За «распальванне варожасці» мінскаму анархісту пагражае турэмны тэрмін
На мінулым тыдні да актывіста анархісцкага руху Івана Камара зноў прыйшла міліцыя.
Аб візіце міліцыянтаў да непаўнагадовага актывіста паведамляе «Анархічны чорны крыж — Беларусь».
Міліцыянты паведамілі, што яны будуць апытваць Івана з нагоды вобшуку, які адбыўся ў маі. Раней актывіста падазравалі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў у Інтэрнэце, аднак зараз, па словах супрацоўнікаў, артыкул быў перакваліфікаваны на 130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варажнечы). Хлопец адмовіўся ад дачы паясненняў, аднак супрацоўнікі працягвалі задаваць пытанні, напрыклад, з нагоды вынятага адзення — іх цікавіла, у каго ён яго купіў і з якой мэтай.
Пасля міліцыянты паведамілі хлопцу, што прыйдуць паўторна з вынікамі праверкі цягам двух тыдняў. Бацькам актывіста заявілі, што іх сын магчыма датычны да вядзення групы «Волна Беларусь» Укантакце.
У 2016 годзе актывіста таксама затрымлівалі па абвінавачанню ў разбіцці камеры відэаназірання.
Чытайце таксама: "Палітыка — гэта тое, як ты жывеш" — інтэрв'ю з Іванам Камаром.
Частка 1 артыкулу 130 КК РБ прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, альбо арышту, альбо абмежавання волі, альбо пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў. Частка 2 — "тыя ж дзеянні, звязаныя з гвалтам, альбо ажыццёўленыя асобай на пасадзе з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў" — пазбаўленне волі ад 3 да 10 год. Тыя ж дзеянні, ажыццёўленыя групай асоб, альбо пацягнуўшыя смерць чалавека па неасцярожнасці, альбо "іншыя цяжкія наступствы" — пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 год.