Прыгожыя казкі і не толькі: дзіцячыя калядныя кнігі па-беларуску

Кампанія «Будзьма беларусамі!» падрыхтавала спіс з 10 калядных кніг, якія можна прачытаць дзецям на беларускай мове.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


1. «Каляды ў Булербю»

Невялікае апавяданне ў афармленні выдавецтва «Koska» для самых маленькіх дзетак. Аўтарка — Астрыд Ліндгрэн, ілюстрацыі — Ілан Вікланд. Каляровая, прыгожая і добрая гісторыя, якую можна чытаць разам або — калі ўжо атрымліваецца — нават самастойна. Апавяданне было напісана ў 1963 годзе, таму сумеснае чытанне можа стаць нават невялікім экскурсам у гісторыю — як жылі тагачасныя дзеці? Цікава ж!

1_639.jpeg

«У нас, у Булербю, ёсць тры двары. Тут шмат дзяцей і на Каляды вельмі весела. Дзеці дапамагаюць дарослым, а ўвечары спяваюць песні і робяць снежныя ліхтарыкі. Усім падабаюцца Каляды!».

«А вось Калядны гном вязе на санках падарункі. Нічога дзіўнага, гэта ж Булербю. Санкі, лыжы ды канькі і вясёлыя гульні ў сляпога казла — хай бы Каляды былі троху часцей!».

Дарэчы, гэтаксама казку можна паслухаць на youtube. Яе чытае Маляваныч на канале BAYBUS.

2. «Снежная сястра»

Прыгожая і кранальная калядная гісторыя, што выйшла па-беларуску ў выдавецтве «Янушкевіч. Яна вельмі нетыповая, бо пачынаецца са страты — хлопчык Юльян губляе сваю старэйшую сястру. Здаецца, неўзабаве яго дзень нараджэння і калядныя святы, але ў іх сям’і пануюць гора і смутак. Як гэта пераадолець? Дзе знайсці радасць у змрочныя часы? Цудоўная кніга, якая беражліва знаёміць дзяцей са складаным і балючым і вучыць з гэтым спраўляцца.

2_592.jpeg

«Пісьменніца Мая Лундэ разам з мастачкай Лісай Айсата стварылі чароўны свет, у якім знайшлося месца і цёплым пачуццям, і горкім сямейным перажыванням, і чаканню каляднага цуду, што заўсёды спраўджваецца. Любоў і сяброўства перамогуць боль ад страты — так вучыць нас гэтая гісторыя».

3. «Тайны Дзед Мароз»

Ілюстраваная казка на дзвюх мовах, беларускай і англійскай. Гэта невялічкая гісторыя ад выдавецтва «Папуры». Аўтарка — Маша Чаракова, ілюстрацыі — Джордж Танер. Узнёслая казка пра салідарнасць і ўзаемападтрымку, а таксама пра тое, як самому рабіць сабе і іншым свята, калі звонку ніхто не робіць.

3_530.jpeg

«Што рабіць, калі твая вёска знаходзіцца так далёка, што яе не можа знайсці нават Дзед Мароз? Каб захаваць навагодні настрой, жыхары прыдумалі ўласную традыцыю: дзеці ў вёсцы сталі употайкі прыносіць падарункі тым, хто мае ў іх патрэбу. Каб стаць такім Тайным Дзедам Марозам, трэба быць спагадлівым, шчодрым і вельмі-вельмі добрым! Давайце даведаемся, хто з вёскі атрымаў падарункі ў гэтым годзе...»

4. «Калядны гном для Фіндуса»

Сапраўдны калядны раман з 17 частак. Кніга выдавецтва «Koska», аўтар і мастак — Свэн Нурдквіст. Пэтсан і Фіндус перажываюць Каляды. Тут і пра чаканне падарункаў, і пра ўменне размаўляць, і пра цуды, якія мы часам не заўважаем прама ў сябе пад носам.

4_493.jpeg

«Ніколі не абяцай зашмат. Пэтсан часта пра гэта думае, асабліва пасля таго, як паабяцаў коціку Фіндусу, што да іх на Каляды прыйдзе Калядны гном. Але ж Пэтсан ведае, што ніякага Каляднага гнома не існуе. І ён вырашае сам змайстраваць гнома, які б рухаўся і размаўляў. Толькі трэба зрабіць гэта так, каб Фіндус ні аб чым не здагадаўся. Аднак вельмі хутка Пэтсан разумее, што гэта вельмі складана і амаль немагчыма. Некалькі тыдняў перад святам мінаюць вельмі дзіўна. Стары ўвесь час бавіць у сваёй майстэрні — нешта робіць і аб нечым думае, — і коціку здаецца, што на яго зусім забыліся. Калі Каляды ўрэшце надыходзяць, Пэтсан вельмі хвалюецца, як усё спрацуе. Але здараецца нешта неверагоднае — і можна толькі здагадвацца, што насамрэч адбылося на Каляды».

Па матывах гэтай кнігі можна паглядзець мультфільм у беларускай агучцы: на youtube-канале Гаварун ёсць чатыры серыі — Ліст Каляднаму гному, Дзіўны паштальён, Згубы і знаходкі і Цуд на цудзе.

5. «Марта і яе мара пра снег»

Гісторыя Ганны Янкута пра дзяўчынку Марту, якая любіць назіраць за жыццём за вакном. Яна жыве з бацькамі і вучыцца дома, бо не можа перасоўвацца самастойна — дзяўчынка ў інвалідным вазку. Тут ёсць магія, прыгоды і месца для геройскага ўчынку. Ілюстрацыі — Лілія Давыдоўская, выдадзена таксама ў «Папуры».

5_458.jpeg

«Марце так хочацца ляпіць снегавікоў і гуляць у снежкі! Аднак зіма спазняецца, і на дварэ — толькі лужыны і гразюка. Вядома, вешаць нос не варта, бо калі моцна пра нешта марыш, то мара абавязкова спраўдзіцца. Толькі асцярожна: часам гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў... Калі ў горадзе пачынаецца самы грандыёзны ў свеце снегапад, Марта і яе новыя сябры мусяць разабрацца, хто ці што за гэтым стаіць. І запомні: галубы на падаконні — прыкмета таго, што цябе чакаюць неверагодныя прыгоды».

6. «Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі»

Калядная кніга з Беларусі і пра Беларусь польскага выдавецтва «KEW». Аўтарка — Наталля Харытанюк, ілюстрацыі Лізаветы Ганчаровай. ​​Гісторыя пра змаганне з цемрай, у якім бярэ ўдзел сам Святы Мікола!

6_336.jpeg

«Падарунак не заслугоўваюць — яго вучацца бачыць. У гэтым — усё мастацтва. Без гэтага і цуд — не цуд».

«32 старонкі з безліччу маленькіх дэталяў і паралельных гісторый — жыццё старога горада з усімі яго каляднымі ўспамінамі, нутром дамоў, бачным праз вокны, катамі і іншымі жывёламі, схаванымі ў самых нечаканых кутках Берасця».

Зусім нядаўна праект «Кніжны воз» агучыў гэтую гісторыю. Паслухаць можна па спасылцы.

7. «Мышыныя Каляды»

Вершаваная казка Антона Францішка Брыля ад выдавецтва «Янушкевіч». Ілюстрацыі намалявала Лізавета Лянкевіч. Кніга ідэальна пасуе для маленькіх чытачоў — вялікія старонкі, цвёрдая вокладка, вялікія яскравыя малюнкі. Адзіны мінус — знайсці і набыць можна толькі ў замежжы.

7_239.jpeg

«Гэта історыя пра тое, як маленькія мышаняты зладзілі на гарышчы вялікую забаву на старадаўні лад».

Праект «Кніжны воз» агучыў і гэтую гісторыю таксама. Паслухаць можна па спасылцы.

8. «Мама Му, Крумкач і Каляды»

Калядная гісторыя выдавецтва «Koska» пра Маму Му і Крумкача ад Юі Вісландэр з ілюстрацыямі Свэна Нурдквіста. Яшчэ адна гісторыя пра тое, як важна размаўляць і абмяркоўваць, як важна тлумачыць іншым тое, што табе патрэбна, словамі.

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна

«Каляды і Новы год — час падарункаў і прыемных сюрпрызаў. Але Варону не да весялосці — зноў свята і зноў давядзецца самому сабе дарыць падарункі. А так хочацца, каб пра цябе ўзгадалі халоднай зімой. І Мама My прыгатавала свайму лепшаму сябру калядны сюрпрыз — бо дарыць падарункі яшчэ прыемней чым атрымліваць».

Гэтую казку агучылі двойчы — Маляваныч прачытаў яе на канале BAYBUS, а таксама яе прачытала амбасадарка Швецыі Крысціна Юханесан.

9. «Беларуская зіма. Вершы, казкі, апавяданні»

Зборнік ад «Мастацкай літаратуры». Пад адной вокладкай складальнікі сабралі самыя розныя вершы, казкі, апавяданні пра зіму і святы ад беларускіх аўтараў. Афармленне вельмі сціплае, аднак ідэя цікавая. Дарэчы, аналагічныя зборнікі выдавецтва зрабіла на кожную пару года.

9_128.jpeg

«Пасварылiся вясна з зiмою, ну i давай адна адной на злосць рабiць», — распачынае iнтрыгу Цётка. Раiса Баравiкова распавядае пра чароўную дзяўчыну Масленку i паходжанне Масленiцы. Аксана Спрынчан — пра дзяўчынку Мар’янку, якая любiць граць на цымбалах, чакае Каляд i робiць снежных анёлаў. Наталля Бучынская прапануе новыя прыгоды свайго ўлюбёнага персанажа — авечкi Адэлi. Мiхась Пазнякоў апiсвае пабудову снежнага горада. Карацей, святочны настрой гарантаваны».

10. «Хронікі Нарніі. Леў, Вядзьмарка і гардэроб»

Сапраўдная класіка літаратуры ад выдавецтва «Пазітыў-цэнтр»! Першая з гэтай серыі кніг Клайва Стэйплза Льюіса пачынаецца надзвычайным падарожжам дзяцей у краіну вечнай зімы, дзе ніколі не бывае Калядаў. Прыгоды, выпрабаванні, пошукі сябе і праўды. Цудоўная кніга для дзяцей старэйшага ўзросту (дый дарослых таксама).

10_111.png

«Падчас Другой сусветнай вайны чацвярых дзяцей эвакуююць углыб Англіі. Яны пасяляюцца ў доме старога прафесара. Малодшая з дзяцей, Люсі, падчас гульні ў хованкі знаходзіць у шафе-гардэробе праход у чароўную краіну — Нарнію. Там ужо 100 год зіма, якую начаравала Белая Вядзьмарка. Ці здолеюць дзеці разбіць злыя чары і стаць каралямі і каралевамі Нарніі?»