Сцюжа, адліга і фантомныя болі Сяргея Грахоўскага. Да дня памяці

Мы праходзім свой шлях адпаведна тым абставінам, у якія нас закінуў лёс. Значную частку спустошаных савецкімі цэнзарамі біяграфій нам яшчэ трэба будзе пераглядзець. Сяргею Грахоўскаму за свае погляды і вершы выпалі на долю страшныя 16 гадоў канцлагера і высылкі, і гэты цяжкі груз заставаўся з ім да канца жыцця. 

Сяргей Грахоўскі (1960). Фота: grahouski.org

Сяргей Грахоўскі (1960). Фота: grahouski.org


Камусьці ў жыцці шчасціць атрымаць «Нобеля», а камусьці — у ім нарадзіцца. Так здарылася з беларускім паэтам, пісьменнікам і перакладчыкам Сяргеем Грахоўскім: ён нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Нобель, што раней адносілася да Мінскай губерні, а цяпер — да Ровенскай вобласці Украіны.
З біяграфіі паэта вядома, што з 1914 года ён з бацькамі жыў на Магілёўшчыне, у Глуску, а ў 17 гадоў пачаў працаваць у Бабруйску на дрэваапрацоўцы. Што да адукацыі, то Сяргей Грахоўскі скончыў літаратурны факультэт Мінскага дзяржаўнага інстытута, дзе навучаўся на газетна-выдавецкім аддзяленні, і гэтыя гады не былі марнымі: пасля інстытута Грахоўскі працаваў на Беларускім радыё і выкладаў літаратуру на рабфаку, за сваё жыццё паспеў папрацаваць таксама на рэдактарскіх пасадах у часопісах «Бярозка» і «Вясёлка», літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР і адказным сакратаром Камітэта па дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Філалагічная адукацыя ратавала яго на пасяленні, у перапынках паміж лагерамі, калі ён выкладаў у школе рускую мову і літаратуру.



Уласна «лагерны» перыяд жыцця Сяргея Грахоўскага адняў 16 гадоў з 89, адведзеных яму лёсам, і быў самым складаным, вызначальным. Гэты перыяд адбіўся на ўсёй творчасці пісьменніка — пачынаючы ад знакамітай аўтабіяграфічнай трылогіі («Зона маўчання», «З воўчым білетам», «Такія сінія снягі») і заканчваючы вершамі, у якіх да апошняга гучалі матывы жалю і смутку па страчаным часе і загубленых гадах.


Сцюжы

Ад сцюжы сэрца халадзела

І прамярзала навылёт,

Шурпацела, як тарка, цела,

Не раставаў на вейках лёд.

 

Не сунімалася завея,

Збівала і валіла з ног,

Здавалася — душа сівее,

А праведных карае Бог.

 

За паслушэнства і бязволле,

За непавагу да сябе,

За абыякавасць да болю,

Да гругана, што лоб дзяўбе.

 

А сцюжы? Сцюжы лютавалі,

Сляпілі вочы ледзяшы,

І часам рэбры прыставалі

Да пасівелае душы.

 

Я так настыг у маладосці

І навучыўся так цярпець,

Што толькі спадзяюся косці

У крэматорыі сагрэць.

Шмат чаго давялося перажыць Грахоўскаму ў крыважэрныя часы савецкага тэрору. Ён двойчы быў арыштаваны і асуджаны за «антысавецкую дзейнасць», адбыў 10 гадоў канцлагера і 6 гадоў сібірскага пасялення, быў канчаткова рэабілітаваны па абедзвюх справах толькі ў 1955 годзе, а з 1956 года змог зноў жыць у Мінску.  

Студэнт Грахоўскі — за 3 гады да затрымання. Фота: grahouski.org

Студэнт Грахоўскі — за 3 гады да затрымання. Фота: grahouski.org


Паслярэабілітацыйныя гады сталі самымі плённымі ў яго творчасці. Агулам жа за сваё жыццё Сяргей Грахоўскі выдаў каля 60 кніг, сярод якіх былі і зборнікі паэзіі, і проза, успаміны, а таксама кнігі для дзяцей. Вялікую частку паэтычнай спадчыны творцы займае пейзажная і інтымная лірыка, сярод якой можна знайсці ўзоры выказвання вельмі тонкага і глыбокага пачуцця.


* * *

Твае далоні пахнуць першым снегам,

А познімі антонаўкамі — снег.

Над цішынёю нечаканым рэхам

Звініць і коціцца дзявочы смех,

 

Што заблудзіўся ў зорнай ночы

За ціхаю застылаю ракой

І радасць бесклапотную прарочыць,

І першага кахання неспакой.

 

Пастой... Паслухаем і пазайздросцім,

Пакуль праменьчык радасці не згас

Бяздумнай і вясёлай маладосці,

Якая больш не вернецца да нас.


Здольнасць бачыць і адчуваць прыгожае вельмі патрэбна ў мірныя часы, калі вока замыльваецца ад звыклых даляглядаў, але яшчэ больш патрэбна ў часы жахлівыя, анамальныя, калі зло вядзе рэй. Напэўна, толькі так і можна выжыць — па максімуме захоўваючы ў сабе чалавека. Пра гэта (але, безумоўна, не толькі) Грахоўскі напісаў у сваіх тэкстах пра лагерны досвед.

Яго аповесць «Зона маўчання» — гэта развагі пра сутнасць і межы маралі і амаральнасці, грахоўнасці і духоўнай прыгажосці асобы. Гэта доўгі роздум над лёсам чалавецтва, увасоблены ва ўспамінах пра лёсы асобных людзей: ахвяр і карнікаў, якіх аўтар сустрэў на сваім жыццёвым шляху. Грахоўскі здолеў убачыць тое, што рэдка даступна неспрактыкаванаму, не гатоваму да страшнай праўды воку: мяжа несправядлівасці не дзеліць людзей на «сваіх» і «чужых» — яна праходзіць паміж «сваімі» з аднаго боку і «сваімі» з другога.

«Хто страляў? Нібыта ніхто не ведае. А недзе ж у справах ёсць іх подпісы пад актамі аб прывядзенні прысуду ў выкананне, недзе ж яшчэ жывуць натрэніраваныя ў стральбе па жывых мішэнях «варашылаўскія стралкі»… А сумленне? Не муляе і не мучыць. Чаго не было, таго няма. За многія гады духоўнага спусташэння гэтая маральная катэгорыя назаўжды страчана ў паслухмяных служак і прыслужнікаў крывавага рэжыму, гатовых выканаць любы бязглузды і злачынны загад. Яны, як манкурты, па загадзе родную маці застрэляць».

У сваёй аўтабіяграфічнай прозе пісьменнік спрабуе знайсці адказы на пытанні, якія не давалі спакою многім з тых, хто прайшоў праз пакуты канцлагераў: «Якому д’яблу служаць тыя, што апантана ламалі рэбры старым камуністам, што жанчынам заганялі ў саскі завостраныя алоўкі, што ножкамі крэслаў раструшчвалі пальцы ног і месяцамі гнаілі ў халодных і цёмных карцэрах?»

Турэмны здымак Сяргея Грахоўскага (1936). Фота: grahouski.org

Турэмны здымак Сяргея Грахоўскага (1936). Фота: grahouski.org


Адказы на гэтыя пытанні крыюцца недзе глыбока ў прасторах падсвядомага, асаблівасці якога дагэтуль яшчэ не вывучаны. А вось асаблівасці свядомасці савецкім уладам былі добра вядомы. Карыстаючыся разгорнутымі ў той час шырокімі даследаваннямі ў псіхалогіі, педагогіцы і іншых дысцыплінах, органы ГПУ спрабавалі ўплываць на шырокія масы і пры дапамозе літаратуры. 

Загнаных у канцлагеры пісьменнікаў актыўна агітавалі да працы на карысць Саветаў, да ўхвалення камуністычнага рэжыму, калі ж проста словамі не атрымлівалася, уплывалі фізічна, збіваючы да смерці ці маральна — праз пакуты блізкіх: «Жонку з дзіцём на руках выселілі з ведамаснай кватэры, выключылі з інстытута. Без прытулку і грошай да самых маразоў яны начавалі ў скверы на плошчы Волі, і сябры і знаёмыя пазбягалі, баяліся даць прытулак. Калі пахавала сына, падалася на нейкі торфазавод, і нашы шляхі разышліся назаўсёды».

Але нават у такіх абставінах людзі захоўвалі сумленне і знаходзілі сэнс жыцця. У многім дзякуючы менавіта гэтаму сэнсу тыя рэпрэсаваныя пісьменнікі, чые кнігі мы зараз чытаем, змаглі вытрымаць катаванні і выжыць. Падставы верыць у нешта ў кожнага былі розныя. У кагосьці па той бок дроту заставаліся дзеці ці бацькі, хтосьці быў адданы радзіме, а кагосьці проста падтрымлівалі сябры і аднадумцы. Сярод такіх і выпала быць Сяргею Грахоўскаму. 

«Павярнула на вясну… задубянелі ад маразоў рукі, на нагах, асабліва ў цяпле, нылі і торгалі прымарожаныя пальцы. Але трымала нас сяброўская еднасць». Еднасць, якая не мела ні колеру скуры, ні прапіскі, ні нацыянальнасці. Героі аповесцей Грахоўскага — людзі без нацыі: у вольным жыцці іх пазбаўляла гэтай характарыстыкі савецкая сістэма, у лагернай зоне — дзяленне на «блатных» і «контрыкаў», «прыдуркаў», «стукачоў», «дахадзяг» і іншыя групы і касты.


Рэдкія, але ўмела ўпісаныя ўстаўкі пра пакінутую радзіму робяць аповед яшчэ больш глыбокім і шматпластавым, калі некалькі соцень старонак пісьменнік можа апісваць усю подласць, на якую толькі здольны чалавек, а пасля некалькімі сказамі супрацьпаставіць яму эвалюцыйна больш высокага, больш развітага індывіда, які мае свае карані і імі жа абумоўлены:

«Аля ўгаворвала ўстрымацца: там жа ўсё спалена і зруйнавана, ды і ўсе мае няшчасці пачаліся там, можа, і людзі, што паламалі жыццё, пазнаюць. А я не ўяўляў свайго існавання без Беларусі. Там, за калючым дротам, бясконца сніліся родныя краявіды, а цяпер неадольная сіла цягнула туды, дзе росы цяплейшыя, сонца ласкавейшае, паветра напоена водарам, а кожнае слова лечыць і цешыць спакутаваную душу.

Толькі ў Беларусь!»

Пра Беларусь пасля ён напіша нямала вершаў — вялікіх і квяцістых, маленькіх і сціплых, поўных любові і болю. Але найлепш пра тое, кім быў і кім застаўся Сяргей Грахоўскі, гаворыць гэта непрыкметнае чатырохрадкоўе:

***

Не паверу хлусам,

Не згаджуся з Каінам,

Што заснуў я беларусам,

А ўстаў расіянінам.

Пісаў і гаварыў ён і пра гістарычную мінуўшчыну Беларусі, і пра бел-чырвона-белы сцяг, і пра будучыню, якой жадаў ніколі не паўтараць памылак сваёй папярэдніцы. Вершы гэтыя і па сёння гучаць так, як быццам напісаны пра нас, і мы да іх яшчэ будзем вяртацца і асэнсоўваць — можа быць, там, недзе паміж радкоў і ёсць адказ на тое, што нам рабіць далей.

Малітва

Як некалі маліўся ў Глуску

На скрыжаванні трох дарог,

Малюся зноў па-беларуску

I веру — зразумее Бог.


Маё апошняе маленне

За ўсе малітвы карацей:

Малю не ставіць на калені

Маіх унукаў і дзяцей,


Бо настаяўся я ў няволі

За грэшнікаў і за святых,

Таму малю, Айцец, даволі

Караць маіх і не маіх


Нашчадкаў на зямлі пакутаў,

Дзе хіжы д’ябал правіў баль,

Усіх калючкаю апутаў

I душы закаваў у сталь.


Магутны Божа, днём і ноччу

Адзінай літасці прашу,

Не засляпі нашчадкам вочы,

Ратуй нявінную душу


Ад жорсткасці і ад здзічэння

I катам не аддай на здзек,

Бо на каленях з нараджэння

Я прастаяў увесь свой век.


Ратуй нас, Божа, ад напасці,

Дзяцей — ад торбы і турмы,

Ад «волі» і такога «шчасця»,

Якое церпім толькі мы.


Вячэрняя малітва


Да поўначы, укленчыўшы, хрышчуся,

У неба, у зорак і ў Бога малю

Даць волю і долю маёй Беларусі,

Вярнуць нашу мову, душу і зямлю.


Даўно мы знямелі, аглухлі, аслеплі,

Зайшоўся ад болю і голас, і зык,

Нас прыхадні гналі пад кулі і ў петлі

I вырвалі ў нашага Бога язык.


А Бог уваскрос, і жывы, і нязводны,

Распяты не раз без адходнай імшы,

У памяці нашай, у долі народнай,

У кожнай жывой акрыялай душы.


Зацятыя прыхадні енку не чуюць,

Бо ведаюць толькі: «крышы» і «карай»!

Пагардай і лютай знявагай лінчуюць

I мараць пра «Северо-Западный край».


Яго нашы продкі і мы паспыталі,

Але не здаліся пякельнай бядзе:

Прарока нам Бог дараваў на Купалле,

Каб ён запытаўся: «А хто там ідзе?!»


О, Божа магутны, малю і малюся:

Спрадвечныя нашы пакуты згадай,

Хоць ты заступіся за лёс Беларусі

I згінуць не дай.