У Дзярждэпе ЗША з'явілася пасада для барацьбы са зламыснай дзейнасцю Расіі
Скарочаная назва назвы новай пасады супадае з назвай расійскай ракеты — SARMAT, пааведамляе «Радыё Свабода».
У Дзяржаўным дэпартаменце ЗША з’явілася новая пасада — старэйшы дарадца ў праблемах расійскай зламыснай дзейнасці і тэндэнцыяў (senior advisor for Russian malign activities and trends). Скарочана — SARMAT.
Гэты скарот супадае з назваю расейскай міжкантынентальнай балістычнай ракеты «Сармат», пра стварэнне якой раней сёлета абвясціў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.
Як паведамляецца, пра ўвядзенне пасады старэйшага дарадцы ў праблемах расейскай зламыснай дзейнасці і тэндэнцыяў абвясціў намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША Уэс Мітчэл падчас слуханняў пытання аб эфектыўнасці санкцыяў супраць Расіі ў сенацкім Камітэце міжнародных дачыненняў.
У сераду прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартаменту пацвердзіла, што супадзенне назваў невыпадковае. Замежнапалітычнае ведамства ЗША пакуль не паведаміла, ці прызначаны хто-небудзь на пасаду.
Што да абавязкаў таго, хто зойме новую пасаду, Мітчэл растлумачыў, што гэты службовец будзе «распрацоўваць міжрэгіянальныя стратэгіі», прычым пры ўдзеле розных структурных адзінак.