Замест калоній для непаўнагадовых у Беларусі будуць выхаваўчыя цэнтры

Пад час выязного паседжання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якое адбылося ў папраўчай калоніі № 14 (Навасады, Барысаўскага раёна), начальнік дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка паведаміў, што ў Беларусі плануецца замест дзіцячых калоній ўвесці выхаваўчыя цэнтры.



kalonija_dzeci_1.jpg

Дзіцячая калонія. Фота: server2.cripo.info

«Дапусцім, дзіця атрымала 3 гады пазбаўлення волі. Умоўна кажучы, першыя 1,5 гады яно змяшчаецца ва ўстанове на агульных падставах. Пры добрых паводзінах пераводзіцца на палепшаныя ўмовы ўтрымання ў пакой, дзе пражываюць чатыры чалавекі. З гэтага моманту ён сам сабе гатуе ежу, актыўна ўдзельнічае ў працоўнай дзейнасці, вучыцца, займаецца ў гуртках. Праз нейкі час яго пераводзяць за тэрыторыю ўстановы ў нармальны інтэрнат, дзе ён пачынае наведваць звычайную школу. Вядома, усё гэта пад наглядам. Трэба паглядзець, ці ёсць у такой сістэме рацыя», — цытуе словы Сяргея Дарошкі TUT.BY.

Начальнік дэпартамента растлумачыў, што такі вопыт ужо ёсць у Швейцарыі і Расіі. «Мяне запрасілі ў Бранскую дзіцячую калонію, дзе быў рэалізаваны швейцарска-расійскі праект па барацьбе з дзіцячай злачыннасцю. Яны пабудавалі свой выхаваўчы цэнтр з нуля і распрацавалі парадак рэсацыялізацыі дзяцей. У Беларусі жа парадак, формы і метады выхавання ў дзіцячай калоніі практычна не мяняюцца з 1939 года», — звярнуў увагу Дарошка.