Аўтар мае права

Семінар па правах... аўтара. У рамках шведска-беларускага стала на тэму «Аўтарскія правы на інтэлектуальную ўласнасць» ці не ўпершыню ў колах беларускай літаратурнай супольнасці абмяркоўвалі той факт, што аўтар — таксама чалавек.



3bcf6eecb2611212e088d0d91f2ade9c.jpg

Семінар па правах... аўтара. У рамках шведска-беларускага стала на тэму «Аўтарскія правы на інтэлектуальную ўласнасць» ці не ўпершыню ў колах беларускай літаратурнай супольнасці абмяркоўвалі той факт, што аўтар — таксама чалавек.
Круглы стол-семінар, які меў месца ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (IBB), ладзіўся ЗБС «Бацькаўшчына», Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Саюзам шведскіх пісьменнікаў. Ініцыятыва такой сустрэчы сыходзіла ад беларускіх літаратараў, якія апошнім часам звяртаюць пільную ўвагу на матэрыяльныя і прававыя аспекты творчасці. У карысным усім бакам абмене вопытам таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі дзяржструктуры — Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. У гэтым матэрыяле — падсумаванне дыскусій па тэме, якая, будзем шчырымі, набалела.
«Пісаць — не сякерай махаць»
У гэтым чамусьці перакананыя прадстаўнікі «нятворчых» прафесій. На выхадзе ў музыкі — песня ці мелодыя, у мастака — палатно, у паэта — верш. Гэтыя творы лёгка чытаць, прыемна слухаць, цікава разглядаць. І чым лепей зроблены твор, тым лепей схаваныя намаганні, якія прыкладае аўтар дзеля нараджэння мастацтва. Магчыма, таму сапраўдных творцаў у грамадстве спрадвеку лічаць маргіналамі, абібокамі і дармаедамі.
У грамадстве індустрыялізацыі і светлай будучыні творчасць не кваліфікавалася працоўнымі слаямі як праца, а інтэлігенцыя была адно «праслойкай». Аднак неўзабаве чалавецтва ўступіла ў кардынальна новую, лічбавую эпоху, дзе шматкроць узрасла вага інфармацыі і іншых інтэлектуальных працэсаў, у тым ліку — крэатыўных. Кошт інфармацыі ў шырокім разуменні гэтага слова павялічыўся, а вось стаўленне да тых, хто яе стварае, прынамсі, у Беларусі, застаўся ранейшым. Нашы чытачы газет, слухачы радыёстанцый і гледачы кіно яшчэ не прызвычаіліся: аўтарам трэба плаціць. Плаціць насуперак таму, што, дзякуючы тэхналогіям, любым аўтарскім прадуктам сёння можна авалодаць абсалютна бясплатна.
«Пірацтва — па-за законам, — адказвае юрыст Торбен Острам, юрыстконсульт Шведскага саюза пісьменнікаў, на пытанне, чаму карыстальнікі на захадзе плацяць за скачванне праграм і электронных кніг у інтэрнэце. — У ЗША і Еўропе людзі не хочуць здзяйсняць нелегальныя ўчынкі. Ім спакайней заплаціць горшы». Але, паводле яго словаў, пірацтва стала магутным ударам па аўтарскім праве. Праваабаронцы свету сёння працуюць на тое, каб падвышаць павагу грамадства да правоў аўтара ў лічбавую эпоху.
Статут каралевы Анны

Годам нараджэння аўтарскага права прынята лічыць 1709-ы, калі Брытанскі парламент прыняў закон, паводле якога аўтар меў неад’емнае права на свой твор на працягу 14 гадоў з моманту стварэння, а ў далейшым мог працягнуць права яшчэ на 14. Калі такога не адбывалася, твор рабіўся здабыткам грамадскасці. Прыняты статут абараняў правы пісьменнікаў. Да таго, прадаўшы рукапіс выдаўцу, тыя страчвалі ўсялякія правы на твор.
З таго часу культура аўтарскага права ў Еўропе і ЗША толькі развівалася. У 1886 годзе была прынятая Бернская канвенцыя, якая дазваляла лягчэй рэгуляваць правы аўтараў на міжнародным узроўні. У ХХ стагоддзі таксама быў прыняты шэраг міжнародных законаў, якія абараняюць пісьменнікаў, мастакоў, музыкаў, фатографаў, майстраў кіно ад дзялкоў кніжнага рынку, медый і шоў-бізнэсу. Нормы аўтарскага права ідуць поруч з нормамі аб вынаходніцтвах ды патэнтах.
У галіне аўтарскага права ды інтэлектуальнай уласнасці Беларусь далучаная да ўсіх асноўных нормаў і канвенцыяў, прынятых у свеце. 51 артыкул Канстытуцыі РБ фармулюе агульныя палажэнні, а непасрэдна правы творцаў рэгулюе «Закон аб аўтарскім праве і сумежных правах». Ён быў прыняты ў 1996 годзе, але сёлета адпраўлены на дапрацоўку ў парламент. Чакаецца, што прыняцце абноўленага закона адбудзецца да канца 2011 года.
Але ўсё гэта на паперы. На справе беларускія аўтары фактычна штодня зазнаюць дыскрымінацыю з боку газетчыкаў, выдаўцоў, прадзюсараў тэле- і радыёканалаў — а цяпер яшчэ і ад уладальнікаў інтэрнэт-сайтаў. Выпадкаў, калі творца знаходзіць свае творы выкарыстанымі без дазволу, — безліч. Але ў адказ на абурэнні ён зазвычай атрымлівае кпіны, пагарду і абвінавачанні ў празе «нажыць грошы і славу на вечным». Калі б на падставе кожнага прэцэдэнту распачыналася адміністратыўная справа, творчая багема заваліла б суды позвамі.
Але да судоў даходзіць рэдка. Аляксей Бічурын — юрыст НЦІУ — ніколі не працаваў з літаратарамі, але што да музыкаў, кажа ён, яны не звяртаюцца ў суд, калі выяўляецца, што выступаць трэба супраць беларускага тэлебачання і радыё. «Яны ж нас больш ніколі не пакажуць!» — пужаюцца гурты і асобныя музыкі. І працягваюць трываць незаконныя ратацыі сваіх трэкаў і кліпаў. Адна з місій НЦІУ — павышаць свядомасць і ціснуць на сумленне тых, хто выкарыстоўвае чужыя творы ў камерцыйных мэтах.
Опера жабракоў
Праблема беларускай непадкаванасці ў пытаннях аўтарскага права і інтэлектуальнай уласнасці — у адносна нядаўняй інтэграцыі з заходнім светам. Як выявілася, значэнне англійскага слова «copyright» тутэйшыя выдаўцы ды прадзюсары зазнавалі на ўласнай скуры. У 1990-я выдавецтва «Мастацкая літаратура» выплаціла вялікія грошы літагентам Станіслава Лема — за беларускі пераклад рамана «Салярыс», апублікаваны без адпаведнага пагаднення з польскім бокам. Тое, што беларусы ўспрымалі як адраджэнне роднага слова, на захадзе кваліфікавалася як эканамічнае злачынства.
У 2005 годзе з рэпертуару Рускага тэатру ў Мінску са скандалам знялі новую пастаноўку «Трохграшовай оперы» Бертольда Брэхта (на беларускіх падмостках — «Опера жабракоў»). Праваўладальнікі — выдавецкі дом «Зюркамп» — адрэагавалі жорстка: прыгразілі спагнаць з тэатра штраф за кожны адыграны спектакль і параілі галоўнаму рэжысёру Барысу Луцэнку не перасякаць мяжу з Еўрасаюзам, інакш ён трапіць пад суд.
Што характэрна, у часы СССР той жа спектакль шмат гадоў з поспехам і без праблем ішоў на той жа сцэне і лічыўся абсалютна культавым. Цяпер усё іначай. Горкі вопыт сяму-таму навучыў беларусаў.
«Дзе грошы?»
Вось пытанне, якое, з рознымі варыяцыямі маюць права задаваць дзеячы беларускай культуры. Бо аўтарскае права паўстала найперш дзеля абароны творцаў у матэрыяльнай сферы.
Два цікавыя моманты. Па-першае, Беларусь упарта не працягвае тэрмін дзеяння аўтарскага права да 70 гадоў, як гэта прынята ў Еўрасаюзе і Расіі. Матывацыя — нежаданне плаціць грошы карпарацыям, паколькі 70 гадоў — камерцыйны тэрмін, выгодны для гандлю класічнымі кнігамі і фільмамі ХХ стагоддзя. Напрыклад, паводле беларускага заканадаўства, у 2007 годзе тэрмін дзеяння аўтарскіх правоў на творы Бертольда Брэхта скончыўся. Гэта значыць, цяпер яго творы можна выдаваць і ставіць на сцэне без дамовы і дазволу тут, але цягам яшчэ 20 гадоў усё адно нельга экспартаваць іх за межы краіны.
Па-другое, паводле прынятага ў 1996 годзе закону, аўтар у любым выпадку павінен атрымаць ганарар за публікацыю. У законе нават прапісвалася мінімальная сума, якая, зрэшты, з таго часу дэвальвавалася да смешнага. У абноўленым законе, аднак, будзе адлюстравана тое, што мае месца на практыцы, — безганарарнае выкарыстанне твораў у друку ці пры запісе. Бо часам аўтар атрымлівае іншыя бонусы ад публікацыі — рэкламу, славу або проста лічыць няправільным браць грошы ў той ці іншай сітуацыі. Гэта, трэба думаць, толькі замацуе практыку, паводле якой літаратары і музыкі ў Беларусі выдаюцца, а мастакі — выстаўляюцца за свой кошт.


Скралі верш — ідзі ў міліцыю
Але можна ўявіць сабе, якія знаўцы мастацтва працуюць у нашых РУУСах, і куды яны пашлюць абкрадзенага аўтара з яго ўсясветнай крыўдай. Пашлюць, зразумела — у НЦІУ — вялікую структуру, правазнаўцы якой спецыялізуюцца менавіта на працэсах вакол плагіяту і іншага незаконнага скарыстання інтэлектуальнай уласнасці.
У сярэднявеччы правобразам аўтарскага права былі прывілеі, якія манархі выдавалі аўтарам на творы літаратуры. Аднак многія навукоўцы ды філосафы лічылі свае трактаты праваднікамі Боскага сэнсу, а таму заяўляць сябе аўтарам такіх твораў, няхай і табой напісаных, лічылі грахом, і прывілеямі амаль не карысталіся. Сённяшняе беларускае стаўленне да права на твор мала адрозніваецца ад старажытнага.
«Асноўная прычына непавагі грамадства да аўтарскага права — у інэртнасці саміх аўтараў», — перакананы Аляксей Бічурын, — аўтары не заяўляюць пра свае правы, не бароняць іх, не ствараюць прэцэдэнтаў, паводле якіх з творцамі ў Беларусі пачалі б лічыцца».
Калі вашае аўтарскае права было груба парушанае выдаўцом, рэдактарам, прадзюсарам або іншымі асобамі, вы можаце звярнуцца па юрыдычную кансультацыю ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ). Адрас: 220034, г. Мінск, вул. Казлова, 20. Часы працы 9:00 — 13:00, 14:00 — 18:00 (апроч выходных). Тэлефон для даведак 2904421. Цэнтр таксама праводзіць адукацыйныя семінары ў галіне аўтарскага права і інтэлектуальнай уласнасці (з выдачай сертыфікату), запісацца на якія можна па тэлефоне 2904411. Вычарпальная інфармацыя — на сайце http://www.belgospatent.org.
-------------------------------------------------------------------------------------------------
Аўтарскае права ў Беларусі і свеце
Сучаснае права абараняе аўтараў ад грамадства і грамадства ад аўтараў.
Аб’ект аўтарскага права — самастойны твор у любой яго форме: рукапіснай, друкаванай, візуальнай ці электроннай. Аўтарскае права пачынае дзейнічаць з моманту стварэння твора. Ніякіх дадатковых дакументаў мець не трэба.
Веснічкі для плагіятараў: прэзумпцыя аўтара. Аўтарам твора прызнаецца асоба, чыім імем твор падпісаны — пакуль не даведзенае адваротнае. Доказамі аўтарства ў судзе з’яўляюцца электронныя файлы з датай, чарнавікі, эскізы, публікацыі, сведчанні родных, якія бачылі творцу за працай. У асабліва важных выпадках юрысты раяць самадэпанаванне. Можна пераслаць рукапіс або здымак у заклееным канверце самому сабе і захоўваць нераскрытым. Тады пра дату стварэння сведчыць паштовы штэмпель.
Аўтар мае немаёмасныя (інтэлектуальныя) і маёмасныя (эканамічныя) правы на створанае. Аўтар мае права распаўсюджваць свой твор праз любыя каналы інфармацыі, публічна яго выконваць, перакладаць і перапрацоўваць. Аўтар мае права на ганарар за кожнае выкарыстанне свайго твора, а таксама права прадставіць твор для выкарыстання іншым асобам бясплатна.
Аўтарскае права не распаўсюджваецца на афіцыйныя дакументы, дзяржаўную сімволіку, творы народнай творчасці, ідэі, працэсы, канцэпцыі, сістэмы, метады, а таксама на інфармацыю.
Для твораў у тэкставай форме: забараняецца выдаваць пераклад замежнага твора ў іншай краіне без дазволу аўтара ці яго прадстаўнікоў або без дамовы з нашчадкамі ці іншымі праваўладальнікамі.
Цытаты без дазволу і ведама аўтара можна скарыстоўваць у крытычных і інфармацыйных артыкулах, у навуковых працах, у эпіграфах — у разумным аб’ёме і паводле правілаў цытавання. Тое самае тычыцца ўрыўкаў музычных і кінематаграфічных твораў, карцін і фотаздымкаў. Спрэчныя моманты цытавання вырашае суд.
Аўтарскае права ў большасці краін свету дзейнічае 70 гадоў пасля смерці аўтара. У Беларусі — 50 гадоў. Пасля гэтага твор робіцца здабыткам грамадства і яго можна свабодна памнажаць, капіраваць на продаж і скарыстоўваць іншым чынам.
Пры выкарыстанні твора выдаўцом / прадзюсарам паміж ім і аўтарам абавязкова павінна быць заключаная пісьмовая дамова, дзе прапісаныя тэрмін выкарыстання, сума ганарару і іншыя ўмовы. Гэта не распаўсюджваецца толькі на перыядычныя выданні, дзе дастаткова вуснай або пісьмовай згоды без афіцыйнага дакумента.

--------------------------------------------------------------

Фота Настассі Міхейчык,budzma.org