Топ-10 фільмаў пра Раство. З Калядамі!

Надыходзіць чароўны час зімовых сьвятаў, які распачынаецца самым сьветлым зь іх — Раством. Кожны год, калі мы адзначаем народзіны Езуса Хрыста, даем сабе яшчэ адзін шанц, каб да чарговага Раства стаць крыху лепш. Мы падрыхтавалі для вас спіс зь лепшых стужак. Са сьвятам! І беражыце сябе.

it_s_a_wonderful_life_2.jpg

Нумар 10. Эльф (Elf). 2003

elf.jpg

Распачнем з прыгожай сямейнай камедыі Джона Фаўра. Прыгоды сапраўднага (ну амаль) эльфа сярод звычайных людзей. Галоўны герой Бадзі рос у дзіцячым доме, але аднойчы схаваўся ў мех з падарункамі Санты і апынуўся на Паўночным полюсе. Пазьней, ужо даросламу Бадзі, якога выхоўвалі эльфы, Санта дазваляе яму адправіцца ў Нью-Ёрк, каб знайсьці свайго роднага бацьку-недарэку. Бацька ўвесь час знаходзіўся ў чорным спісе Санты за сваё чэрствае сэрца, і вядома ніколі не атрымліваў падарункаў. Больш за тое — ён нават не здагадваўся, што Бадзі нарадзіўся. Але Эльф трапляе ў горад.

Вельмі мілая казка, якая ўздыме вам настрой, нават калі за вакном, верагодна, не хапае сьнегу і свабоды. 

Нумар 9. Шчасьлівага Раства (Joyeux Noël). 2005

joyeux_noel_1.jpg

Гэтая стужка пра Раство і пра вайну. Гісторыя, пра якую вы даведаецеся, магла б здарыцца толькі ў казачным сьне Андэрсана альбо Ліндгрэн — але насамрэч усё было па-праўдзе!

Фронт. Першая сусьветная вайна. Ворагі забіваюць адно аднаго тысячамі і самымі жудаснымі чынамі. Але далей паўстае неверагоднае: супернікі напярэдадні Раства, у Вігілію здолелі адсьвяткаваць сьвята разам. На Заходнім фроньце бывае рознае, і гэты выпадак назаўжды трапіў у гісторыю. Ворагі не забыліся, што перадусім яны людзі. Калі б такіх гісторыяў было больш — мы не пазналі б нашага сусьвету. Але гэта залежыць ад кожнага з нас, у кожным канкрэтным выпадку.

Абавязкова паглядзіце фільм Крысьціяна Карыёна. 

Нумар 8. Эдвард Рукі-нажніцы (Edward Scissorhands). 1990

edward_scissorhands_1.jpg

Невідавочная карціна ў спісе пра Раство. Аднак прыгатуйце вашыя насоўкі – кранальнае відовішча забясьпечанае напрацягу прагляду. Цім Бёртан стварыў казку ў сваім фірмовым выкананьні, а галоўная роля Джоні Дэпа — абразец глыбокага пераўвасабленьня ў героя. За ўвесь фільм ён вымаўляе ўсяго каля 170 словаў. І гэтага дастаткова, каб мы незваротна перажывалі за лёс Эдварда, у якога замест рук — нажніцы.

Не трэба хвалявацца, што гэта хорар — зусім наадварот — гэта фантастычная казка, у якой ужо стары вынаходнік стварае чалавека, але да сваёй сьмерці не пасьпявае дарабіць яго як сьлед — і нешта падобнае да секатараў замяняе Эдварду рукі. Ён створаны ў любові і пяшчоце, і сам праяўляе гэтыя пачуцьці. А потым сутыкаецца з сусьветам, з людзьмі, што жывуць у суседніх дамах.

Кадры, дзе Эдвард стварае сваім нажніцамі сьнежныя фігуры зь лёду — не пакінуць вас без пачуцьцяў. 

Нумар 7. Жонка біскупа (The Bishop's Wife). 1947

the_bishop_s_wife.webp

Як вядома, у каталікоў і праваслаўных не можа быць жонкі ў біскупа. Але тут гісторыя пра пратэстантаў. Выдатная камедыйная стужка з Кэры Грантам у галоўнай ролі. Фільм прымусіць нас засяродзіцца крыху на сабе, аглядзецца вакол, і перадусім — на сваіх блізкіх і сямейных.

Біскуп у карціне марыць аб новым катэдральным касьцёле, ён просіць Бога аб дапамозе, ён носіцца з рознымі справамі паўсюль, і разам з тым ягоная жонка становіцца занядбанай, непатрэбнай. Раптоўна зьяўляецца чалавек, які кажа, што ён Анёл, і зьбіраецца дапамагчы біскупу. Але ці яму толькі?

Анёл становіцца сваім спачатку ў сям’і біскупа, потым у парафіі, а потым і ва ўсім горадзе. Ён навучае людзей веры. Усё гэта вымушае сьвятара пераглядзець сваё жыцьцё і адносіны. 

Нумар 6. Закаханыя (Falling in Love). 1984

falling_in_love.jpg

Глядзець на тое, як Робэрт Дэ Ніра закаханы ў Мэрыл Стрып — адно захапленьне. Яшчэ больш прыгожа гэта выглядае напярэдадні Раства. На экране не гангстэр і не кабета з драмай, гэта простыя жыхары мэгаполіса, якія сутыкаюцца, каб ўжо не разысьціся.

Чароўная гісторыя каханьня, якая пазьбегнутая ўсіх магчымых клішэ, што маглі б напрыдумляць сцэнарысты. Мы глядзім іх гісторыю, як нібы сядзім побач зь імі ў цягніку. Справа разьвіваецца натуральна і элегантна.

Сьнег падае зь неба, а пакункі двух галоўных герояў адначасова падаюць у кнігарні, каб гэтыя двое потым былі адным. 

Нумар 5. Калядная песьня (A Christmas Carol). 2009

a_christmas_carol_1.jpg

Бадай што самая ўдалая экранізацыя кнігі Чарльза Дзікенза атрымалася ў рэжысэра Робэрта Зэмэкіса. Адна з самых знакамітых казак, якую да дзірак зачытваюць дзеці ў Англіі, атрымала шырокую вядомасьць і ў Беларусі. Вядомы комік Джым Кэры выконвае зусім не камічную, але трагічную ролю сталага чалавека, які, як зараз кажуць, стварыў сябе сам.

Містэр Скрудж працаваў усё жыцьцё, не марнуючы нешта на прыемнасьці, але ўсё больш і больш назапашваў сродкі. На Раство, калі ўсё вакол адзначаюць сьвята, ён працягваў працаваць і быў незадаволены, што яго падначаленыя зьбіраюцца дадому.

Езус кажа ў Новым Запавеце: Не ведаеце, у якую гадзіну памрэце, калі будзе ўзятыя з гэтага сьвету. Так і галоўны герой казкі памірае і глядзіць рэтраспектыву свайго жыцьця. Ці ёсьць шанц нешта паправіць? Ці адгукнецца яго сухое сэрца? 

Нумар 4. Крама за вуглом (The Shop Around the Corner). 1940

the_shop_around_the_corner_1.jpg

Гэтая стужка стала натхненьнем для стваральнікаў іншай прыгожай гісторыі — фільма «Вам ліст» з Томам Хэнксам і Мэг Раян у 1999 годзе. Арыгінал калядных прыгодаў выйшаў з удзелам Джэймса Сьцюарта і Маргарэт Салаван. Што цікава, самому Тому Хэнксу ўсё жыцьцё жадалася быць падобным да Сьцюарта, быць у нейкай ступені такім самым акторам «усёй Амэрыкі», якім быў Джэймс. Гэта, у прынцыпе, яму атрымалася.

Стужка Эрнста Любіча паказвае двух супрацоўнікаў унівэрсальнай крамы ў Будапэшце, якія маюць колкія адносіны на працы. У вольны час яны пішуць лісты таямнічым людзям, зь якімі ўсталёўваюцца фантастычныя блізкія стасункі. Мы ўжо разумеем, што яны лістуюцца між сабою. Але ў жыцьці — гэта стане вядома далёка не адразу. 

Нумар 3. Адзін дома (Home Alone). 1990

home_alone_2_1.webp

Хутчэй за ўсё вы гэта глядзелі, і, верагодна, не адзін раз. Што стане з вашым дзіцём і домам, калі вы выпадкова забудзеце яго дома напярэдадні Раства? Легендарная камедыя, якая штораз глядзіцца як па новай. У ролі аднаго са злодзеяў, якія жадаюць абрабаваць дом — Джо Пешы, які паказаў акторскае майстэрства ў незвычайным камедыйным амплуа: звычайна ён грае таксама гангстэраў, але ў дарослых фільмах пра мафію.

«Адзін дома» — гэта і запаветная мара любога дзіцяці, і страшэнны сон любых бацькоў. Што можа быць лепш за тое, калі прачынаешся ў доме, і робіш што жадаеш. Але разам са свабодай прыходзіць і адказнасьць. Як засьцерагчыся ад гасьцей, якіх не чакаў? 

Нумар 2. Цуд на 34-й вуліцы (Miracle on 34th Street). 1947

miracle_on_34th_street.jpg

Што знаходзіцца на гэтай самай 34-й вуліцы ў Нью-Ёрку? Вялізная ўнівэрсальная крама «Мэйсі». Яна штогод арганізуе сьвяточны парад напярэдадні Раства, дзе на чале ідзе Санта Клаўс, дакладней актор, які грае Санту. Але што рабіць, калі актор прыйшоў п’яным? Трэба неадкладна знайсьці кагосьці, хто б здолеў яго замяніць, а тым больш вось і ідзе вясёлы сталага веку чалавек з уласнай белай барадой.

Пасьля ён кажа, што ён і ёсьць сапраўдны Санта, Сьвяты Мікалай. Ну што ж: шмат хто шмат чаго сьцьвярджае, але да гэтага Санты цягнуцца дзеці, а за дзецьмі бацькі, якія будуць набываць падарункі — правільна, на 34-й вуліцы.

Чароўная казачная гісторыя, у якую ўплеценыя і рамантычныя адносіны, і перажываньні маленькай дзяўчынкі, якая не ведае, ці верыць ёй у Санту, і карпаратыўныя правілы вялікай кампаніі. Калі вам не хапае чагосьці, каб узбадзёрыць сябе напярэдадні Раства — уключайце гэты фільм. 

Нумар 1. Гэта цудоўнае жыцьцё (It's a Wonderful Life). 1946

it_s_a_wonderful_life_3.jpg

Яшчэ адным цудам зьяўляецца гэтая стужка. Пасьля вайны відавочна лунаў запыт на нешта, што здолее падараваць надзею для ўсяго чалавецтва. Фрэнк Капра зьняў шэдэўр кінематографу. У галоўнай ролі — супэрзорка Джэймс Сьцюарт, які грае чалавека, што зьбіраецца скончыць жыцьцё самагубствам. Вы можаце заўважыць — такі сабе пачатак для фільма на Раство.

У гэтую ж сэкунду дзеяньне фільма спыняецца, і мы прысутнічаем на нарадзе анёлаў, дзе яны дзівяцца, што ж прывяло чалавека на самы край яго існаваньня. Яны перамотваюць жыцьцё патэнцыйнага самагубцы назад, каб разабрацца. Дзе тыя шляхі, якія вядуць у прорву.

Па вэрсіі амэрыканскага істытута кіно — гэтая стужка самая натхняльная ў гісторыі. Калі вайна і дыктатура падкашваюць вашае жыцьцё – гэта яшчэ не канец. Нам, безумоўна, неабходна натхненьне ў гэтыя часы.