Закладнікі і вязні сумлення

«Міжнародная амністыя» прызнала вязнямі сумлення 16 грамадзян Беларусі, арыштаваных у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Тым часам па краіне працягваюцца масавыя ператрусы.

«Міжнародная амністыя» прызнала вязнямі сумлення 16 грамадзян Беларусі, арыштаваных у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Тым часам па краіне працягваюцца масавыя ператрусы.
Вязнямі сумлення з’яўляюцца пяць кандыдатаў у прэзідэнты Аляксей Міхалевіч, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў і Андрэй Саннікаў. У спіс вязняў сумлення ўключаны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, карэспандэнт расійскай «Новой газеты» і жонка Саннікава Ірына Халіп, рэдактар газеты «Товарищ» давераная асоба Някляева Сяргей Вазняк.
«Міжнародная амністыя» таксама абвясціла вязнямі сумлення давераную асобу Някляева Аляксандра Фядуту, кіраўніка выбарчага штаба Саннікава Ула­дзіміра Кобеца, давераных асоб Саннікава Дзмітрыя Бандарэнку і Аляксандра Арастовіча, кіраўніка выбарчага штаба Статкевіча Сяргея Марцалева, давераную асобу экс-кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука Анатоля Лябедзьку, кіраўніка выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца і намесніка старшыні зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» Анастасію Палажанку.
Намеснік дырэктара праграм Еўропы і Сярэдняй Азіі «Міжнароднай амністыі» Джон Долхуісен заявіў, што пераследаванне людзей, якія ўдзельнічалі ў мірнай дэманстрацыі, і жорсткае абыходжанне з імі «паказвае абуральную непавагу да правоў чалавека з боку беларускіх улад і заслугоўвае самага рашучага асуджэння міжнароднай грамадскасці».
Падазраванымі па крымінальнай справе па артыкуле 293, частках 1 і 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — «Масавыя беспарадкі» — з’яўляюцца 14 чалавек.
Старшыня «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч і актывіст Эдуард Лобаў абвінавачваюцца па крымінальнай справе па артыкуле 339 ч. 3 Крымінальнага кодэкса — «Хуліганства».
Працягваюцца масавыя вобшукі, допыты актывістаў, праваабаронцаў па рэгіёнах. Раніцай 11 студзеня ў Магілёўскае КДБ па мабільным тэлефоне «на размову» выклікалі журналіста «Бобруйского курьера» Яўгена Васьковіча, 12 студзеня прайшла серыя вобшукаў у Гродна, раней — у актывістаў з Брэста. Адбываюцца ператрусы ў сваякоў кандыдатаў у прэзідэнты, актывістаў перадвыбарчых штабоў.
Стала вядома, што экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч з турмы званіў жонцы Мілане, каб засцерагчы яе ад выступаў у Еўропе. Яшчэ палітык паспеў сказаць: «Горшага, чым ёсць, са мной ужо не зробяць. Калі цягам тыдня ад мяне не будзе ніякіх вестак, рабі ўсё».
Экс-кандыдату ў прэзідэнты Рыгору Кастусёву следчы КДБ Беларусі не дазволіў выехаць у Варшаву для ўдзелу ў канферэнцыі, на якой будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі. У сустрэчы возьмуць удзел беларускія і польскія палітыкі, а таксама сваякі арыштаваных.