў, што пасьля сьвята Божага Нараджэньня ў сьвеце «няшмат зьменіцца».
Застануцца «маральныя, грамадзка-палітычныя, эканамічныя, ідэалягічныя,
фінансавыя, сямейныя і іншыя праблемы», «невядома, калі пачне дзейнічаць
Чырвоны касьцёл у Менску», «не завершыцца ў адзіны момант напружанасьць у
сьвеце, у тым ліку ваенныя дзеяньні, якія руйнуюць не толькі гаспадарку і
інфраструктуру, але таксама маральна і псыхалягічна нішчаць чалавека».
Але
«нягледзячы на ўсе паталёгіі сучаснасьці», людзі павінны «выйсьці са сьвята
Божага Нараджэньня новымі, духоўна адроджанымі і ўмацаванымі праўдай
Богаўцелаўленьня, каб Божаю моцаю перамагаць зло і будаваць цывілізацыю жыцьця,
міру і любові».
«Няхай Езус
сваёй ласкай нараджаецца ў нашых сэрцах і праз нас у нашай Айчыне. Няхай
прывядзе да справядлівага вырашэньня ўсіх праблем і крызісаў у нашым асабістым
жыцьці і грамадзтве. Няхай прынясе мір братняй Украіне і ўсяму сьвету», —
адзначыў арцыбіскуп на пэнсіі.
Каталіцызм
— другая паводле колькасьці пасьлядоўнікаў хрысьціянская канфэсія ў Беларусі. У
краіне налічваецца каля 1,5 млн каталікоў (у тым ліку больш за дзесяць тысяч
грэка-каталікоў). Рымска-каталіцкі касьцёл у Беларусі прадстаўлены трыма
дыяцэзіямі — Горадзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Менска-Магілёўскай
архідыяцэзіяй.