Сака і Ванцэці: Пакараныя смерцю

Адзін з лепшых інструментаў для захавання ўлады — гэта крыміналізацыя яе праціўнікаў. Выстаў свайго ворага злачынцам і рабі з ім што хочаш. Менавіта гэта адбылося падчас знакамітага працэсу Сака і Ванцэці.

gettyimages_535781555.jpg

Чорны тэрор

Амерыка 1920-х гадоў была прасякнутая страхам тэрору ледзьве не ў большай ступені, чым сённяшняя Еўропа ці Расія. Аднак, калі цяпер у трэндзе ісламісты, ад чыіх бомбаў гінуць выпадковыя людзі, то ў саспелым буржуазным грамадстве ЗША, дзе прыватная ўласнасць мае статус святой каштоўнасці, асноўным жупелам прэсы і дзяржаўных органаў былі анархісты.

Ад рук тагачасных анархістаў сапраўды гінула нямала людзей: прадстаўнікоў эліты, палітычных супернікаў, паліцыянтаў. Мэтай было, выкарыстоўваючы метад прамога дзеяння, адпомсціць эксплуататарам за прыгнёт працоўных. У 1901 годзе анархіст з беларускімі каранямі Леон Чолгаш забівае прэзідэнта ЗША Мак-Кінлі. У 1903 годзе кангрэс прымае «Акт аб іміграцыі», альбо як яго яшчэ называлі «Акт выгнання анархістаў», згодна з якім у ЗША не дапускаліся прыхільнікі анархісцкіх поглядаў, а ўжо існуючыя маглі быць дэпартаваныя. 

Дадатковым актам ад 1918 года магчымасці для дэпартацыі былі пашыраныя. Амаль увесь 1919 год адбываліся сутычкі працоўных (пераважна сацыялістаў і анархістаў) з салдатамі, якіх выклікалі для разгону страйкаў і маніфестацый. Усяму гэтаму спадарожнічалі ахвяры — вядома, сярод працоўных. Атрады салдатаў ці прыватных дэтэктываў маглі проста адкрыць агонь па страйкоўцах за адмову ад працы ці нелегальную дэманстрацыю. Прэса, у сваю чаргу, любіла звяртаць увагу, што амаль усе бунтаўшчыкі — мігранты, якія не нарадзіліся ў ЗША. Напрыканцы красавіка 1919 года анархісты разаслалі па пошце чыноўнікам, рэдактарам газет і агентам ФБР 36 бомбаў. Частка з іх не выбухнула, частка — параніла сваіх ахвяраў.

Масавыя рэпрэсіі ў «краіне свабоды»

Грамадства было моцна палярызаванае: дзяржаўныя службоўцы, бізнесмены і працоўныя-кар'ерысты — па адзін бок, і сотні тысяч абяздоленых рабочых (пераважна мігрантаў), якія спачувалі рэвалюцыйным ідэям — па іншы. Прэса ва ўсю крычала аб «чырвонай пагрозе». Паранойя дасягнула свайго піка перад Першамаем 1920 года. Генеральны пракурор ЗША Палмер абвясціў, што на гэтую дату прызначаная анархісцкая рэвалюцыя. Да студзеня 1920, дзякуючы падтрымцы грамадскай думкі і рэальным страхам эліт перад рэвалюцыйнай пагрозай, Палмер арганізаваў самыя масавыя рэпрэсіі ў гісторыі ЗША: да 10 000 чалавек былі арыштаваныя па падазрэнні ў анархізме. Аднак гэта не дапамагло. У верасні 1920 адбываюцца выбухі на Уол-стрыт, фінансавым цэнтры капіталістычнай Амерыкі. Трыццаць тры загінулых — пераважна дробныя клеркі, пасыльныя ды стэнаграфісты. Усё гэта — на фоне няспынных забастовак і хваляванняў працоўных.

У сакавіку 1920-га па месцы працы ў тыпаграфіі быў арыштаваны анархіст, сіцыліец Андрэа Сальсэда. Яго падазравалі ў рассылцы бомбаў. У паліцыі Сальсэда больш за два месяцы падвяргаецца катаванням, не маючы сувязі са знешнім светам, і трэцяга мая вылятае з вакна 14 паверха. Было тры версіі ягонай смерці: ён скончыў самагубствам, не вытрымаўшы катаванняў, выкінуўся, каб не здаць таварышаў, альбо быў адмыслова выкінуты паліцыянтамі. Сальсэда быў сябрам Луіджы Галеані — галоўнага ідэолага «анарха-бамбізма».

Праз два дні пасля смерці Сальсэда паліцыя арыштоўвае яшчэ двух чалавек: 29-гадовага шаўца Нікола Сака і 32-гадовага гандляра рыбай Барталамеа Ванцэці. Фармальна іх абвінавачанне ніяк не звязанае з анархізмам: за некалькі дзён да арышту ў горадзе Саўт-Брэйнтры былі абрабаваны касір і ахоўнік фабрыкі абутку. Абодва забітыя, скрадзена 16 тысяч долараў. Адна са сведкаў заявіла: налётчыкі былі высокімі і смуглымі. Значыць італьянцы! Хутка жонка ўласніка аднаго з гаражоў у горадзе на поўначы ад Саўт-Брэйнтры, пазваніла ў паліцыю і сказала што два смуглых і высокіх чалавекі выйшлі з гаражу і селі ў трамвай.

Суд па-беларуску ў ЗША

Сака і Ванцэці прыехалі ў ЗША ў 1908 годзе і былі тыповымі прадстаўнікамі італьянскай працоўнай эміграцыі. Як і многія іншыя, яны ўжо паспелі расчаравацца ў Амерыцы: замест краіны магчымасцяў яны пабачылі галечу, беспрацоўе і звышінтэнсіўную эксплуатацыю. Менавіта гэтае расчараванне ў сукупнасці з актыўнай працай рэвалюцыйных гурткоў садзейнічала распаўсюду ў колах эмігрантаў ідэй анархізму.

Нікола і Барталамеа сапраўды былі анархістамі. Гэта, у сукупнасці з іх італьянскім паходжаннем, рабіла іх выдатнымі мішэнямі следства. Акрамя таго, у Ніколы Сака быў знойдзены рэвальвер — акурат такога ж калібру, які выкарыстоўваўся для абрабавання. Усё амаль ідэальна клалася ў версію абвінавачання: эмігранты-анархісты зрабілі налёт, каб раздабыць грошы на выраб новых бомбаў і падрыхтоўку мяцяжу супраць Злучаных Штатаў.

Суд пачаўся толькі праз год: галоўны сведка абароны быў у Італіі. З самога пачатку працэсу быў бачны абвінаваўчы ўхіл. Абодва абвінавачаных адмаўлялі сваю віну. Дванаццаць (!) сведкаў, у тым ліку консул з Бостана, пакляліся на Бібліі, што ў дзень забойства бачылі абвінавачаных далёка ад гарадка, дзе яно адбылося. Аднак суд не надаў належнай увагі гэтым сведчанням, бо сведкі былі італьянцамі... Нават калі прысуджаны да смяротнай кары партугалец і крымінальнік Мадэйрас прызнаўся пад прысягай, што забойства, у якім абвінавачваюць Сака і Ванцэці, арганізаваў мясцовы гангстар — суд не звярнуў на гэта ўвагі.

Падчас слуханняў суддзя аднойчы нават абарваў адваката словамі:

«Суд вырашыць, якія факты заслугоўваюць даверу, а якія адводзяць у бок ад праўды! У вінаватасці альбо невінаватасці падсудных будуць разбірацца прысяжныя, аднак мушу заўважыць, што ні адно злачынства анархістаў і іншых элементаў, што бясчынствуюць у нашай краіне, не застанецца беспакараным».

14 ліпеня 1920 года прысяжныя прызналі Сака і Ванцэці вінаватымі.

Увесь свет – супраць

Пакаранне адбылося толькі праз 7 год. Віной таму — каласальная хваля салідарнасці з асуджанымі па ўсім свеце.

comite_daction.jpg

Супраць смяротнай кары анархістаў выказаліся самыя розныя людзі: ад Папы Рымскага да Альберта Эйнштэйна. Выказаўся ў іх падтрымку нават Беніта Мусаліні. Камітэт абароны Сака і Ванцэці змог сабраць гіганцкую па тых часах суму: 400 000 долараў, і аплаціць паслугі лепшых адвакатаў. Па ўсім свеце пракаціліся страйкі і дэманстрацыі, у ЗША яны прыводзілі да шматлікіх сутычак з паліцыяй і войскамі. Прафсаюзы Аўстраліі пачалі байкот амерыканскіх тавараў. Арганізацыя «Індустрыяльныя працоўныя свету» (IWW)  заклікалі да ўсеагульнага страйку ў ЗША. Дэманстранты нават спрабавалі ўзяць штурмам турму, дзе знаходзіліся анархісты. Для іх разгону былі выкліканыя марскія пехацінцы. Нават ліберальныя газеты поўніліся артыкуламі, якія падкрэслівалі ангажаванасць суда. Галеаністы змагаліся за вызваленне паплечнікаў-анархістаў больш звыклымі метадамі. У Аргенціне анархісты спрабавалі забіць амерыканскага прэзідэнта, які прыбыў туды з візітам. Бомбавай атацы падверглася адна з амерыканскіх тытунёвых кампаній — за прапанову жонцы Сака выпусціць марку цыгарэт «Сака і Ванцэці». Быў узарваны дом брата чалавека, які выклікаў паліцыю ў ноч арышту Сака і Ванцэці. Ужо згаданы вышэй выбух на Уол-стрыт таксама адбыўся ў знак салідарнасці з двума абвінавачанымі.

save_sacco_and_vanzetti.jpg

Напярэдадні смяротнага пакарання атмасфера ў ЗША была надзвычай напружаная. У кожным федэральным будынку знаходзіліся ўзброеныя паліцыянты. Пакаранне было прызначанае на поўнач. Усе чакалі рашэння губернатара штата, які меў магчымасць памілаваць абвінавачаных. Аднак за паўгадзіны да прызначанага часу губернатар заявіў: «Мы адхілілі прашэнне аб памілаванні».

Апошнімі словамі Сака былі: «Няхай жыве анархія!» Ванцэці, паціснуўшы руку наглядчыку, сказаў: «Я не вінаваты».





Пасля паведамлення пра тое, што кара прыведзеная ў выкананне, увесь свет ахапілі антыамерыканскія пратэсты: па Еўропе грамілі амбасады ЗША і забаўляльныя ўстановы, бо тыя асацыяваліся з буржуазным ладам жыцця. У Жэневе былі разрабаваныя ўсе крамы, што прадавалі цыгарэты Lucky Strike — сімвал Амерыкі. У Нямеччыне падчас сутычак з паліцыяй тры чалавекі былі забітыя. Трохі пазней анархісты ўзарвалі загарадны дом суддзі, які асудзіў італьянцаў на смерць. Суддзя не загінуў, пацярпела толькі ягоная жонка.

Кантэксты розныя, сутнасць — адна

Што агульнага маюць гэтыя падзеі з Беларуссю? Шмат чаго. Гэта не толькі пераслед анархістаў і наяўнасць смяротнай кары. Галоўнае, што ў у справе Сака і Ванцэці прыладай для расправы над палітычнымі апанентамі стаў такі інструмент сацыяльнай гегемоніі як крыміналізацыя. Яго ж апошнія гады актыўна выкарыстоўвае беларуская ўлада.

Пастаноўка пэўнай сацыяльнай групы пад падазрэнне, нібы найбольш схільнай да злачынстваў, прыпісванне ёй негатыўных якасцяў пазбаўляе перацягнуць на свой бок грамадскую думку і ў выніку пазбавіць гэтую сацыяльную групу роўных з астатнімі правоў. У выпадку з Сака і Ванцэці то было права на справядлівае судовае разбіральніцтва, пазбаўленне якога ў выніку каштавала ім жыцця.

Крыміналізацыя заўсёды адбываецца праз дзеянні дзяржорганаў і сродкі масавай інфармацыі, бо яе мэта, апрача іншага, — наколькі магчыма легітымізаваць перад насельніцтвам рэпрэсіўныя дзеянні супраць пэўнай групы. І калі ў Беларусі напады на непадобных, нязручных і патэнцыйна небяспечных адбываюцца пры амаль поўным маўчанні грамадства, то ў ЗША, як бачым, закатаваныя, хоць і былі імігрантамі і анархістамі («злачынцы» ўдвая), аднак вялікая частка грамадства паднялася ў іх абарону. Вялікая — але не ўся. Былі, безумоўна, і тыя, хто лічыў «так ім і трэба» і што «дыму без вагню не бывае», альбо што «бунтаўшчыкоў трэба караць» — і, на жаль, менавіта сярод таго класу, які меў уладу і прымаў рашэнні, такія меркаванні і дамінавалі – што і зрабіла смерць Сака і Ванцэці магчымай, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя пратэсты.

Справа Сака і Ванцэцці паказала ўсяму свету прыклад небывалай салідарнасці, якая, праўда, дала свой эфект праз доўгія гады. 23 жніўня 1977 года, роўна праз 50 год пасля пакарання, губернатар штата Масачусэтс Майкл Дукакіх зрабіў афіцыйную заяву аб тым што Сака і Ванцэцці былі асуджаныя несправядліва і «прыйшоў час канчаткова ачысціць іх імёны ад ганьбы».

Беларускае грамадства не можа згуртавацца перад тварам збіццяў, арыштаў і вобшукаў. Ці зможа яно зрабіць гэта перад тварам палітычных забойстваў? Пытанне застаецца адкрытым.

Артыкул упершыню апублікаваны ў "Новым Часе" 23.08.2018