Змагары з прапагандай: горш за ўсё на скаргі рэагуюць Тэлеграм і Ютуб
Беларускія прапагандысты асвойваюць сацыяльныя сеткі, а неабыякавыя беларусы з імі змагаюцца. Як піша «Еўрарадыё», з пераменным поспехам. Якія пляцоўкі хутчэй за ўсё рэагуюць на шматлікія скаргі і выдаляюць фэйкі і кантэнт з адкрытай агрэсіяй?
«Больш за ўсё цяпер выдаляе ЦікТок, — расказваюць у
суполцы «Стоп Пропаганда». — Далей па выніковасці Інстаграм. З
астатнімі досыць складана. Ютуб магчыма забаніць толькі страйкамі, ну і
санкцыямі, але да іх гэта праз месяцы даходзіць. З Твітарам і Фэйсбукам тое
самае, але зрэдку прастрэльвае».
Суразмоўцы нагадваюць, што ў самым пачатку здолелі дамагчыся
выдалення фэйкавага акаўнта Святланы Ціханоўскай, акаўнтаў супрацоўніцы «Беларусь сегодня» Людмілы Гладкай і іншых прапагандыстаў у Фэйсбуку.
Былі і парламентарыі, і беларускія «зоркі».
«Перадапошняе гучнае выдаленне на Ютубе санкцыйных таварышаў — гэта наша сумесная праца з НАУ. Апошняе выдаленне "пакаянных відэа" і пары акаўнтаў — гэта ўжо Офіс Святланы Ціханоўскай без нас зрабіў», — дадаюць у супольнасці.
Але праца «Стоп Пропаганды» заключаецца не толькі ў тым, каб збіраць спасылкі на прапагандыстаў і заклікаць беларусаў скардзіцца на іх. Напрыклад, яны робяць рассылкі.
«Для "Libereco" [міжнародная праваабарончая ініцыятыва,
якая ў тым ліку заклікае заходнія брэнды адмаўляцца ад рэкламы ў дзяржСМІ. — Заўв. рэд.] робім пастаянны маніторынг рэкламы на "Гебельс-ТБ". Гэта
таксама дае свой плён», — расказваюць суразмоўцы.
Стараюцца прыцягнуць у «Стоп Пропагандзе» да сваёй
дзейнасці больш людзей, для гэтага часам настройваюць і рэкламныя кампаніі, але
прызнаюцца, што ў невялікіх аб'ёмах: увесь час працавалі на асабістыя грошы,
толькі ў апошнія месяцы пачалі збіраць данаты.
Адна з актуальных мэт: паспрабаваць прымусіць тэлеграм
заблакаваць прапагандысцкія каналы, якія публікуюць «пакаяльныя відэа» і асабістыя звесткі беларусаў. Паўплываць на адміністрацыю месенджара, паводле іх
слоў, можна толькі праз Google і Apple. Так, нядаўна карпарацыі запатрабавалі
абмежаваць доступ да двух апазіцыйных каналаў, якія публікуюць звесткі пра
сілавікоў і чыноўнікаў.
«Мы таксама стараемся націснуць па гэтай схеме ўжо
даўно. Пару тыдняў таму перадалі свае напрацоўкі Офісу Ціханоўскай і НАУ, каб
яны афіцыйна звярнуліся да Google і Apple. Пакуль чакаем вынікаў», —
сказалі на заканчэнне ў супольнасці.
Дарэчы, сярод іншага ініцыятыва збірае подпісы пад петыцыяй з заклікам да адміністрацый сацыяльных сетак выдаліць прапагандысцкія рэсурсы.