«Здрада радзіме» і «ганьбаванне высокага звання грамадзяніна». Як пачыналася практыка пазбаўлення грамадзянства
Як і ва ўсіх «перадавых» практыках у рэпрэсіях, савецкія чэкісты і тут былі першымі: яны масава пачалі пазбаўляць грамадзянства тых, хто ўяўляў пагрозу для дзяржавы. З гадамі практыка толькі ўдасканальвалася.
Больш за сто гадоў таму ўлады СССР упершыню пачалі пазбаўляць людзей грамадзянства. Спачатку гэта тычылася толькі тых, хто пражываў за мяжой і не хацеў або з нейкіх прычынз не мог жыць у Савецкім Саюзе, але потым гэтае пытанне ўсё больш станавілася палітычным і ў рэшце рэшт было аддадзена на водкуп спецслужбам. У другой палове XX стагоддзя грамадзянства СССР былі пазбаўленыя дзясяткі савецкіх дысідэнтаў і ўцекачоў на Захад.
Цяпер пра гэты інструмент барацьбы з нязгоднымі ўлады Расіі ўспамінаюць усё часцей. Напрыклад, у красавіку 2022 года, неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў, што было б «правільна» пазбаўляць расійскага грамадзянства і забараняць уезд у краіну тым, хто «паводзіць сябе здрадліва» або робіць заявы пра ваенныя аперацыі ва Украіне за «пячэнькі Дзярждэпа». Як адбываўся гэты працэс і ці можна лічыць, што ў пуцінскай Расіі і на некаторых іншых тэрыторыях былога СССР адраджаюць савецкія практыкі? Разбіраўся тэлеканал «Настоящее время».
«Некаторыя катэгорыі асоб за мяжой»
15 снежня 1921 года ў СССР быў апублікаваны ўказ «Аб пазбаўленні правоў грамадзянства некаторых катэгорый асоб, якія знаходзяцца за мяжой», падпісаны старшынёй Саўнаркама Уладзімірам Леніным. Ён закрануў мільёны грамадзян былой Расійскай імперыі, якія да таго моманту знаходзіліся за мяжой і не хацелі вяртацца ў краіну пры савецкай уладзе. Пры гэтым усяго пяццю гадамі раней Ленін сам быў эмігрантам і ворагам царскага рэжыму, але той не пазбавіў яго пашпарта і грамадзянскіх правоў.
Ва ўказе Ленінабыло сказана толькі пра «некаторыя катэгорыі асоб». Але на самой справе ўказ гэты тычыўся амаль усіх тых, хто з'ехаў за мяжу, — за «страту сувязі з радзімай», як гаварылася ў дакументах савецкіх камісараў-заканадаўцаў. Пазбаўленню савецкага грамадзянства, у прыватнасці, падлягалі «асобы, якія прабылі за мяжой бесперапынку звыш пяці гадоў і не атрымалі ад савецкіх прадстаўніцтваў замежных пашпартоў да 1 чэрвеня 1922 года» — гэта значыць не прадэманстравалі сваю лаяльнасць Саветам.
Таксама ён тычыўся «асоб, якія выехалі з Расіі пасля 7 лістапада 1917 года без дазволу савецкай улады» і ўсіх, хто служыў у Белай арміі. Пазбегнуць пазбаўлення грамадзянства, не вярнуўшыся ў СССР, па бюракратычных працэдурах было амаль немагчыма.
Пасля гэтага ўказа ў Еўропе імгненна з'явіліся сотні тысяч, а можа, нават і мільёны асоб без грамадзянства. Для іх давялося спешна ўводзіць «Нансенаўскія пашпарты» — дакументы, распрацаваныя ў 1922 годзе нарвежцам Фрыцьёфам Нансенам, камісарам Лігі Нацый па справах бежанцаў. Яны пачалі хаджэнне якраз да чэрвеня 1922 года. Гэтыя дакументы аказаліся пазней выратавальнымі не толькі для рускай дыяспары, але і для бежанцаў з іншых краін.
Указ, выдадзены пры Леніне, быў удасканалены пры Сталіне. У 1931 годзе працэдуру пазбаўлення грамадзянства яшчэ больш спрасцілі, каб не чакаць, калі тыя, хто з'ехалі з СССР, пражывуць за мяжой пяць гадоў і «страцяць сувязь з радзімай». Да прыкладу, у студзені 1929 года асаблівая нарада пры Калегіі АДПУ пастанавіла «выслаць па-за межы СССР» Льва Троцкага. У лютым яго прывезлі з жонкай і сынам з пашпартам на прозвішча Сядоў у Канстанцінопаль (Стамбул), а ўжо праз тры гады, у лютым 1932-га, у газеце «Праўда» была апублікавана пастанова Прэзідыума ЦВК СССР за подпісам старшыні Міхаіла Калініна, які абвясціў аб пазбаўленні Троцкага і членаў яго сям'і савецкага грамадзянства «за контррэвалюцыйную дзейнасць».
У 1938 годзе ўлады СССР ўнеслі да закона папраўкі, якія дазвалялі пазбаўляць савецкага грамадзянства без усялякай прычыны, паводле «меркавання кампетэнтных органаў».
«Парушылі абавязак вернасці рэйху і народу»
Бальшавіцкую практыку пазбаўлення непажаданых грамадзянства ахвотна перанялі нацысты. У Германіі ўжо ў ліпені 1933 года, праз паўгода пасля прыходу Гітлера да ўлады, быў прыняты так званы «Закон аб выгнанні» («Ausbürgerungsgesetz»). Згодна з ім, маглі быць пазбаўленыя грамадзянства нямецкія грамадзяне, якія знаходзіліся за мяжой і парушылі сваімі паводзінамі «абавязак вернасці рэйху і народу» і «нанеслі шкоду нямецкім інтарэсам». Таксама пазбаўляліся грамадзянства тыя, хто не выканаў патрабаванне ўладаў вярнуцца на радзіму: іх маёмасць магла быць канфіскавана і перададзена рэйху.
З 1933 года нацысцкі ўрад пазбавіў грамадзянскіх правоў 90 тысяч нямецкіх яўрэяў і палітычных апанентаў рэжыму — уключаючы тых, хто пражываў па-за межамі Германіі, а таксама ў анэксаваных частках Чэхаславакіі.
Пры гэтым, нават пазбавіўшыся нямецкага грамадзянства, эмігранты-антыфашысты ў вачах многіх навакольных ўсё роўна заставаліся немцамі, вінаватымі ў вайне і генацыдзе габрэяў. Пісьменнік Эрых Марыя Рэмарк, якога пазбавілі грамадзянства ў 1938 годзе, апісаў гэтае непрыемнае адчуванне ў рамане «Цені ў раі»:
«Ужо не першы раз мяне рабілі адказным за злачынствы фашысцкага рэжыму ў Германіі. І паступова гэта перастала чапаць. Я сядзеў у лагеры для інтэрнаваных у Францыі, але не зненавідзеў французаў. Тлумачыць гэта, зрэшты, было бессэнсоўна. Той, хто ўмее толькі ненавідзець ці толькі любіць, — зайздросна прымітыўны».
Ідэя выганяць непажаданых з дзяржавы нарадзілася яшчэ ў Афінах за 500-600 гадоў да нашай эры і называлася астракізмам. Дакладна невядома, калі менавіта афіняне, галасуючы з дапамогай гліняных чарапкоў (астраконаў), сталі вызначаць небяспечных для дзяржаўнага ладу людзей, якіх адпраўлялі ў выгнанне (звычайна на 10 гадоў). Большасць даследчыкаў мяркуюць, што закон аб астракізме быў прыняты ў Афінах пры Клісфене — дзяржаўным дзеячы, які ў 508-507 гадах да н. э. правёў у горадзе цэлы шэраг рэформ. Аднак першы вядомы акт астракізму адбыўся толькі ў 487 годзе да н. э. — тады з Афін быў выгнаны правадыр партыі «Сяброў тыранаў» Гіпарх. Паводле афінскіх законаў, выгнанню падвяргаліся толькі знатныя людзі высакароднага паходжання. Але пры гэтым выгнанага з Афін ўсё-ткі не пазбаўлялі грамадзянства і маёмасці.
«Ганьбяць высокае званне грамадзяніна СССР»
У 1978 годзе закон аб пазбаўленні грамадзянства ў СССР яшчэ раз змянілі, унёсшы ў яго туманную фразу пра тое, што можна гэта зрабіць за «дзеянні, якія ганяць высокае званне грамадзяніна СССР».
У «Вікіпедыі» ёсць раздзел «Прымусова пазбаўленыя савецкага грамадзянства». У ім 63 прозвішчы: дзеячы навукі, літаратуры, музыкі, тэатру. Але гэта вельмі няпоўны спіс. Многія, як, напрыклад, паэт і бард Аляксандр Галіч, у яго не трапілі: іх проста «папрасілі» з'ехаць з краіны пад пагрозай турмы. Не трапілі ў яго і тыя, хто ад'язджаў з СССР па «габрэйскай лініі»: чалавек, які выязджае на ПМЖ у Ізраіль, ад савецкага грамадзянства павінен быў адмовіцца сам.
Менавіта гэта адбылося з Галічам. На пачатку 1970-х гадоў улады неаднаразова прапаноўвалі яму з'ехаць з СССР па ізраільскай візе, але ён адмаўляўся, тлумачачы, што ён не хоча эміграваць.
Урэшце Галіч вырашыў пакінуць краіну. Падчас развітальных сустрэч з сябрамі ён тлумачыў:
«Я ж, па сутнасці, не з'язджаю — мяне выганяюць. Гэта трэба абсалютна дакладна разумець. Добраахвотнасць гэтага ад'езду — намінальная, фіктыўная добраахвотнасць. Яна, па сутнасці, вымушаная».
25 чэрвеня 1974 года Аляксандр Галіч з'ехаў з СССР па ізраільскай візе, аднак пры перасадцы ў Вене ён атрымаў у нарвежскім пасольстве «Нансенаўскі пашпарт» (пасведчанне бежанца) і замест Ізраіля адправіўся ў Нарвегію.
За некалькі гадоў да Галіча, у 1966 годзе, з СССР з'ехаў дысідэнт Валерый Тарсіс. За сваю дзейнасць ён некалькі гадоў правёў у псіхіятрычным шпіталі і пазней напісаў пра гэта аповесць «Палата нумар 7», якую надрукавалі на Захадзе. У 1966 годзе сакрэтны супрацоўнік КДБ Віктар Луі ўгаварыў Тарсіса паехаць у Лондан. Валерый меркаваў, што едзе туды толькі на некалькі дзён, але як толькі ён выйшаў з самалёта ў Лондане, ва ўсіх савецкіх газетах быў апублікаваны ўказ аб пазбаўленні яго грамадзянства.
Прыкладна такім жа спосабам КДБ пазбавілася ў 1973 годзе ад двух вядомых на Захадзе савецкіх праваабаронцаў. Аднаго з іх, фізіка Валерыя Чалідзэ, запрасілі чытаць лекцыі ў ЗША — і, да свайго здзіўлення, ён лёгка атрымаў выязную візу. Грамадзянства яго пазбавілі праз тыдзень пасля ад'езду.
У тым жа годзе іншы праваабаронца, біёлаг і генетык Жарэс Мядзведзеў (брат пісьменніка Роя Мядзведзева), выехаў на год з СССР у Лондан для працы ў Нацыянальным інстытуце медыцынскіх даследаванняў. Праз месяц савецкія газеты таксама надрукавалі ўказ аб пазбаўленні яго грамадзянства. Мядзведзеву давялося яму застацца ў Англіі.
У 1970-я і 1980-я гады высылкі з СССР набіралі абароты. На рэдкасць «ураджайным» стаў у гэтым плане 1974 год — тады савецкага грамадзянства пазбавілі некалькіх пісьменнікаў.
Пад ціскам КДБ перабраўся ў ЗША Эдуард Лімонаў. Андропаў, які, паводле некаторых звестак, Лімонава ненавідзеў, «праціснуў» указ аб пазбаўленні яго грамадзянства літаральна за лічаныя тыдні.
Іншаму пісьменніку, Уладзіміру Максімаву, у 1974 годзе пад ціскам КДБ прыйшлося эміграваць у Францыю: пазней ён створыць у Парыжы знакаміты часопіс «Кантынент». Калі выйшаў першы нумар гэтага часопіса, Максімава таксама пазбавілі савецкага грамадзянства.
Да таго моманту ў рэдакцыю «Кантынента» ўжо ўваходзіў бліскучы пісьменнік франтавога пакалення Віктар Някрасаў. Са сваёй нязручнай праўдай пра вайну ён таксама хутка стаў у СССР дысідэнтам. З краіны яго «выціснулі» ў тым жа ў 1974 годзе. Але адразу пазбаўляць грамадзянства лаўрэата Сталінскай прэміі (Някрасаў атрымаў яе за кнігу «У акопах Сталінграда») уладам, мабыць, было нязручна. Пісьменніка пазбавілі савецкага пашпарта толькі праз пяць гадоў, у 1979-м.
Някрасаў пісаў, што з некаторым здзіўленнем даведаўся пра гэта са СМІ:
«Ні гневу, ні абурэння, ні засмучэння, аніякага іншага віду эмоцый прачытанае мною паведамленне агенцтва "Рэйтэр" ува мне не выклікала. Упершыню ўгледзеў я ва ўчынку кіраўнікоў маёй краіны нейкую логіку. Чалавек, які дазваляе сабе адкрыта, вусна і пісьмова, асуджаць іх учынкі, не можа заставацца грамадзянінам краіны, якой яны кіруюць. Ён наносіць ёй, дакладней ім, шкоду — яго трэба адкінуць. Цалкам лагічна. Я за логіку».
І Някрасаў, і Максімаў ў выніку прынялі французскае грамадзянства. Галіч прымаць якое б там ні было новае грамадзянства адмовіўся. Ён адхіліў прапанаваны яму нарвежскім каралём пашпарт Нарвегіі і да канца свайго жыцця на чужыне на пытанне аб тым, хто ён па нацыянальнасці, адказваў проста: «Я — рускі бежанец».
Таксама ў 1974 годзе з СССР выслалі Аляксандра Салжаніцына, які да таго часу ўжо быў Нобелеўскім лаўрэатам. КДБ тады ўсё зрабіў узорна-паказальна. 12 лютага сярод ночы ў кватэру Салжаніцына ўварваўся спецназ. Пісьменніка, якому ледзь далі апрануцца, схапілі, прывезлі на Лубянку і паставілі перад сталом намесніка генеральнага пракурора, які абвінаваціў яго ў дзяржаўнай здрадзе. «Ад пажыццёвага да вышэйшай меры. Падумац»ь.
Салжаніцына адвялі ў камеру, а раніцай зноў выклікалі да намесніка пракурора, які зачытаў указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб пазбаўленні яго савецкага грамадзянства і неадкладнай дэпартацыі па-за межы краіны. Да вечара Салжаніцын быў ужо прывезены на самалёце ў Франкфурт. Яго выпадак — адзін з рэдкіх выпадкаў, калі грамадзянства было адабрана ў чалавека, які знаходзіўся яшчэ ў СССР.
Пазней, праз пару месяцаў, у Германію выехала сям'я Салжаніцына. Ім пашанцавала, паколькі сваякамі высланых КДБ маніпуляваў як хацеў: адных выпускаў следам і забываў пра іх, іншых выпускаў — і, як жонку Салжаніцына Наталлю Святлову, таксама пазбаўляў грамадзянства, трэціх катэгарычна не выпускаў.
Цалкам прачытаць артыкул пра практыку пазбаўлення грамадзянстваможна тут.